viasna on patreon

Блог Паўла Сапелкі: Нізасць і мярзота

2020 2020-07-15T17:27:33+0300 2021-10-01T15:42:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/cip_okrestina_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
ЦІП на Акрэсціна. Фота: nn.by

ЦІП на Акрэсціна. Фота: nn.by

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка ў сваім блогу "Слова аб праве" ў "Белгазеце" апісвае становішча адміністрацыйна арыштаваных у зняволенні і адказы дзяржорганаў на скаргі праваабаронцы.

Калі звыклая цішыня на палітычным полі змяняецца пратэстным шумам і мітуснёй, улады, нядоўга думаючы "пакуюць" то самых рэзкіх, то ўсіх, хто трапіў пад руку. У якой сценцы будзе рашотка - справа шанцу. Каму пашанцавала менш, тыя цяпер уладкаваныя сярод ступенных пастаяльцаў сталічнага следчага ізалятара, каму больш, тыя трапілі "на суткі": у Мінску - у ЦІП (Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў), у іншых гарадах, а некаторыя і ў сталіцы, праводзяць час у ІЧУ (ізалятар часовага ўтрымання), прызначаным наогул для затрыманых па крымінальных справах.

Каб зрабіць знаходжанне ў мінскім следчым ізалятары і ІЧУ блізкім да жывёльнага - а робіцца гэта, вядома ж, не па аб'ектыўных прычынах (што таксама непрыгожа), а выключна для таго, каб спаскудзіць кожную хвіліну знаходжання "палітычных" у зняволенні - іх спачатку пазбавілі перадач. Патлумачылі гэта эпідэміялагічнымі меркаваннямі: маўляў, закрываць у камеры некалькі чалавек без мінімальнай гарантыі іх віруснай "чысціні" і без сродкаў індывідуальнай абароны - гэта нармальна. Даць ім ежу з вітамінамі, зубную шчотку і ваду - нельга, гэта падарве далікатную эпідэміялагічную бяспеку. Яшчэ іх перамяшалі з неапрацаванымі пры паступленні бяздомнымі. Карацей, нізка і брыдка "патлумачылі" сваё непрыманне іх светапогляду.

Аб гэтых абставінах распавялі актывісты, што вызваліліся з гэтых цудоўных месцаў. Чаму цудоўных? Таму што там дзеюцца цуды: да прыходу любой камісіі або праверкі ўсе недахопы знікаюць. Ну і добра, хто і калі ад гэтых камісій чагосьці сур'ёзнага чакаў? Мы ж разумеем: правяраюць свае сваіх. Можа, ім наогул там усё падабаецца - хто ведае, што ў іх дома дзеецца? І мыюцца яны, можа быць, як у ЦІПе, - ніколі, а ў лепшым выпадку - раз за два тыдні. Вынік - парушэнняў няма. Вошы ёсць, а парушэнняў няма.

Стала мне за гэтых хлопцаў крыўдна. І вырашыў я глянуць у законе, хто ж у нас павінен выкрыць усе гэтыя цуды. Адказ знайшоўся прама ў Правілах унутранага распарадку месцаў адбыцця адміністрацыйнага арышту:

"Пры выяўленні інфекцыйнага захворвання, каросты, педыкулёзу медыцынскі работнік (у выпадку яго адсутнасці ў штаце месца адбыцця адміністрацыйнага арышту - начальнік месца адбыцця адміністрацыйнага арышту або дзяжурны) абавязаны паведаміць пра гэта ў цэнтр гігіены і эпідэміялогіі па месцы знаходжання месца адбыцця адміністрацыйнага арышту і ў далейшым ажыццяўляць адпаведныя мерапрыемствы пад кантролем гэтага цэнтра".

Уяўляеце? Не ў свой ведамасны Рэспубліканскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Дэпартамента фінансаў і тылу МУС, а "грамадзянскім", у раённую санстанцыю (цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, калі правільней). А чаму? Ды таму, што па законе "Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва" органамі і ўстановамі, якія ажыццяўляюць дзяржаўны санітарны нагляд, з'яўляюцца Міністэрства аховы здароўя, дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя", абласныя цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, Мінскі гарадскі, гарадскія, раённыя, занальныя і раённыя ў гарадах цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Ёсць яшчэ нейкія заблытаныя асаблівыя паўнамоцтвы ў дзяржаўнай установы "Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі" Упраўлення справамі прэзідэнта, але гэта не пра "сутачнікаў". А Рэспубліканскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Дэпартамента фінансаў і тылу МУС - гэта проста ведамасная ўстанова, якая захоўвае эпідэміялагічны парадак на даручаных аб'ектах. Як раней казалі - ведамасны кантроль.

А мне ўжо мясцовыя санітары і эпідэміёлагі, растаптаўшы свае абавязкі і не задзейнічаўшы свае магчымасці, адказалі, што адправілі маю скаргу ў МУС.

Потым быў адказ міліцэйскай "санстанцыі" - адмаўляць праблему яны па-мужчынску не сталі, але збянтэжана гэтак указалі: адказу па "па пытанні прадастаўлення звестак пра выпадкі інфекцыйных захворванняў, каросты, педыкулёзу" ў ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама мне даць ніяк нельга, таму што "звесткі пра захворванне ў органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь адносяцца да службовай інфармацыі абмежаванага распаўсюджвання".

Пакінуўшы Дэпартамент фінансаў і тылу разбірацца з педыкулёзам і каростай у органах унутраных спраў, паколькі мяне гэта не вельмі турбуе, з нагоды аднаўлення дзяржаўнага санітарнага нагляду над установамі несвабоды МУС я звярнуўся ў "грамадзянскі" Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя - сітуацыя з адміністрацыйна арыштаванымі і затрыманымі ўсё яшчэ не вырашаная, хоць перадачы туды дазволілі.

Гісторыя гэтая не мае пакуль шчаслівага канца, але вельмі хацелася расказаць пра тое, як насуперак закону цэлая сетка ўстаноў элегантна сышла пад ведамасны кантроль, які не перашкаджае, а можа, і дапамагае тварыць "цуды", а орган дзяржаўнага нагляду адхрысціўся ад дзясяткаў тысяч людзей і іх бяспекі. Вынік - хтосьці з гэтых тысяч людзей утрымліваецца ў бесчалавечных, жорсткіх, прыніжаючых умовах. Сітуацыя павінна быць змененая і вернутая на прававыя рэйкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства