Дзесяць сутак арышту – за сарваны дзяржаўны сцяг
У пятніцу, 19 чэрвеня, суд Віцебскага раёну на падставе ч.1 арт 17 КаАП (дробнае хуліганства) пакараў віцебчука Аляксандра Дуброўскіх адміністрацыйным арыштам на 10 сутак. Мужчына прызнаны вінаватым у тым, што з хуліганскіх намераў сарваў дзяржаўны сцяг на пароме ў пасёлку Сураж Віцебскага раёну.
Па інфармацыі “Віцебскай Вясны”, адміністрацыйную справу Аляксандра Дуброўскіх разглядаў у анлайн-рэжыме суддзя Міхаіл Зубеня. Сам абвінавачаны пасля затрымання быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ), дзе і знаходзіўся падчас суду.
Паводле пратаколу, 3 чэрвеня паьля 23.00 у г.п. Сураж на пароме праз Дзвіну паромшчыкі Іваноўскі і Вінаградаў сталі сведкамі таго, як невядомы ў капюшоне сарваў дзяржаўны сьцяг РБ, прымацаваны на даху бытоўкі. Пра здарэнне паромшчыкі паведамілі ў праваахоўныя органы. Як адзначана ў пратаколе са словаў сведкаў, «белая частка сьцяга засталася на дрэўку, а чырвоную і зялёную неапазнаны мужчына кінуў побач». Пасля гэтага знік. Ніякіх здзеклівых дзеянняў са сцягам не чыніў.
У выніку пошукавых дзеянняў міліцыянты выйшлі на віцебскага актывіста і блогера Аляксандра Дуброўскіх. Ад тлумачэння матываў свайго ўчынку мужчына адмовіўся. Дуброўскіх быў затрыманы і 18 чэрвеня быў змешчаны ў ІЧУ.
Падчас судовага працэсу апыталі сведку – матарыста парому Іваноўскага, які апазнаў у Аляксандры Дуброўскіх таго незнаёмца, які сарваў дзяржаўны сьцяг. Іваноўскі патлумачыў, што на пытанне паромшчыкаў, навошта было зрываць сьцяг, Дуброўскіх адказаў:
«Гэты сцяг тут ня мусіць вісець. Тут мусіць вісець іншы сьцяг – бел-чырвона-белы! Сцяг свабоды!»
Суддзя палічыў даказанай віну Аляксандра Дуброўскіх і пакараў актывіста адміністрацыйным арыштам на 10 сутак.