viasna on patreon

Праваабаронца: Парушэнне прэзумпцыі невінаватасці сведчыць пра палітычны характар пераследу Віктара Бабарыкі

2020 2020-07-10T14:08:47+0300 2020-07-10T14:47:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich_svaboda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Фота: svaboda.org

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Фота: svaboda.org

Увечары 9 ліпеня на дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі сюжэт, які быў названы "спецрасследаваннем", паведамляе Еўрарадыё. У ім паказалі кадры вочнай стаўкі патэнцыйнага кандыдата на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі і яго былога намесніка ў банку Кірыла Бадзея. Пры гэтым нейкіх слоў ад Бабарыкі не прагучала.

Праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч адзначае, што сюжэт зроблены выключна ў прапагандысцкім ключы і кожныя выбары грамадзянам паказваюць такога кшталту “кіно”.

“Такім жа быў у 2010 годзе фільм “Плошча. Жалезам па шклу”, а ў 2017 годзе мы бачылі сюжэт пра ліст ад фраў А. і “Белы легіён”, у якім дэманстраваліся аўтаматы ў багажніках аўтамабіляў, гранаты. А ў выніку справу спынілі за адсутнасцю склада крымінальнага злачынства”, – кажа праваабаронца.

Валянцін Стэфановіч узгадвае, што гэта не першы выпадак, калі на дзяржаўным тэлебачанні дэманструюцца матэрыялы следства. Бывалі выпадкі, калі паказвалі матэрыялы са следства і следчыя дзеянні, а справа потым у судовым паседжанні разглядалася ў закрытым рэжыме.  

“Мы, праваабаронцы, расцэньваем такія сюжэты, як парушэнне прынцыпаў справядлівага судовага разбіральніцтва ў частцы таго, што прэзумпцыя невінаватасці гарантаваная Канстытуцыяй для ўсіх грамадзянаў Беларусі.

І з аднаго боку, з адвакатаў Віктара Бабарыкі былі ўзятыя падпіскі аб неразгалошванні матэрыялаў следства, і яны не могуць каментаваць ход следства і нейкім чынам адрэагаваць на тое, што было прадэманстравана ў гэтым фільме, а з іншага боку, фактычна праз дзяржаўныя СМІ у абвінаваўчым ключы разгалошваюцца гэтыя самыя матэрыялы следства”, – падкрэслівае юрыст "Вясны".

Валянцін Стэфановіч нагадвае, што парушэнне прынцыпаў справядлівага судовага разбіральніцтва, як раз такі і "сведчыць пра палітычны характар пераследу Віктара Бабарыкі з боку ўладаў і дэманструе іх рэальные матывы, а менавіта – спыненне ягонай публічнай дзейнасці і рэалізацыі права на кіраванне сваёй краінай праз удзел у выбарах".

Нагадаем, Віктар Бабарыка разам з сынам Эдуардам быў затрыманы 18 чэрвеня Дэпартаментам фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, калі накіроўваўся здаваць падпісныя лісты ў выбарчую камісію. У гэты ж дзень Віктар Бабарыка быў змешчаны ў СІЗА КДБ. 

21 чэрвеня Віктару Бабарыку было прад'яўлена абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 243 ("Ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў, што пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры"), ч. 2 арт. 235 ("Легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам, учыненая паўторна, альбо службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, альбо ў асабліва буйным памеры"), а таксама па ч. 2 арт. 431 ("Дача хабару паўторна альбо ў буйным памеры"). 

Віктар Бабарыка "катэгарычна не згодны з прад'яўленым абвінавачваннем", а яго абаронцы настойваюць "на яго поўнай невінаватасці".

Праваабарончай супольнасцю Беларусі Віктар Бабарыка быў прызнаны палізняволеным. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства