viasna on patreon

У ААН зарэгістраваная скарга праваабаронцаў. Улады забаранялі ім пратэставаць

2020 2020-06-05T12:10:11+0300 2020-06-05T12:10:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudalenko_strizhfr_dw.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як паведамляе "Гомельская вясна", 5 чэрвеня група па петыцыях Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека зарэгістравала (№3760/2020) і накіравала беларускаму ўраду сумесную скаргу праваабаронцаў Андрэя Стрыжака і Леаніда Судаленкі. 

Леанід Судаленка і Андрэй Стрыжак. Фота: dw.com
Леанід Судаленка і Андрэй Стрыжак. Фота: dw.com

Цяпер беларускаму ўраду трэба знайсці адказ на пытанне, чаму для асоб, якія раней прыцягваліся за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, на заканадаўчым узроўні ўстаноўлена табу на правядзенне новых мірных сходаў, а таксама, чаму ў адным і тым жа месцы забараняецца правядзенне некалькіх мерапрыемстваў.  

"Паважаны Стрыжак. Інфармуем, што ваша сумеснае з Л. Судаленка індывідуальнае паведамленне, датаванае 20 снежня 2018 года, зарэгістравана ў Камітэце ААН па правах чалавека пад №3760/2020. Просім спасылацца на гэты нумар у будучай перапісцы. Усю наступную карэспандэнцыю па гэтым паведамленні просім весці праз групу па петыцыях Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека па эл. адрасе: petitions@ohchr.org", - гаворыцца ў атрыманым з Жэневы паведамленні.

Нагадаем, у 2018 годзе праваабаронцы пратэставалі супраць крымінальнага пераследу лідараў незалежнага прафзвязу РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка. У першым выпадку чыноўнікі забаранілі масавае мерапрыемства, бо ў 2017 годзе падчас дармаедскіх акцый абодва праваабаронцы прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у пратэстных акцыях, у другім яны атрымалі забарону таму што, у месцы меркаванага правядзення пратэсту ўлада арганізавала выставу малюнкаў дзяцей.   

Вычарпаўшы ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны, праваабаронцы пачалі стратэгічную цяжбу, накіраваную на змяненне як нацыянальнага дыскрымінацыйнага заканадаўства аб мірных сходах, так і практыкі яго прымянення.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства