Рэаліі магілёўскага ІЧУ: сабачы холад, кіпень – толькі ў фантазіях
Журналіст і праваабаронца "Магілёўскай вясны" Аляксандр Буракоў, які адбыў 10 сутак у магілёўскім ІЧУ, падаў скаргу на ўмовы ўтрымання. Нават пасля рамонту гэтую ўстанову можна прыраўняць да камеры катаванняў, піша mspring.online.
Тэрмін у 10 сутак журналіст і праваабаронца Аляксандр Буракоў адбываў у трох розных камерах ізалятара часовага ўтрымання – яны знаходзяцца на трэцім і другім паверхах будынка. Ва ўсіх камерах, адзначае ён, усталяваны вокны ПВХ. Але жах сітуацыі ў тым, што змантаваныя яны з грубымі парушэннямі правілаў – створкі па-варварску прышрубаваны да рамы шрубамі-самарэзамі.
У вокнах спрэс адсутнічае фурнітура: замест аконных ручак зеўраюць скразныя дзіркі, праз якія круглы год дзьме вецер, няма запорных механізмаў і эксцэнтрыкаў, якія служаць для герметычнага прыціскання створкі да аконнай раме. Гэта значыць, ніякай мадэрнізацыі будынка на самай справе не праведзена. Такое ПВХ акно, у выніку, горш драўлянага.
А між тым, у студзені 2019 года, адзначае Буракоў, намеснік начальніка УУС Уладзімір Рыжанкоў ў адказ на заяву аб прывядзенні ўмоў утрымання ў магілёўскім ІЧУ ў адпаведнасць з Мінімальнымі стандартнымі правіламі ААН паведаміў праваабаронцам, што ў 2008 годзе была распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя па правядзенні капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй будынка і памяшканняў магілёўскага ІЧУ. Капітальны рамонт быў скончаны ў 2016 годзе. Гэта значыць, доўжыўся ён восем гадоў, а ў выніку ўсе арыштаваныя скардзяцца на страшны холад у камерах.
Вось так праваабаронца апісвае знаходжанне ў ІЧУ:
"Тэмпературны рэжым груба парушаны і не адпавядае дзеючым у краіне Санітарным нормам і правілам. Мне даводзілася кругласутачна знаходзіцца ў камеры ў зімовай куртцы, а каб заснуць я накрываўся матрацам. Умовы ўтрымання ў ІЧУ можна назваць катаваннем холадам".
Сітуацыя пагаршаецца яшчэ і тым, што ў арыштаваных няма магчымасці нават прыгатаваць гарбату, хоць такое права прапісана законам. Правілы ўнутранага распарадку (ПУР) ізалятараў часовага ўтрымання тэрытарыяльных органаў унутраных спраў прадугледжваюць магчымасць перадачы арыштаваным кіпяцільніка. Але вось скарыстацца ім немагчыма – у камерах ІЧУ няма электраразетак.
Больш за тое, адзначае Аляксандр Буракоў, пункты 58 і 60 ПВР прадугледжваюць абсталяванне камер ІЧУ тэлевізарам і халадзільнікам альбо перадачу іх для ўстаноўкі і выкарыстання ў камерах. Але зноў-такі, адсутнасць разетак аўтаматычна ставіць крыж на гэтым праве.
З Правіламі ўнутранага распарадку можна азнаёміцца тут.
"Усё гэта можна лічыць цынічным здзекам. Яшчэ на этапе праекта ў ІЧУ вырашылі не ўсталёўваць разеткі, каб стварыць патавую сітуацыю – правы ў грамадзян ёсць, а скарыстацца імі тэхнічна немагчыма. Рамонт скончыўся ўсяго чатыры гады таму, ІЧУ павінен быць, як новенькі. А на самай справе там нават падлогі гніюць у камеры на трэцім паверсе", – кажа Буракоў.
Зараз гэтай установай павінен заняцца Камітэт дзяржкантролю. Дзяржаўныя сродкі, якія прызначаліся на капітальны рамонт з мадэрнізацыяй будынка ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама, былі выдаткаваныя не па прызначэнні. У выніку рамонту вонкава камеры ІЧУ сталі выглядаць лепш, аднак тэхніка-эканамічныя паказчыкі не палепшыліся, павышэння спажывецкіх якасцяў не здарылася, у некаторых камерах яны нават сталі горш – так пазначана ў скарзе праваабаронцы.