Праваабаронцы вылічылі "індэкс забароны катаванняў" для постсавецкіх краін: Беларусь на апошнім месцы
Беларусь набрала адмоўную колькасць балаў і заняла апошняе месца ў "індэксе забароны катаванняў", які разлічылі праваабарончыя НДА для васьмі краін-удзельніц АБСЕ, паведамляе РБК.
Максімальны ўзровень выканання забароны катаванняў паказалі Малдова і Украіна; Расія ў рэйтынгу краін заняла прамежкавае становішча, саступіўшы Кыргызстану, сведчаць дадзеныя індэкса, якія падалі ў фондзе "Грамадскі вердыкт".
Індэкс быў распрацаваны па ініцыятыве працоўнай групы па барацьбе з катаваннямі платформы "Грамадзянская салідарнасць" - гэта кааліцыя, якая аб'ядноўвае каля 100 НКА з рэгіёну АБСЕ. Метадалогію распрацоўвалі "Грамадскі вердыкт" і Асацыяцыя ўкраінскіх манітораў захавання правоў чалавека ў дзейнасці праваахоўных органаў. З расійскіх НКА ў разліках ўдзельнічаў таксама Камітэт супраць катаванняў. |
Малдова набрала ў індэксе 121,26 бала, Украіна — 107,83, Арменія — 93,77. Расея набрала 0,81 бала, і яе апярэдзіў Кыргызстан з 9,45 баламі. У лік краін, якім прысвоілі адмоўныя значэнні, увайшлі Казахстан (-3,04), Таджыкістан (-10,79) і Беларусь (-94,2).
Распрацоўшчыкі індэкса ўлічвалі больш за 60 паказчыкаў, якія адлюстроўваюць тое, як дзяржавы прадухіляюць катаванні і як рэагуюць на іх, распавяла кіраўніца даследчых праграм "Грамадскага вердыкту" Асмік Новікава. Гэта такія паказчыкі, як колькасць заяў, крымінальных спраў і прысудаў аб катаваннях, колькасць рашэнняў міжнародных органаў, якія фіксуюць праблему катаванняў у краіне.
Праваабаронцы ўлічвалі, ці ёсць у нацыянальным Крымінальным кодэксе асобны артыкул аб катаваннях, ці прапісаны ў законе прынцып недапушчальнасці доказаў, атрыманых пад катаваннямі, якія гарантыі прадугледжаны для тых, хто паведаміў аб катаваннях, а таксама для любых затрыманых і падследных. Індэкс таксама адлюстроўвае, ці ратыфікавала краіна міжнародныя прававыя акты, ці ёсць у краіне спецыяльны орган, які расследуе катаванні, і якія ў яго рэсурсы.
Калі гэтыя паказчыкі не выяўляюцца ў абсалютных лічбах (як колькасць крымінальных спраў, колькасць профільных следчых або бюджэты), то ім прысвойваецца пэўная значнасць у залежнасці ад іх важнасці.
"Напрыклад, крыміналізацыя катаванняў як асобнага службовага злачынства — гэта вельмі важны кампанент, і мы яму прысвойваем вагу ў 10 балаў", — патлумачыла Новікава.
Калі таго ці іншага кампанента барацьбы з катаваннямі ў краіне няма або ён неэфектыўны, то вага адпаведнага яму значэння адымаецца з агульнай сумы балаў.
Напрыклад, у лідзіруючай Малдове ёсць прамая заканадаўчая забарона катаванняў, крымінальнае пакаранне за іх, існуе спецбюро пры пракуратуры па расследаванні катаванняў, дзе працуюць 53 следчых, якія распачалі ў мінулым годзе 86 крымінальных спраў. У Расеі і Беларусі няма спецыяльнага складу КК аб катаваннях (часцей за ўсё іх кваліфікуюць як перавышэнне службовых паўнамоцтваў з ужываннем гвалту). Адкрытых дадзеных па працы следства са справамі аб катаваннях няма. Таксама, на думку праваабаронцаў, у Расеі не выконваюцца неабходныя працэсуальныя гарантыі — напрыклад, не працуе норма аб неадкладным паведамленні адвакату адразу пасля фактычнага затрымання чалавека.
"Асноўнае абмежаванне індэкса ў тым, што ў многіх краінах вельмі дрэнная сітуацыя з адкрытымі дадзенымі. Калі б яны былі, то і пазіцыі гэтых краін у рэйтынгу былі б вышэй. Гэта само па сабе кажа пра тое, што такі элементарны крок для барацьбы з катаваннямі, як інфармаванне, краінай не зроблены", — сказала Новікава.
Паводле яе слоў, замеры будуць штогадовымі: "Мы спадзяемся, што індэкс будзе пашырацца і да яго будуць падлучацца іншыя краіны".
"Нам здаецца важным прыцягнуць увагу да праблематыкі катаванняў як службовых асобаў, так і грамадства ў кожнай з краін, якія ўдзельнічалі ў гэтым замеры", — сказала дырэктарка "Грамадскага вердыкту" Наталля Таўбіна.
Паводле яе слоў, у бліжэйшы час праваабаронцы падрыхтуюць па кожнай з васьмі краін больш змястоўныя агляды, а затым ўступяць у перамовы з АБСЕ.
"Наша мэта — каб былі абноўленыя абавязкі, якія прынятыя ў сістэме АБСЕ ў рамках забароны катаванняў, і каб распрацоўваліся больш эфектыўныя механізмы для скарачэння практыкі катаванняў", — патлумачыла Таўбіна.