Меркаванне эксперта: Заканадаўства і практыка не дадуць рэалізаваць задуманыя ААН змены на карысць зняволеных
З гэтага года ААН у Беларусі працуе з грамадскімі наглядальнымі камісіямі па пытаннях павышэння кваліфікацыі, паляпшэння практычных аспектаў візітаў у месцы пазбаўлення волі, рэагавання на скаргі асуджаных. Аб гэтым паведамляецца на афіцыйнай старонцы арганізацыі ў Фэйсбуку.
У канцы траўня каманда ААН у Беларусі правяла серыю тэарэтычных і практычных анлайн-сесій з членамі Рэспубліканскай, абласных і Мінскай гарадской грамадскіх наглядальных камісій. Вынікам дадзеных абмеркаванняў стануць прапановы па павышэнню эфектыўнасці грамадскага кантролю за месцамі пазбаўлення волі ў Беларусі.
ААН у Беларусі лічыць, грамадскі кантроль – важны механізм захавання правоў асуджаных, мэтамі якога з'яўляюцца: абарона правоў зняволеных і іх сем'яў; грамадская ацэнка дзейнасці праваахоўных органаў і інфармаванне грамадства аб стане спраў у месцах прымусовага ўтрымання; забеспячэнне празрыстасці і адкрытасці дзейнасці праваахоўных органаў.
На думку экспэрта ў пытаннях пенітэнцыярнай сістэмы ПЦ "Вясна" Паўла Сапелкі, прадстаўніцтва ААН у Беларусі вызначыла, безумоўна, вельмі важную і актуальную тэму для супрацоўніцтва з дзяржавай. Суб'ектамі такога супрацоўніцтва з беларускага боку стануць назіральныя камісіі пры мясцовых выканаўчых органах і грамадскія назіральныя камісіі пры абласных упраўленнях юстыцыі. Праграма супрацоўніцтва называе абодва віды камісій органамі грамадскага кантролю, і гэта вельмі аптымістычна.
Павел Сапелка адзначае:
"Грамадскія назіральныя камісіі наша, ПЦ "Вясна", праграма маніторынгу закрытых устаноў ужо не раз рабіла аб'ектам даследавання, і вынікі былі, мякка скажам, несуцяшальныя: грамадскі кантроль, як ён рэалізаваны ў рамках дзейнасці ГНК, у Беларусі адсутнічае. Тыя нешматлікія выключэнні, калі праваабаронцаў уключаюць у склад ГНК (а гэта два-тры выпадкі за апошнія некалькі гадоў), і яны спрабуюць ажывіць сістэму, сітуацыю практычна не мяняюць".
На пытанне, ці з'яўляюцца назіральныя камісіі пры органах выканаўчай ўлады больш уплывовымі органамі, эксперт ПЦ "Вясна" адказвае:
"У нейкай ступені – так. Чаго варта толькі іх права ўзгадняць пераводы зняволеных у папраўчыя ўстановы іншага віду і рэжыму, удзельнічаць пры разглядзе пытання аб умоўна-датэрміновым вызваленні і замене пакарання на больш мяккае і нават звяртацца ў суд з заявай аб змякчэнні пакарання (праўда, толькі ў выпадку змякчэння закона) і нават хадайнічаць сумесна з адміністрацыяй папраўчай установы аб памілаванні асуджаных".
Што ж тады не так?
"А тое, што камісіі – ніякі не орган грамадскага кантролю, а проста вінцік пенітэнцыярнай сістэмы, кропка сутыкнення ДВП і выканаўчай вертыкалі на месцах, якія складаюцца не з прадстаўнікоў грамадскасці, а "утвараюцца ў складзе старшыні (намесніка старшыні выканаўчага камітэта або кіраўніка адміністрацыі), намесніка старшыні, сакратара і 4-8 членаў камісіі з ліку работнікаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, дэпутатаў адпаведных саветаў, прадстаўнікоў прафесійных саюзаў і іншых арганізацый"; у склад назіральнай камісіі не могуць уваходзіць работнікі органаў унутраных спраў, пракуратуры, судоў, а таксама адвакаты", – падкрэслівае Павел Сапелка.
На думку эксперта, і задачы ў наглядальных камісій адпаведныя: з аднаго боку – назіранне за дзейнасцю органаў, якія выконваюць пакаранне, ЛПП, парадкам і ўмовамі адбыцця асуджанымі пакарання, прымяненнем да іх сродкаў прафілактычнага ўздзеяння, выяўленне парушэнняў і садзейнічанне ў іх ліквідацыі; а з другога – аказанне дапамогі органам, выконваючым пакаранне, у арганізацыі папраўчага працэсу ў дачыненні да асуджаных.
"Мабыць, адзінай натуральнай задачай, з якой гэтыя камісіі могуць рэальна спраўляцца, з'яўляецца аказанне дапамогі органам, які выконвае пакаранне, у арганізацыі і рэадаптацыі зняволеных, а мясцовым выканаўчым і распарадчым органам – у забеспячэнні рэсацыялізацыі асобаў, вызваленых з месцаў пазбаўлення волі, або грамадзянаў, якія спынілі знаходжанне ў лячэбна–працоўных прафілакторыях", – кажа Павел Сапелка.
Склад наглядальных камісій на сайтах адпаведных выканкамаў можна знайсці нячаста, але выбарачны аналіз дае дакладнае ўяўленне аб ступені "грамадскасці" гэтага органа: у Свіслацкім райвыканкаме сем членаў назіральнай камісіі, з якіх пяць – кіраўнікі структур выканкама, адзін прадстаўнік дзяржаўнай установы і адзін прадстаўнік прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. У Навагрудскай НК з дзевяці членаў – адзін дэпутат, адзін прадстаўнік грамадскіх арганізацый, чатыры прадстаўніка выканкама і тры – дзяржустаноў.
У Заводскім раёне Мінска з 11 членаў камісіі – шэсць прадстаўнікоў адміністрацыі раёна, па адным прадстаўніку ад ГА БРСМ і "Белая Русь", адзін дэпутат і два супрацоўнікі дзяржустановы. У Партызанскім раёне сталіцы ў НК з 10 членаў – адзін дэпутат, адзін прадстаўнік прафсаюзаў, астатнія – прадстаўнікі адміністрацыі раёна і дзяржустаноў.
"Узначальваюць камісіі, у адпаведнасці з Палажэннем аб наглядальных камісія, намеснікі выканкама (адміністрацыі) раёна. А яны – людзі вельмі занятыя, як правіла.
Вось, напрыклад, намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкама, які кіруе дзейнасцю назіральнай камісіі, што курыруе ПК-13 асаблівага рэжыму, адначасова, акрамя выканання сваіх асноўных службовых абавязкаў, кіруе камісіяй па справах непаўналетніх, камісіяй па супрацьдзеянні карупцыі, раённым грамадскім пунктам аховы правапарадку і яшчэ васьмю падобнымі структурамі.
Таму, вядома, праца Прадстаўніцтва ААН з членамі камісій – і грамадскіх, і «неграмадскіх» – можа прынесці карысць. Члены камісій атрымаюць, калі захочуць, вядома, вельмі важныя веды. Бяда толькі ў тым, што заканадаўства і практыка не дадуць прымяніць гэтыя веды і рэалізаваць задуманыя ААН змены на карысць зняволеных, у мэтах рэальнага незалежнага кантролю іх становішча, а калоніі і ЛПП так і застануцца непразрыстымі, закрытымі ва ўсіх сэнсах установамі",– заключае эксперт.
Месцы несвабоды ў Беларусі ў 2018-2019 гадах. Маніторынгавая справаздача