viasna on patreon

На актывістку з інваліднасцю са Слаўгарада міліцыя склала пратакол за экстрэмізм

2020 2020-06-19T12:44:22+0300 2020-06-19T12:44:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/milicia_slav.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Каля 11 гадзін раніцы ў дом да Анжалікі Калатазішвілі без папярэджання наляцелі супрацоўнікі Слаўгарадскага РАУС. Жанчына перастала выходзіць на сувязь.

Пазней праваабаронца «Магілёўскай вясны» Аляксандр Буракоў высвятліў, што на Калатазішвілі склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Нагодай стаў фільм NEXTA «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы», які актывістка размясціла ў сябе ў стужцы «Аднакласнікаў» у кастрычніку 2019 года.

Раней міліцыя ўжо апытвала жанчыну з нагоды гэтага відэа, але пратакол не складала.

Міліцыя «наехала» на актывістку ў Слаўгарадзе з-за рэпосту фільма NEXTA пра Лукашэнку

Актывістка са Слаўгарада Анжаліка Калатазішвілі ўвечары 11 чэрвеня паведаміла MSPRING.ONLINE, што да яе заявіліся супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў.

Калатазішвілі адзначыла, што яна выдаліла відэа пасля першага візіту супрацоўнікаў РАУС. Нягледзячы на ​​гэта, 19 чэрвеня сілавікі распачалі ў дачыненні да жанчыны адміністрацыйны працэс.

Міліцыю цікавіла, навошта жанчына размясціла ў сваёй стужцы гэты фільм і ці глядзеў яго хто-небудзь з яе сяброў.

Калатазішвілі, у сваю чаргу, сваёй віны не прызнала, пра што зрабіла пазнаку ў пратаколе. Па яе словах, калі яна размясціла гэты фільм у сваім акаўнце, ён яшчэ не быў унесены ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў Рэспублікі Беларусь (ён быў даданы туды толькі праз два месяцы).

Працэс апытання супрацоўнікі РАУС з невядомай нагоды фіксавалі на камеру. Таксама яны паспрабавалі забраць у Калатазішвілі яе ноўтбук, але ў іх не было ніякіх дакументаў, якія б дазволілі гэта зрабіць.

З-за дзеянняў міліцыянтаў у жанчыны падняўся ціск.

Варта адзначыць, што ў Анжалікі вялікія праблемы са здароўем. У 2014 годзе яна атрымала інваліднасць праз памылку лекараў, якія доўгі час не маглі правільна дыягнаставаць яе захворванне і выдалілі ёй здаровыя органы. Пасля жанчына неаднаразова звярталася ў праваахоўныя органы і розныя інстанцыі з патрабаваннямі прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Сутыкнуўшыся з бязмежжам, Калатазішвілі стала паслядоўна крытыкаваць мясцовыя і рэспубліканскія ўлады. Яна публікавала ў сваіх сацсетках інфармацыю аб праблемах у ЖКГ, міліцэйскіх памылках, паведамленні аб успышках COVID-19 у райцэнтры.

Міліцэйскі пераслед яна расцэньвае як спробу ціску за сваю грамадзянскую пазіцыю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства