Сілавікі прыйшлі ў кватэру да спартыўнага журналіста «Белсата» Аляксандра Пуцілы
Да спартыўнага аглядальніка тэлеканалу «Белсат» Аляксандра Пуцілы прыйшлі сілавікі. Аб гэтым паведаміў яго сын Сцяпан Святлоў (блогер Nexta), піша TUT.BY.
Як піша «Белсат», Аляксандра выклікалі сёння ў міліцыю ў Жодзіне, каб "узяць тлумачэнні". З Жодзіна журналіста павезлі ў Мінск для "агляду" яго кватэры.
Пуціла паспеў распавесці калегам па тэлефоне, што "людзі ў цывільным праводзяць праверку ў кватэры", ён таксама паведаміў, што яму забараняюць размаўляць. Прадстаўнікі якой з сілавых структур займаюцца яго справай, журналіст не ўдакладніў.
Яго калегі не выключаюць, што падставай для выкліку ў міліцыю і наступнай «праверкі» стаў пост у Facebook, у якім журналіст пракаментаваў канфлікт у Жодзіне з нядопускам на стадыён.
Прыкладна ў 23.00 сілавікі пакінулі кватэру журналіста, яны забралі ноўтбук і мабільны тэлефон журналіста.
Аляксандра не пусцілі на матч чэмпіянату Беларусі па футболе паміж "Тарпеда-БелАЗам" і брэсцкім "Дынама" ў мінулыя выходныя. Па словах Пуцілы, такое з ім здарылася ўпершыню за 30 гадоў дзейнасці ў спартыўнай журналістыцы. У той вечар, як сцвярджае Аляксандр, начальнік Жодзінскага ГАУС сказаў, што журналістам "Белсата" забаронена ажыццяўляць дзейнасць на тэрыторыі Беларусі, негледзячы на акрэдытацыю, якую яму выдала федэрацыя футбола.
16 чэрвеня АБФФ выступіла з афіцыйным тлумачэннем. Высветлілася, што імі быў праведзены аналіз парадку акрэдытацыі ТБ і радыё, па выніках якога "было ўстаноўлена, што мелі месца выпадкі акрэдытацыі замежных СМІ, якія не маюць акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Тым самым не выконвалася патрабаванне пункта 3 артыкула 35 Закона Рэспублікі Беларусь Аб сродках масавай інфармацыі"".
У сувязі з гэтым АБФФ было прынята рашэнне не працягваць супрацоўніцтва з журналістамі тэлеканала "Белсат" у частцы асвятлення ўсіх турніраў пад эгідай арганізацыі.