Лабковіч: Выбары згубілі свае апошнія атрыбуты выбарчай кампаніі і перайшлі ў стадыю спецаперацыі
ЦВК на сваім пасяджэнні 22 ліпеня абмеркавала пытанне з абмежаваннем колькасці назіральнікаў ва ўчастковых выбарчых камісіях, звязаўшы гэта з пандэміяй каранавіруса.
Як адзначыла сёння старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, пад час датэрміновага галасавання сябры выбаркамаў знаходзяцца ў цесных памяшканнях, а цяпер працягваецца эпідэмія каранавірусу, а за імі назіраюць назіральнікі, якія нібыта «камандуюць, што ім рабіць». У Нямеччыне, расказала яна, прыгразілі забараніць праводзіць выбары, бо памяшканне не адпавядае нормам сацыяльнага дыстанцыянавання.
Што важнае сказала старшыня ЦВК?
Ярмошына прапанавала ў асноўны дзень галасавання, 9 жніўня, паменшыць колькасць назіральнікаў да пяці адначасова і ня больш за 50% ад складу камісіі, падчас датэрміновага галасаваньня, у агуле – не больш за тры адначасова. Прыярытэт будуць мець тыя назіральнікі, хто акрэдытаваўся раней.
Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч заявіў, што выбары згубілі свае апошнія атрыбуты выбарчай кампаніі:
“Сённяшняе рашэнне ЦВК - гэта фактычна поўнае перакрэсліванне ужо апошніх выбарчых працэдур у краіне. Гэта пярэчыць прынцыпу галоснасці, які прадугледжаны арт 13 ВК. Цяпер улады праводзяць выбары са сваімі выбарчымі камісіямі і сваімі назіральнікамі, а пры такой структуры немагчыма наогул казаць ні пра якія стандарты свабодных, справядлівых і дэмакратычных выбараў.
Прыкра, што Ярмошына прыкрываецца інструкцыяй Міністэрства аховы здароўя, быццам бы дбаючы пра здароўе людзей, але ў іншым яна не хітрыць, бо ўсе яны яны баяцца маральнага ціску на сябраў УВК. Цяжка фальсіфікаваць выбары, калі за табой сочаць столькі шмат людзей. Гэта адказ на тую актыўнасць грамадства і жаданне назіраць за выбарамі. Улады баяцца любой грамадскай актыўнасці, і адказваюць на гэта сваімі звыклымі метадамі.
Спачатку ўлады закрылі УВК да 24 ліпеня, не праводзячы працу па акрэдытацыі назіральнікаў, затым праз чорны ўваход напампавалі ўчасткі сваімі фэйкавымі назіральнікамі з праўладных арганізацый, а затым зрабілі фармальнасць у выглядзе сённяшняга рашэння.
Фактычна выбары згубілі свае апошнія атрыбуты выбарчай кампаніі і перайшлі ў стадыю спецаперацыі па захаванню статус-кво ў краіне".