Патрабуем спыніць пераслед журналістаў! Сумесная заява БАЖ і рэдакцый медыя
ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" і рэдакцыі медыя патрабуюць спыніць пераслед журналістаў і абмежаванні свабоды выказвання.
Сумесная заява
На працягу ўсяго двух дзён — 19 і 20 чэрвеня — у Беларусі былі затрыманыя падчас выканання прафесійных абавязкаў як мінімум 14 журналістаў.
Прычым большасць з затрыманых мелі пасведчанні журналістаў, як таго патрабуе заканадаўства аб СМІ, і гатовыя былі прад'явіць іх па патрабаванні, а таксама былі вельмі прыкметна абазначаныя як супрацоўнікі СМІ адпаведнымі камізэлькамі і бэйджамі.
Некаторыя з затрыманых журналістаў, у прыватнасці Аляксандр Пазняк і Сяргей Багроў у Ганцавічах, былі збітыя падчас затрымання. Прычым напады (складана падабраць іншае слова) супрацоўнікаў міліцыі на журналістаў часцяком адбываліся ў прамым эфіры, і парушэнні правоў журналістаў былі відавочнымі.
Звяртаем увагу, што арт. 34 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі" замацоўвае права журналіста ў сувязі з ажыццяўленнем прафесійных абавязкаў прысутнічаць на масавых мерапрыемствах, у месцах іншых грамадска важных падзей і перадаваць адтуль інфармацыю (п. 2.2.). Журналісты трымаліся патрабаванняў заканадаўства — у адрозненне ад супрацоўнікаў сілавых структур, якія груба парушылі іх правы.
Гэтыя падзеі сталі квінтэсенцыяй абмежавання права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі і свабоды выказвання меркавання, замацаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
У апошні час журналісты і СМІ пастаянна сутыкаюцца з адмовамі ў магчымасці прысутнічаць на пасяджэннях дзяржаўных органаў, у даванні афіцыйнай інфармацыі па значных для грамадства пытаннях (пандэмія COVID-19, выбары), падвяргаюцца пераследу ў выглядзе штрафаў і пагроз з боку дзяржаўных органаў (у тым ліку пагрозы пазбавіць СМІ і журналістаў акрэдытацыі), затрыманням.
Патрабуем ад кампетэнтных дзяржаўных органаў:
- строга выконваць арт. 33 і 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якія гарантуюць свабоду выказвання меркавання, права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі і забарону цэнзуры;
- спыніць пераслед журналістаў недзяржаўных СМІ, фрылансераў і журналістаў замежных СМІ за выкананне імі сваіх прафесійных абавязкаў;
- роўнага стаўлення ў частцы акрэдытацыі, даванні інфармацыі і строгага выканання арт. 13 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які гарантуе ўсім роўныя правы і роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцяў і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці;
- спыніць сегрэгацыю СМІ пры забеспячэнні права на доступ і распаўсюд інфармацыі на дзяржаўныя і недзяржаўныя, пажаданыя і непажаданыя, зручныя і нязручныя, што прадугледжана арт. 13, 33, 34 Канстытуцыі;
- спыніць перашкоду законнай прафесійнай дзейнасці журналістаў.
Патрабуем даць прававую адзнаку дзеянням прадстаўнікоў сілавых структур пры затрыманні журналістаў і перашкодзе іх дзейнасці; прыцягнуць вінаватых да адказнасці на падставе арт. 198 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за перашкоду ў якой бы там ні было форме законнай прафесійнай дзейнасці журналіста альбо прымус яго да распаўсюду ці адмове ад распаўсюду інфармацыі, здзейсненыя з ужываннем гвалту ці з пагрозай яго ўжывання, знішчэннем ці пашкоджаннем маёмасці, ушчамленнем правоў і законных інтарэсаў журналіста.
На дадзены момант да заявы далучыліся:
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”
Інфармацыйнае агенцтва БелаПАН
«Радыё Свабода»
Беларускі партал TUT.BY
«Народная Воля»
«Интернет-журнал о Минске CityDog.by»
«Новы Час»
«Наша Ніва»
«Комсомольская правда» в Беларуси»
«Рэгіянальная газета»
«Салiдарнасць» (gazetaby.com)
«Белорусский партизан»
Hrodna.life
«Брестская газета»
«Еўрапейскае радыё для Беларусі»
«БелГазета»
REFORM.by
By.tribuna.com
Onliner.by
Flagshtok.info
Тэлеканал «Белсат»
dev.by
“Медиа-Полесье”
Асацыяцыя выдаўцоў рэгіянальнай прэсы "Аб'яднаныя масмедыі"
“Барысаўскія Навіны”
“Ганцавіцкі Час”
“Узгорак”
“Інфа-Кур'ер”
“Інтэкс-прэс”
“ex-press.by”
“Вольнае Глыбокае”
“Вячэрні Бабруйск”
“Наша Слова”
“Інформ-Прагулка”
“Газета Слонімская”
“Бабруйскі Кур'ер”
«Сильные новости»
Haroshak.by
Znyata.com
Беларускае грамадскае аб'яднанне фатографаў
«Прэсбол»
Прэс-клуб Беларусь