viasna on patreon

Блог Паўла Сапелкі: Класік у фарбе

2020 2020-06-03T14:37:26+0300 2020-06-03T14:37:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/puskin_ruki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У чарговым выпуску блога "Слова аб праве" ў "Белгазеце" юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка аналізуе ход крымінальнай справы Філіпа Шаўрова, ацэнку яго дзеянняў некаторымі журналістамі і пазіцыю праваабаронцаў.

19 траўня айчыннай Фемідзе задалі нескладаную задачу: за дзень удалося разгледзець крымінальную справу аб расфарбаваных руках рускага класіка. Вынік амаль здавальняючы: штраф, які некаторыя атрымліваюць проста за тое, што паўдзельнічалі ў несанкцыянаванай дэманстрацыі, - 50 базавых велічынь, 1350 рублёў.

Так што палітвязня не стала. Не стала, наогул, яшчэ да суда: за пару тыдняў да пасяджэння Піліпа Шаўрова, прызнанага праваабарончай супольнасцю палітвязнем, вызвалілі з СІЗА. Вось так проста ўзялі і вызвалілі. У лютым, калі ён сам з'явіўся ў міліцыю і распавёў пра свае тры заслугі: чырвоныя рукі Пушкіна, выява нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга на помніку загінулым міліцыянтам, надпіс "1937" на плоце Водаканала - ніякіх іншых варыянтаў, акрамя СІЗА, следчы з пракурорам на пару (а, не, там яшчэ відавочна нехта ў прыняцці рашэння ўдзельнічаў, думаю) не знайшлі. З усяго пераліку абгрунтаванняў такому рашэнню з горам напалову можна было за вушы прыцягнуць толькі мэту забяспечыць яўку ў суд: і злачынства не цяжкае, і расследаваць там няма чаго - вось вам рукі Пушкіна, "сцяг" на камені, вось вам лічбы на брудным бетоне, вось прызнанне аўтара.

Праваабаронцы тады, дачакаўшыся канчатковага абвінавачвання, адрэагавалі хутка і прызналі актывіста палітвязнем: ну нельга пазбаўляць волі за тое, што чалавек выказвае сваё меркаванне, няхай нават экстравагантна. Для паўнаты карціны адрэцэнзавалі працу Следчага - пастанову аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага - і паставілі "незадавальняюча". Смешна, далібог, раздзімаць некалькі пшыкаў балончыкамі да здольнасці да бясчынства, "жадання зняважыць і падавіць іншага чалавека, здзекавацца над яго інтарэсамі або інтарэсамі грамадства" - гэта з пастановы, а наогул яна гнятліва доўгая і перагружаная выдумкамі.

Пасля такога нечаканага для ўладаў павароту сюжэту нейкія праваахоўнікі, якія мелі доступ у СІЗА да зняволенага "мастака", аддалі ў адзін салідны "Выдавецкі дом" запіс размовы з ім, маладым і нястрыманым у ацэнках, гаваркім і ўсмешлівым. І гэты самы Выдавецкі дом, па даўняй традыцыі ўсіх "зліўных бачкоў", прыхаваўшы аўтара пад нікам "Аддзел журналісцкіх расследаванняў", выкаціў, трэба разумець, аператыўны матэрыял на ўсеагульны агляд. Дарэчы, бюджэтныя грошы, атрымліваецца, пайшлі не толькі на ўтрыманне гэтага «Выдавецкага дома» з яго сайтам, але і на заробкі рэжысёра, аператара, мантажора і вядучага гэтага шоў, каб павесяліць нешматлікіх чытачоў сайта гэтага самага "дома". Ну, павесялілі, напэўна, шоу выйшла займальнае і пазнавальнае. Будучыя суразмоўцы гэтых самых аўтараў відэашэрагу будуць ведаць, да чаго прыводзіць грэбаванне каштоўным правілам аб тым, каму "веры няма".

Адно незразумела: гэтыя "рэжысёры" сур'ёзна разлічвалі, што праваабарончыя ацэнкі дзеянняў Шаўрова зменяцца сінхронна з ацэнкай яго як асобы? Не здарылася і ніколі не здарыцца. У сваіх ацэнках мы заўсёды зыходзілі з прынцыпаў праваабароны і звяралі сваю пазіцыю з рознымі стандартамі і дакументамі, а ў іх нідзе не гаворыцца, што свае правы і свабоды маюць права ажыццяўляць толькі высокамаральныя, цікавыя і адукаваныя людзі. Правы чалавека ўніверсальныя, гэта азначае, што яны - для кожнага. І наадварот, здараецца так, што цалкам прыемныя людзі здзяйсняюць ўчынкі, якія могуць камусьці вельмі падабацца (амапаўцу па шыі з'ездзіць, да прыкладу), але не ўхваляюцца з пазіцыі правоў чалавека.

Хоць, хтосьці - ці то "аддзел журналісцкіх расследаванняў", ці то рэжысёр-мантажор, настойлівых спроб павярнуць нас на слізкую дарожку сумневаў не пакідаў да апошняга. Разумеючы, што фарба - гэта не тое, што можна асудзіць нароўні з гвалтам, у сваіх фантазіях ён (яна ці яны) помнікі запэцкалі чымсьці яшчэ. Помнікі, маўляў "запэцканыя фарбай і не толькі, асабліва блюзнерска абвінавачаны абышоўся з мемарыялам загінулым міліцыянтам". Блюзнерска - гэта як? Ну не пра бел-чырвона-белы сцяг жа яны, там некаторыя з загінулых пад ім прысягу прымалі і на какардах разам з "Пагоняй" насілі, калі што. І дзе гэта "блюзнерска абышліся" дзелася ў судзе і прысудзе? Прапала, трэба разумець, было і сплыло. Ці затрымалася дзесьці - ці не ў "Выдавецкім доме"?

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства