Газету “День” адмаўляюцца распаўсюджваць.
Як паведамляе Радыё Свабода, на цяперашні час распаўсюджваць беларускамоўную газэту “День” адмовіліся ўсе арганізацыі, нават зь якімі існавала дамова. Праз гэта выданьне пакуль ня можа трапіць да шырокага чытача. Наклад гэтага—першага нумару быў адбіты ў Смаленску, паколькі беларускія друкарні не згадзіліся друкаваць “День”.
Гарадзенскі абласны “Белсаюздрук” стаўся адзінай арганізацыяй, якая напачатку пагадзілася распаўсюджваць газэту “День”. Аднак, калі наклад даставілі ў экспэдыцыю, газэту там браць адмовіліся. Рэдакцыя зьвярнулася да службовай асобы, якая адказвае за распаўсюд. Галоўны рэдактар Мікола Маркевіч гаворыць:
(Маркевіч: )“Яна наўпрасткі патлумачыла, што кіраўніцтву гарадзенскага “аблсаюздруку” паступіў тэлефонны загад зь міністэрства інфармацыі”.
Калі Маркевіч зьвярнуўся ў міністэрства інфармацыі, там усяляк абвяргалі такое абвінавачаньне. Я пацікавіўся сёньня ў начальніка галоўнага аналітычнага упраўленьня міністэрства інфармацыі Ўладзіміра Матусевіча, як можна расцаніць тое, што ўсе арганізацыі адмаўляюцца распаўсюджваць газэту “День”.
(Матусевіч: ) “Гэта пытаньне двух суб’ектаў гаспадараньня, што яны падпісваюць і што выконваюць. Ёсьць заканадаўства, і сытуацыя павінна вырашацца толькі ў адпаведнасьці з заканадаўствам. Ёсьць ворганы, якім нададзена права вырашаць: што законна, а што незаконна. Гэта крышку ня наша кампэтэнцыя”.
Атрымліваецца, што ніхто не бярэ адказнасьці за тое, што наклад афіцыйна зарэгістраванай газэты ўсе установы, у тым ліку недзяржаўныя, адмаўляюцца распаўсюджваць, нават маючы падпісаную з рэдакцыяй дамову. Сёньня рэдакцыя спрабуе распаўсюджваць у Горадні першы нумар газэты “День” уласнымі сіламі.