viasna on patreon

"Саюз беларускіх пісьменнікаў": Гэта неабгрунтаваныя рэпрэсіі ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнага пратэсту

2020 2020-06-11T14:05:09+0300 2020-06-11T14:05:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sayz_pismennikau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Рада "Саюза беларускіх пісьменнікаў" прыняла заяву ў сувязі з пагаршэннем сітуацыі са свабодай слова ў Беларусі. Яны гэта звязваюць з чарговымі кадравымі перастаноўкамі ў беларускім урадзе. Як мяркуюць незалежныя эксперты, наступствам гэтага можа стаць пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Гэта знайшло пацвярджэнне ўжо ў першых выказваннях новапрызначаных чыноўнікаў, піша прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".

"Дзеянні па "абмежаванні насельніцтва ад інфармацыі, якая наносіць шкоду дзяржаве" ужо знайшлі свой працяг у затрыманні і пакаранні адміністратыўным арыштам незалежных журналістаў і відэаблогераў, якія здымалі сюжэты пра пачатак прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі. Такім чынам, праца Міністэрства інфармацыі па “разбурэнні лічбавага шуму” цесна спалучаная з працай Міністэрства ўнутраных спраў па выкараненні прадстаўнікоў незалежных СМІ і блогераў з удзелу ў асвятленні перадвыбарчага працэсу. Прымяняюцца і правакацыйныя дзеянні з мэтай прыцягнення найбольш актыўных блогераў да крымінальнай адказнасці і абвастрэння абстаноўкі", – гаворыцца ў заяве.

Рада ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” лічыць такія дзеянні грубым парушэннем свабоды выказвання і самавыяўлення ў Беларусі, чарговым наступам на вольнае слова. Арышты грамадзян, якія імкнуцца данесці праўдзівую інфармацыю нашаму народу, а таксама пагрозы адключэння і ліквідацыі незалежных каналаў камунікацыі з’яўляюцца яскравым сведчаннем парушэння гарантаваных Канстытуцыяй правоў і неабгрунтаваных рэпрэсій у дачыненні да ўдзельнікаў мірнага пратэсту. Сябры Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў заклікаюць беларускія ўлады спыніць парушэнне Канстытуцыі, пераслед прадстаўнікоў незалежных СМІ, журналістаў, відэаблогераў і ўсіх грамадзян, якія адкрыта і шчыра выказваюцца пра сітуацыю ў краіне. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства