viasna on patreon

Па 10 сутак, штраф і затрыманне. У Мінску і Гродне судзяць актывістаў за акцыі салідарнасці Дапоўнена

2020 2020-07-13T16:21:00+0300 2020-07-13T16:50:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_hrodna13073.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Тыдзень зноў пачынаецца з судоў над актывістамі. Яны праходзяць у Мінску і Гродне.

Гродна

У судзе Ленінскага раёну праходзяць два суды ў дачыненні да грамадскіх актывістаў - судзяць Ежы Грыгенчу (сябра ініцыятыўнай групы Ганны Канапацкай) і Юлію Карначаву (сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай).

sud_hrodna13073.jpg
Ежы Грыгенча перад судом. Фота "Гарадзенскай Вясны"

На абодвух міліцыя склала пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве - на Грыгенчу па ч. 3 арт. 23.34 КаАП (паўторна), на Карначаву – па ч. 1 арт. 23.34.  Актывістаў пераследуюць за ўдзел у “Ланцугу салідарнасці”, што прайшоў у Гародні 19 чэрвеня.

На працэс Грыгенчы прыехала прэтэндэнтка ў кандыдаты на пост прэзідэнта Ганна Канапацкая, прысутнічаюць таксама праваабаронцы і яшчэ шмат людзей. Агулам каля 30 чалавек.

sud_hrodna13074.jpg
Перад судом Ежы Грыгенчы. Фота "Гарадзенскай Вясны"

Судзіць Грыгенчу суддзя Ларыса Барэль. Сведкамі выступаюць міліцыянты Сядач і Панкратаў.

Ежы Грыгенча назваў складзены пратакол "фількінай граматай", на ім няма ніякіх подпісаў, а тэкст увогуле не зразумелы. Грыгенча сказаў, што яго не азнаёмілі з пратаколам, і што ён лічыць яго падробленым. Хадайніцтва аб азнаямленні з матэрыяламі справы суддзя задаволіла, хоць прадстаўнік органу, які вядзе працэс, Максім Кашкевіч быў супраць.

Пасля перапынку Ежы Грыгенча заявіў хадайніцтва, каб адправіць пратакол на экспертызу, паколькі арыгінал і копія пратаколу істотна адрозніваюцца, у пратаколе былі зроблены дапіскі. Прадстаўнік міліцыі супраць, Барэль не задавальняе хадайніцтва. Грыгенча заяўляе яшчэ адно хадайніцтва, каб выдаліць з матэрыялаў справы сумнеўныя матэрыялы, паколькі невядома адкуль узялося відэа сачэння за ім і хто даў такое права на відэаздымку. Суддзя не задаволіла хадайніцтва. Пасля гэтага Грыгенча заявіў, што справа сфабрыкаваная і мае характар палітычнага пераследу. Грыгенча казаў, што ён як давераная асоба кандыдата збіраў подпісы, а яго вінавацяць у незаконным пікеце.

Далей пачаўся допыт сведкаў-міліцыянтаў. Прадстаўнік міліцыі не змог патлумачыць, чаму на многіх дакументах адсутнічаюць подпісы.

Падчас апытання ён называў прыкметы, па якіх ён вызначыў, што было несанкцыянаванае мерапрыемства. Сярод прыкметаў ён назваў “маскі неўстаноўленага абразца”. Калі суддзя перапытала, што гэта такое, той адказаў, што меў на ўвазе маскі з “нейкімі сімваламі ці надпісамі”.

“У Грыгенчы была незвычайная маска, таму можна вызначыць, што ён удзельнік несанкцыянаванага масавага мерапрыемства”, - сказаў сведка.

Другі сведка-міліцыянт паведаміў, што даведаўся пра “Ланцуг салідарнасці” у адным з тэлеграм-чатаў.

У суд выклікалі міліцыянта Налівайку, які складаў пратакол. Ежы Грыгенча запытаўся, чаму на пратаколе няма подпісу. Той адказаў, што верагодна забылі.

Пасля перапынку суддзя абвесціла вынік - 10 сутак арышту. Аднак адбываць іх Грыгенчу не забралі. Такім чынам арышт адкладзены.

Справу Юліі Карначавай разглядаў суддзя Руслан Гурын, вядомы сваімі шматлікімі карнымі пастановамі ў дачыненні да грамадскіх актывістаў.

sud_hrodna13072.jpg
Юлія Карначава ў судзе. Фота "Гарадзенскай Вясны"

Ён выдаліў з судовай залы Мікалая Саляніка, паколькі той не ўстаў, калі Гурын зайшоў у залу. Суддзя выклікаў міліцыянтаў і Саляніка выцягнулі з залы сілай.

sud_hrodna13071.jpg
Фота "Гарадзенскай Вясны"

У выніку Юліі Карначавай прысудзілі 20 базавых велічынь штрафу (540 рублёў).

Дапоўнена: пасля суда быў затрыманы блогер youtube-канала "Ліда для жыцця" Дзяніс Рудзевіч, які прыехаў падтрымаць актывістаў. Ён накіраваўся ў РАУС, каб атрымаць пастанову па сваёй справе, аднак быў затрыманы людзьмі ў цывільным.

Мінск

10 сутак арышту атрымаў Яўген Міхасюк, затрыманы ў пятніцу 10 ліпеня за ўдзел у велапрабегу салідарнасці. Судзілі Міхасюка праз Skype, разглядаў справу суддзя Іван Касцян. Суд прайшоў па сутнасці таемна, бо сябрам Яўгена, якія дзяжурылі пад судом і чакалі пасяджэння, сказалі, што судзіць яго будуць у другой палове дня. 

Такі ж самы арышт (10 сутак) атрымаў мінчук Павел Чабаненка. Яго затрымалі ў суботу 11 ліпеня за "псаванне дзяржаўнай сімволікі" і склалі пратакол па арт. 17.1 КаАП - дробнае хуліганства. Выходныя ён правёў у ізалятары часовага ўтрымання і быў асуджаны праз відэасувязь судом Ленінскага раёна.

Таксама праваабаронцам стала вядома, што ў пятніцу 10 ліпеня ў Першамайскім судзе планаваўся новы суд над актывістам Дзмітрыем Паліенкам, які ў дадзены момант адбывае 15-суткавы арышт. Аднак суд не адбыўся, а матэрыялы адміністрацыйнай справы па арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне міліцыі) былі вернуты на дапрацоўку. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства