viasna on patreon

Чаму вязні Акрэсціна не могуць паскардзіцца на ўмовы ўтрымання?

2020 2020-06-17T18:47:01+0300 2020-06-17T18:47:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/akrescina-cip.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Актывісты, якія адбылі адміністрацыйныя арышты ў мінскім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, збіраюцца скардзіцца на парушэнні сваіх правоў падчас адбыцця пакарання, у тым ліку на катаванні і знявагі, якія яны зазналі на Акрэсціна, піша "Радыё Свабода".

Актывісты, якія сядзелі "на сутках" на Акрэсціна, кажуць аб жорсткіх умовах, ціску і пагрозах

За апошнія дні з'явілася вялікая колькасць паведамленняў актывістаў, якія адбывалі адміністрацыйны арышт у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на Акрэсціна, аб сур'ёзных парушэннях, фізічным і псіхалагічным уздзеянні. TUT.BY паразмаўляў з некаторымі з тых, хто ўжо вызваліўся, пра ўмовы ўтрымання, а таксама даведаўся меркаванне праваабаронцаў і МУС.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» раіць накіроўваць такія скаргі на адрас Мінскай пракуратуры як органа нагляду за законнасцю, а таксама ў Мінгарвыканкам, дзе мусяць кантраляваць дзеянні гарадской міліцыі.

«Як выйдзеце на волю, скардзіцеся колькі хочаце, але не тут»

«Забіраюць паперы і пісьмовыя прылады, менавіта каб людзі не пісалі скаргаў», — мяркуе маладафронтавец Дзяніс Урбановіч.

Нядаўна ён выйшаў з ЦІП на Акрэсціна пасля адбыцця арышту і згадвае, што там у яго адабралі ўсе асабістыя рэчы, у тым ліку дазволеныя. Паводле Дзяніса Урбановіча, гэтак жа абыходзяцца цяпер у ізалятары з палітычнымі арыштантамі: Паўлам Севярынцам, Мікалаем Статкевічам, Максімам Вінярскім, Вольгай Мікалайчык ды іншымі актывістамі.

Ён згадвае, як ахоўнікі вязніцы абышліся з актывістам «Еўрапейскай Беларусі» Максімам Вінярскім, калі ён папрасіў выдаць аркуш паперы і асадку, каб напісаць скаргу.

«Чуў ягоны голас з камеры, як ён гэтага дамагаўся, а ў адказ пасыпаліся знявагі і пагрозы. Пасля гэтага Максіма на палову дня вывелі ў дворык і паставілі на расцяжку. Актывістка з „Краіны для жыцьця“ таксама прасіла паперу і асадку для скаргі, тое самае — адмовілі. Сказалі, як выйдзеце на волю, скардзіцеся колькі хочаце, але не тут», — згадаў Дзяніс Урбановіч. 

Паводле старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, ахоўнікі і прадстаўнікі адміністрацыі ўстановы, дзе адбываюць пакаранне адміністрацыйна арыштаваныя, абавязаныя на просьбу арыштантаў даваць тым рэчы, якія патрэбныя, каб пісаць і падаваць скаргі. Праваабаронца спаслаўся на Правілы ўнутранага распарадку месцаў адбывання адміністрацыйнага арышту, якія былі зацверджаныя пастановай МУС № 313 у кастрычніку 2015 году.

«Адкрываем 43 пункт гэтых Правілаў і чытаем: „Для напісаньня хадайніцтваў, прапаноў, заяваў і скаргаў адміністрацыйна арыштаваным на іх просьбу выдаюцца пісьмовыя прылады і папера“. То бок тут прадугледжана, што ў чалавека можа ня быць з сабой паперы і асадкі для напісаньня скаргі, дык яго мусяць забясьпечыць. Але, аказваецца, калі ўсё гэта ёсьць у арыштаванага, усё роўна ягонае права на скаргу можа быць парушана@.

Праваабаронца ведае шмат прыкладаў, калі ў арыштанта наўмысна адбіралі пісьмовыя прылады.

«Мы ведаем выпадак з Паўлам Севярынцам: папера і асадка ў яго былі, але іх адабралі ахоўнікі. Дык вось гэта таксама парушэньне гэтых Правілаў, бо імі зацьверджаны сьпіс прадметаў і рэчаў, якія дазволена мець арыштанту. Бачу ў пераліку дазволеных прадметаў „паперу для пісьма, асадку і стрыжні да ёй, аловак, канвэрты, паштовыя маркі“. То бок гэтыя рэчы ў Севярынца забралі незаконна і незаконна, як Максіму Вінярскаму, не выдаюць на патрабаванне», — мяркуе Алесь Бяляцкі.

"Мэтанакіраванае пагаршэнне ўмоваў зняволеных"

Алесь Бяляцкі спаслаўся на 71-ы пункт Правілаў унутранага распарадку месцаў адбывання адміністрацыйнага арышту, паводле якога начальнік альбо дзяжурны штодня абавязаны абысці ўсе камеры і карцэры і прыняць пісьмовыя і нават вусныя скаргі арыштантаў.

«Не бачу прыкмет, каб і гэта выконвалася. Прычым варта адзначыць, што шмат такіх абмежаванняў з'явіліся менавіта цяпер, яшчэ ў мінулым годзе іх на Акрэсціна не было, і мы бачым у гэтым мэтанакіраванае пагаршэнне ўмоваў зняволеных», — сказаў кіраўнік «Вясны» Алесь Бяляцкі.

16 чэрвеня, камэнтуючы меркаваныя парушэнні правоў адміністрацыйна арыштаваных у ЦІП на Акрэсціна, кіраўніца прэсавай службы МУС Вольга Чамаданава сказала, што яны не атрымлівалі скаргаў ад адміністрацыйна арыштаваных, ды запэўніла, што сітуацыя ў ЦІП рэгулярна правяраецца.

«Парушэнняў з боку тых, хто там працуе, не выяўлена. Ёсць унутраныя правілы, якія мусяць выконваць затрыманыя, якіх утрымліваюць у ЦІП, і ўсё робіцца ў межах гэтых правілаў», — сказала Вольга Чамаданава.

Свабода запытала ў актывіста Дзяніса Урбановіча, ці дзейнічае ў ЦІП па Акрэсціна правіла аб штодзённым абыходзе камер начальнікам установы або дзяжурным і ці збіраюцца падчас такіх абходаў скаргі?

«За 15 дзён майго арышту начальніка ЦІП на абходзе дакладна ніводнага разу не бачыў», — адказаў Дзяніс Урбановіч. Паводле яго, ранішнія абходы камэр нагадваюць брутальныя вобшукі, якія тут завуць «шмонам».

«Заходзяць у камеру некалькі ахоўнікаў, усіх падымаюць і ставяць да сцяны, абшукваюць асабістыя рэчы, „трасуць“ ложкі. Ніводнага разу ніхто не пытаўся пра скаргі ці прапановы», — сцвярджае актывіст.

Атрымаць каментар ад мінскага Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў не ўдалося. Тэлефон дзяжурнага другі дзень не адказвае.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства