viasna on patreon

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XXV. ПРАГУЛКА Ў НОВАЙ “ХАЦЕ”

2020 2020-06-30T12:27:55+0300 2020-06-30T21:11:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pragulachny_dvoryk_valadarka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Перад абедам ці адразу пасля абеду нас выводзяць на прагулку. Я хаджу кожны раз, бо гэта адзіная магчымасьць зьмяніць абстаноўку, дзе вочы ўвесь час упіраюцца ў супрацьлеглую сьцяну камеры, ды падыхаць сьвежым паветрам, актыўна парухацца. Прагулка – істотная зьмена ў аднастайным зэкаўскім быцьці.

Мы чуем, як па прадоле шорхаюцца іншыя камеры. Калі зазірнуць у шчыліну пад засаўкай “кармушкі”, дык можна ўбачыць ногі тых, каго выводзяць. Мільгаюць красоўкі, плеценыя лапці, летнія туфлі, гумовыя пантоплі. Урэшце даходзіць і нашая чарга. Адчыняюцца жалезныя дзьверы камеры, нас небагата, і мы хутка выходзім, затым кантралёр адчыняе дзьверы з прадола на лесьвіцу. Мы апынаемся на лесьвічнай пляцоўцы. Ён грукае вялікім ключом па жалезных балясінах парэнчаў. Унізе яму адказваюць гэткім жа звонам. Ён адпускае нас саміх і стаіць, чакае, калі на доле нас прыйме іншы кантралёр. Мы спускаемся ў падвал, невялікі пераход, і мы апынаемся ў лёхах старога корпусу Пішчалаўскага замку: высокае паўкруглае скляпеньне, тут вільготна і цёмна. На бетонным доле стаяць дзьве невялікія калюжыны, капае згары. Цераз іх кінутыя дошкі, сьвецяць толькі электрычныя лямпачкі. Зьлева – пустыя камеры, справа – таксама пару пустых камер і наглуха зачыненыя жалезныя дзьверы, за якімі – расстрэльны калідор. Там чакаюць сваёй долі сьмяротнікі.

Мы ідзем адным за другім, рукі трымаем вольна. У гэтым нашая прывілея. Кантралёры не адважваюцца рабіць Паўлавічу заўвагу. Іншыя камеры ідуць з рукамі закладзенымі назад. Праходзім уздоўж усіх лёхаў. Гэткім жа манерам некалі хадзілі тут паўстанцы 1831-га, затым паўстанцы 1863-га, бацька беларускага тэатру Вінцук Дунін-Марцінкевіч, а сто гадоў таму – нашыя беларускія пісьменьнікі Якуб Колас, Карусь Каганец, Алесь Гарун. Наўрад ці іх змушалі закладаць рукі за сьпіну, але іх дакладна вадзілі гэтымі самымі сьцежкамі. Затым 30-я гады... Мне здаецца гэта ўсё нейкім нерэальным, сюррэалістычным сном. Я думаю, што мабыць ёсьць у гэтым нейкая пякучая беларуская праўда, што ў гэтую хвіліну, гэтым шляхам вядуць і мяне.

Напрыканцы лёхаў мы зварочваем направа і трапляем у сутарэньне замкавай вежы. Угору па колу падымаецца лесьвіца з іржавымі жалезнымі прыступкамі. Стары будынак турмы пусты. Праз расьнічкі на вакне ў нашай камеры бачныя сьцены старога корпуса ў шчылінах, сьцягнутыя шырокімі сталёвымі зялёнымі палосамі, каб не разваліліся. Зь вежы мы трапляем у лабірынт прагулачных дворыкаў. Некаторыя зь іх зусім маленькія, ды яшчэ з калюжынай на асвальтавым доле, так што толькі пастаяць. Пару разоў нас засоўвалі ў такія, як пакараньне, праўда, я так і не зразумеў, за што. Звычайна ж мы ідзем у большыя, дзе можна пахадзіць па коле хуткім крокам, паадціскацца ад лаўкі, убачыць праз сетку над галавой восеньскае цёплае неба.

Прагулачны дворык на Валадарцы. Ілюстрацыйнае фота

Кантралёр запускае нас усярэдзіну і зачыняе драўляныя дзьверы на ключ. Зьверху, над галавой, па пракладзеных сьцежках ходзяць кантралёры, часта дзяўчаты. Мы іх амаль ня бачым, ды і яны голасу не падаюць. З рэпрадуктара грае беларускае радыё, чутна беларуская мова, мабыць Радыё Сталіца.

Восень ў 2011-м стаяла цяплая, амаль не было дажджоў. Напачатку Валодзя, а потым Саня з Воршы, дамаўляюцца з вываднымі і дзяжурным па паверху, каб нам на прагулку далі паболей часу. Саня сам зацікаўлены, заўсёды ходзіць з намі. Мы шпацыруем ня меней гадзіны, а то і па паўтары, былі дні, што і па дзьве. Вяртаемся надыхаўшыся, палагаднелыя, як быццам бы ў госьці да каго схадзілі.

Дворыкі заасфальтаваныя. Часам з-пад асфальту бачная старая прапаленая да густой чырвані цэгла, пакладзеная на рабро. Такая ж ляжыць пад асфальтам перад тэатрам оперы і балету. Сьцены дворыкаў закіданыя растворам і не загладжаныя, усе ў шчылінах і цэментных нарасьцях, мабыць, каб на іх нічога не пісалі. Часам у гэтых шчылінах тырчаць недапалкі цыгарэтаў, запалкі. Куты аж чорныя, запляваныя і засмарканыя, мы да іх і блізка не набліжаемся. Нягледзячы на “шубу”, там-сям можна прачытаць кароткія графіці. Я ўголас чытаю: “Браты цыганы! Далі тры месяцы за канакрадства. Жызьнь хараша! Лола, сука, укаціла на юга”. Сьмяемся.

Тут, у дворыках, можна спакойна паразмаўляць, ня так, як у камеры. Размаўляю я ў асноўным з Паўлавічам. Здаецца, і сакрэтаў у нас вялікіх няма, і не адкрываем мы адзін перад адным душу наросхрыст, занадта мы розныя людзі, але ўсё роўна. Тут можам і пра Валодзю пагаварыць, пра ягонае сяброўства з “кумам”, і нейкія асабістыя трывогі і ўспаміны прыгадаць, якія не хацелася, каб хтосьці пачуў і выкарыстаў супраць цябе, і пра нягеглую эканамічную палітыку Лукі, якая прывяла да імклівай дэвальвацыі рубля.

Мне-та асабліва і хаваць няма чаго. Гісторыя з рахункамі і падаткамі прагрымела ўжо паўсюль. Пазіцыя мая простая, як дзьве капейкі. На рэдкіх сустрэчах са сьледчай я адмаўляюся даваць якія-небудзь паказаньні. Часам пасьміхаюся і маўчу. Усё, што неабходна будзе сказаць у сваю абарону, скажу на судзе. Мяне ўжо прызналі палітычным зьняволеным, у СІЗА ідуць дзясяткі лістоў падтрымкі. З такім заплеччам сядзець значна прасьцей і лячэй. Усе мае сукамернікі ў горшай сітуацыі. У кожнага свая бяда, свая ўяўная ці сапраўдная правіна. Кожны зь іх застаўся зь ёю сам на сам. У лепшым выпадку іх падтрымліваюць сям’я ды рэдкія сябры. Псіхалагічна ўсе яны прыгнечаныя, як падчас доўгай хваробы. І кожны спадзяецца на цуд, што ўдасца неяк выблытацца з гэтых жахаў, што ўсё гэта скончыцца калі ня апраўданьнем, дык хаця б невялікім тэрмінам. Але лёс літасьцівы да нямногіх.

Толькі тут, у прагулачным дворыку, я магу сказаць Паўлавічу хоць пару трывожных слоў пра сына, пра якога ён вычытаў у Саўбелцы і ў камеры паказаў мне гэты артыкульчык: “Адам Бяляцкі – гэта твой сын? Яго міліцыя затрымала”. Валодзя насьцярожана зірнуў, а я прамаўчаў, сьцяўшы вусны, хаця ў мяне сьціснула сярэдзіну. Толькі гэтага “шчасьця” яшчэ не хапала маёй жонцы.

З пачатку 2011 года ў Беларусі даражала аўтамабільнае паліва, і аўтааматары ад гарачых абмеркаваньняў і пратэстаў у сацыяльных сетках і на сайтах перайшлі да актыўных дзеяньняў – пачалі блакаваць рух на праспекце Незалежнасьці. У загадзя дамоўлены час машыны ледзь цягнуліся, ці ўвогуле спыняліся, уключыўшы аварыйны сігнал. У чэрвені была адная з найбольш эфектыўных акцыяў, калі ад кіроўцаў-“сімулянтаў” праспект проста ўстаў. У ёй удзельнічаў і Адам на нашым “Сітраэне”, прыгнаным зь Літвы яшчэ да падаражаньня мыта на машыны. У мяне правоў не было, дык езьдзіў ён.

Чарговая акцыя пратэсту кіроўцаў была 23 жніўня. ДАІ і міліцыя падрыхтаваліся. Праезд на праспект быў перакрыты. Але ўсё ж некаторым кіроўцам удалося выехаць на праспект ды ізноў застрайкаваць. Для Адама ўсё скончылася ня так памысна, як раней. Даішнікі рукамі адкацілі машыну, якая стаяла з уключанай аварыйкай, затрымалі Адама і завезьлі ў Цэнтральны РУУС. Там яго пратрымалі ўсю ноч, а назаўтра асудзілі – далі штраф 10 мінімалак за “хуліганства”. Машыну забраў эвакуатар і адцягнуў на штрафстаянку.

Яшчэ добра, што ўсё скончылася штрафам, і міліцыянты па ўказцы гэбэшнікаў ня зладзілі якую-небудзь правакацыю. Я быў спакойны за сябе, але ж родныя, іхні лёс – заўсёды адчувальнае месца зьняволенага. Зшантажаваць мяне наўрад ці атрымалася б, але папсаваць нервы – яшчэ як.

У нас ужо былі такія выпадкі. Былы прэм’ер-міністр Міхаіл Чыгір у 1999 годзе ўдзельнічаў у альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбарах, быў адным з самых важкіх супернікаў Лукі. Перад выбарамі быў арыштаваны і прасядзеў дзесяць месяцаў тут, на Валадарцы, затым быў выпушчаны пад падпіску. Паралельна сьпецслужбы, выглядае, капалі пад ягоных сыноў. Старэйшы мусіў зьехаць у Нямеччыну, бо ў час знайшоў у багажніку сваёй машыны скрынку з патронамі. Малодшаму Аляксандру пашанцавала меньш: напачатку 2001 года затрымалі, бо займаўся аўтабізнэсам, абвінавацілі яго і ягоных кампаньёнаў у продажы дэталяў крадзеных машынаў, год пратрымалі ў СІЗА і асудзілі на сем гадоў калоніі з канфіскацыяй.

У 2000 годзе падчас працэсу над Міхаілам Чыгіром, ягоную жонку ды іншых людзей не пускалі ў суд. Была штурханіна, падчас якой Юля Чыгір, якой міліцыянты заламалі руку, баронячыся, укусіла аднаго зь іх. У выніку, і яе асудзілі: далі два гады з адтэрміноўкай за “супраціў супрацоўніку міліцыі”. Гэтых усіх “прыгодаў” для сям’і хапіла, каб Міхаіл Чыгір назаўсёды быў выбіты з актыўнай палітыкі.

Калі Лука бачыць у некім небясьпеку, дык жорстка б’е пад дых. Я, вядома, не такі “страшны”, як калісьці быў Чыгір, ці зараз былыя кандыдаты ў прэзідэнты – Мікола Статкевіч, Андрэй Саньнікаў, якіх ужо разьвезьлі па зонах: аднаго ў Магілёў, а другога ў Наваполацак. Але, хто ж ведае гэтую нечысьць. Так думаў я ў тыя доўгія хвіліны спакойных прагулак па турэмным дворыку. Значна прасьцей у турме адказваць толькі за самога сябе.

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XXIV. ПАЎЛАВІЧ-2. МІСЯ

Пра сваю крымінальную справу Паўлавіч распавядаў асьцярожна. Вінаватым ён сябе не прызнаваў. Справа датычылася пакупкі абсталяваньня на вайсковыя аэрадромы для больш бясьпечнай пасадкі і ўзьлёту самалётаў. Генерала абвінавачвалі ў тым, што ён атрымаў хабар за закупку абсталяваньня з завода ў Чэлябінску праз свайго сябру.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства