viasna on patreon

Аркадзя Жызнеўскага з Маладзечна аштрафавалі Відэа

2020 2020-06-14T14:11:26+0300 2020-06-14T14:17:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zhizneuski_maladechno.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аркадзь Жызнеўскі. Скрыншот з відэа

Аркадзь Жызнеўскі. Скрыншот з відэа

Прычынай адміністрацыйнай справы стала выступленнне Аркадзя Жызнеўскага ў стрыме блогера Сяргея Ціханоўскага, які адбыўся вечарам 15 красавіка. Суд адбыўся ў Маладзечне 11 чэрвеня, паведамляе Рэгіянальная газета.

Калі Ціханоўскі падышоў да маладзечанца з мікрафонам, Жызнеўскі паскардзіўся, што ў горадзе няма класаў з беларускамоўным навучаннем.

"Раней я быў абыякавы, як ёсць так ёсць. Я, як бачыце, размаўляю па-беларуску, хацеў дзяцей аддаць, каб таксама вучыліся. Ці то загаду няма, ці як павінна адбывацца, што калі бацькі аддаюць дзіця ў першы клас, у іх пыталіся, на якой мове хочаце, каб вучылася дзіця. Мы самі ставімся да сваёй культуры, сваёй мовы так, нібыта не беларусы", - сказаў мужчына.

Гэтыя дзеянні суд кваліфікаваў як правапарушэнне, прадугледжанае ч. 1 арт. 23.34 КАаП – "Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў".

Суд пастанавіў, што Жызнеўскі парушыў правілы пікетавання, а менавіта – прымаў актыўны ўдзел у сумеснай масавай прысутнасці грамадзянаў у загаддзя вызначаным грамадскім месцы без адпаведнага дазволу Маладзечанскага райвыканкама.

Паводле пастановы суда, падчас мерапрыемства маладзечанец публічна абмяркоўваў умовы жыцця і стаўлення да дзейснай улады.

На паседжанні абвінавачаны віну прызнаў. Суд наклаў на Аркадзя Жызнеўскага адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафа ў памеры 30 базавых велічынь (810 рублёў).

Мужчына лічыць прысуд несправядлівым, а на мерапрыемстве ён выказваў уласную думку. На пытанне, чаму прызнаў віну, патлумачыў, што не кожны дзень ходзіць у суд, і лічыў, што згаджаецца з пратаколам.

Аркадзю Жызнеўскаму 34 гады, жанаты, мае на ўтрыманні дваіх дзяцей, працуе кіроўцам. Маладзечанец расказаў, што звяртаўся ў аддзел адукацыі, каб атрымаць магчымасць аддаць дачку ў беларускамоўны клас. Яму адказалі, што іншыя бацькі не хочаць беларускай мовы ў адукацыі дзяцей, прапанавалі аддаць дзіця ў вясковую школу.

Жызнеўскі лічыць, што пры паступленні дзіцяці ў школу ў яго бацькоў павінны пытацца, на якой мове яны хацелі б, каб дзіця атрымала адукацыю.

У працэсе ўдзельнічаў у якасці назіральніка ад Беларускага хельсінскага камітэта праваабаронца Эдуард Баланчук, які лічыць прысуд несправядлівым.

"Па Канстытуцыі кожны грамадзянін мае права на мірныя сходы і свабоду выказвання меркавання, збор і распаўсюд інфармацыі. Тое, што існуе Кодэкс, які супярэчыць Канстытуцыі – не праблема суддзі. Канстытуцыя – галоўны закон краіны. Таму суддзя мусіла абапірацца на яго. Так як ў нас па законе прынцып падзелу ўлады, і судовая не адказвае за недасканаласць заканадаўчай. Чаму грамадзянін не можа выказаць меркаванне аб уладзе, прадпрыемтвах і іншых пытаннях? А калі сказаў нешта крамольнае, то няхай заводзяць справу за паклёп і палічаць, ці ёсць беларускамоўныя класы ў Маладзечне.

Я лічу, што гэта расправа над людзьмі, якія скарысталіся сваім канстытуцыйным правам", – падсумаваў праваабаронца.

Што тычыцца прызнання віны, то, па словах Баланчука, гэта павінна змякчаць віну. У такім выпадку суд можа спаганаць мінімальны штраф. Па артыкуле, па якім асудзілі Жызнеўскага, прадугледжаныя наступныя варыянты пакарання: папярэджанне, штраф да 30 базавых, адміністрацыйны арышт.

Аркадзь Жызнеўскі будзе падаваць скаргу на прысуд у Мінскі абласны суд.

Урывак з выступленнем Аркадзя Жызнеўскага падчас стрыма Сяргея Ціханоўскага 15 красавіка ў Маладзечне.

Аркадзя Жызнеўскага з Маладзечна аштрафавалі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства