viasna on patreon

"Арышт выбарчага фонду з'яўляецца адвольным выкарыстаннем карнага інструментарыя"

2020 2020-06-18T18:32:47+0300 2020-06-18T18:32:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/groshy-2019.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота: naviny.by

Ілюстрацыйнае фота: naviny.by

15 чэрвеня стала вядома аб накладанні арышту на расходаванне грошай з рахунку, на якім захоўваюцца сродкі выбарчага фонду Віктара Бабарыка, што вылучаецца кандыдатам у прэзідэнты.

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка прааналізаваў палажэнні і нормы заканадаўства на прадмет таго, у якіх выпадках можа быць арыштаваны выбарчы фонд, якія павінны быць для гэтай падставы і якія наступствы могуць быць для асобы, якая вылучаецца кандыдатам ці зарэгістравана такім. 

Так, артыкул 48-1 Выбарчага кодэкса прадугледжвае, што асоба, якая вылучаецца кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, для аплаты выдаткаў і паслуг, звязаных са зборам подпісаў выбаршчыкаў, у тым ліку для аплаты працы членаў ініцыятыўнай групы грамадзянаў па вылучэнні кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, мае права стварыць уласны выбарчы фонд і выкарыстоўваць сродкі гэтага фонду. Больш падрабязна парадак выкарыстання фонду замацаваны Пастановай ЦВК ад 8 траўня 2020 г. №23 "Аб зацвярджэнні Палажэння аб выбарчым фондзе асобы, якая вылучаецца кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь пры правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе".

Згодна з Пастановай, агульная сума ўсіх выдаткаў са сродкаў выбарчага фонду асобы, якая вылучаецца кандыдатам у прэзідэнты, у перыяд яго вылучэння, а таксама ў перыяд перадвыбарнай агітацыі ў выпадку рэгістрацыі яго кандыдатам у Прэзідэнты не можа перавышаць 9000 базавых велічынь, г.зн. 243 000 беларускіх рублёў.

Пры гэтым грашовыя сродкі выбарчага фонду маюць мэтавае прызначэнне і могуць выкарыстоўвацца на аплату выдаткаў, звязаных са зборам подпісаў выбаршчыкаў, у тым ліку на аплату:

  • працы членаў ініцыятыўнай групы;
  • арэнды будынкаў і памяшканняў, абсталявання, транспартных выдаткаў, паслуг сувязі;
  • кансультацыйных работ (паслуг);
  • канцылярскіх тавараў;
  • дадатковага вырабу бланкаў падпісных лістоў;
  • іншых выдаткаў, звязаных са зборам подпісаў выбаршчыкаў.

У выпадку рэгістрацыі вылучаемага кандыдатам у Прэзідэнты ў якасці кандыдата, ён працягвае выкарыстанне свайго выбарчага фонду.

Грашовыя сродкі выбарчага фонду зарэгістраванага кандыдата таксама маюць мэтавае прызначэнне і могуць выкарыстоўвацца на аплату выдаткаў, непасрэдна звязаных з правядзеннем перадвыбарнай агітацыі, у тым ліку на аплату:

  • арэнды будынкаў і памяшканняў, абсталявання, транспартных выдаткаў, паслуг сувязі;
  • вырабу агітацыйных друкаваных матэрыялаў, эфірнага часу і месца для публікацыі ў сродках масавай інфармацыі і на інфармацыйных рэсурсах, размешчаных у глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт;
  • кансультацыйных і агітацыйных работ і паслуг;
  • канцылярскіх тавараў і іншых выдаткаў, звязаных з перадвыбарнай агітацыяй.

Такім чынам, накладанне арышту на расходныя аперацыі па рахунку, дзе захоўваюцца сродкі выбарчага фонду, азначае поўную немагчымасць ажыццяўлення выдаткаў як мінімум:

  • на аплату выдаткаў і паслуг, звязаных са зборам подпісаў выбаршчыкаў, у тым ліку для аплаты працы членаў ініцыятыўнай групы грамадзянаў па вылучэнні кандыдата ў прэзідэнты (арт. 48-1 ВК)
  • на арэнду будынкаў і памяшканняў для правядзення сустрэч з выбаршчыкамі (арт. 45);
  • на выраб агітацыйных друкаваных матэрыялаў (плакатаў, улётак і іншых матэрыялаў) (арт. 45);
  • за прадастаўленне эфірнага часу ў тэлевізійным, радыёвяшчальным сродку масавай інфармацыі, месца для публікацыі ў друкаваных сродках масавай інфармацыі, сеткавых выданнях і на інтэрнэт-рэсурсах для правядзення перадвыбарнай агітацыі (Палажэння аб парадку выкарыстання сродкаў масавай інфармацыі пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе, зацверджана Пастановай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў 4 чэрвеня 2020 г. № 86).

Кошт парушэння гэтых забаронаў – адмова ў рэгістрацыі або адмена рашэння аб рэгістрацыі кандыдата.

Кандыдат мае права адкрыць толькі адзін спецыяльны выбарчы рахунак. Таму адкрыць новы рахунак замест "замарожанага" у прэтэндэнта ці кандыдата не атрымаецца.

"Што тычыцца самога рашэння аб арышце рахунку – яно прымаецца на падставе Крымінальна-працэсуальнага кодэкса. А вось у Выбарчым кодэксе такой магчымасці не згадана, як і не ўрэгулявана працэдура і наступствы такога рашэння. Варта заўважыць, дарэчы, што пасіўнага выбарчага права – права быць абраным, грамадзянін не пазбаўляецца, нават будучы змешчаным пад варту", – падкрэслівае праваабаронца.

Выбарчы фонд прэтэндэнта ў кандыдаты і кандыдата можа складацца як з яго ўласных сродкаў, так і ўключаць сродкі, пералічаныя іншымі фізічнымі і юрыдычнымі асобамі. І ўжо таму прымяненне нормаў КПК да выбарчых інстытутаў і праваадносінаў не будзе юрыдычна бездакорным.

Па КПК, накладанне арышту на маёмасць можа прымяняцца ў мэтах забеспячэння "парадку папярэдняга расследавання і судовага разбору крымінальнай справы, належнага выканання прысуду" да падазраванага або абвінавачанага. Яшчэ арышт на маёмасць падазраванага, абвінавачанага ці асобаў, якія нясуць па законе матэрыяльную адказнасць за іх дзеянні можа быць накладзены "у мэтах забеспячэння пакрыцця ўрону (шкоды), прычыненага злачынствам, спагнання даходу, атрыманага злачынным шляхам, грамадзянскага пазову, іншых маёмасных спагнанняў, спецыяльнай канфіскацыі". Пад маёмасцю тут разумеюцца любыя рэчы, уключаючы ў тым ліку безнаяўныя грашовыя сродкі, якія знаходзяцца на рахунках у банках.

Аднак на момант прымянення такіх мераў у дачыненні да выбарчага фонду патэнцыйнага кандыдата Віктара Бабарыка, той не быў падазраваным ці абвінавачаным (хоць аб вынясенні пастановы аб прызнанні яго падазраваным у дзень, калі стала вядома аб арышце рахунку, В. Бабарыка мог і не ведаць).

Павел Сапелка ўпэўнены, важней іншае: у выбарчага фонду асобы, якая вылучаная кандыдатам у прэзідэнты, асобны прававы статус, вызначаны выбарчым заканадаўствам. Таму разглядаць такі фонд як маёмасць або грашовыя сродкі падазраванага – неправамерна. З перадачай нават уласных сродкаў у фонд прэтэндэнт або кандыдат губляе права свабоднага распараджэння гэтымі грашыма, бо яны выдаткоўваюцца строга на пэўныя законам мэты. Тым больш, нельга лічыць маёмасцю прэтэндэнта (кандыдата) фонд, дзе яго ўласныя грошы "змяшаліся" з узносамі іншых суб'ектаў.

Акрамя гэтых магчымасцяў, КПК прадугледжвае яшчэ адну: органам крымінальнага пераследу з санкцыі пракурора можа быць накладзены арышт на час папярэдняга расследавання і судовага разбору на маёмасць, якая знаходзіцца ва ўласнасці іншых асобаў, для праверкі яго фактычнай прыналежнасці, крыніцаў паходжання і законнасці адчужэння. Аднак прычынай такога арышту з'яўляюцца "дастатковыя падставы меркаваць, што гэта маёмасць была адчужаная падазраваным, абвінавачаным у мэтах утойвання прыналежнасці або крыніцаў паходжання такой маёмасці альбо для фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці, тэрарызму, экстрэмісцкай дзейнасці (экстрэмізму), арганізаванай групы, незаконнага ўзброенага фармавання, злачыннай арганізацыі, распаўсюджвання або фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння".

Гэта значыць, з улікам ранейшых заўвагаў адносна працэсуальнага статусу прэтэндэнта ў кандыдаты Віктара Бабарыка, а таксама заўвагаў адносна магчымасцяў разглядаць сродкі фонду ў якасці ўласных сродкаў якой-небудзь асобы, такое рашэнне павінна быць сур'ёзным чынам матываванае.

"Такім чынам, любая схема накладання арышту на рахунак, дзе захоўваюцца грошы выбарчага фонду, хутчэй за ўсё, з'яўляецца адвольным выкарыстаннем карнага інструментарыя праваахоўных органаў, якое кардынальна абцяжарыць дзейнасць прэтэндэнта і кандыдата і рэальна абмяжуе яго магчымасці", – заключае Павел Сапелка.

Віктар Бабарыка затрыманы. Адвакатаў да яго і да яго сына не пускаюць

Вылучэнец у кандыдаты на пасаду прэзідэнта Віктар Бабарыка і кіраўнік ягонага штаба Эдуард Бабарыка раніцай 18 чэрвеня перасталі выходзіць на сувязь, паведамілі ў штабе Бабарыка.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства