viasna on patreon

У Брэсце судзяць праваабаронцу Рамана Кісляка. Суды прайшлі і ў Мінску з Лідай Дапоўнена

2020 2020-05-26T11:35:51+0300 2020-05-26T17:14:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/2020-05-26_kisliak_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Чарговае судовае паседжанне над праваабаронцам Раманам Кісляком распачалося ў судзе Ленінскага раёна горада Брэста сёння, 26 траўня.

Раман Кісляк падчас судовага паседжання. Фота: Уладзімір Вялічкін
Раман Кісляк падчас судовага паседжання. Фота: Уладзімір Вялічкін

Суд над Раманам Кісляком распачынаўся яшчэ 12 траўня, але тады паседжанне перанеслі, бо праваабаронца хадайнічаў аб адвакаце, а таксама аб прадастаўленні часу для знаёмства з матэрыяламі справы. Суддзя Семянчук тады зрабіў перапынак, але міліцыя адразу пасля сканчэння судовага паседжання затрымала Кісляка і адвезла ізноў ў Ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ). Потым суд працягнуўся 14 траўня. Але Раман Кісляк падчас судовага паседжання запатрабаваў далучыць да матэрыялаў справы відэазапісы, якія пацвярджаюць, што ён быў на гэтых сходах у якасці менавіта назіральніка, а не ўдзельніка. Суд вырашыў зрабіць перапынак да 19 траўня, каб ён мог прадаставіць гэта відэа. З 19 траўня суд перанеслі на сёння, 26 траўня з прычыны хваробы Рамана Кісляка.

Вінавацяць Кісляка ва удзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах 12 красавіка і 3 траўня (шэсьце “кармленне галубоў”). 

На судзе 26 траўня Раман Кісляк хадайнічаў аб далучэнні да матэрыялаў справы яшчэ адну скаргу, дзе указвае на парушэнне сваіх правоў: яго адвольна затрымалі, яму не давалі сустрэцца з адвакатам і дэзынфармавалі яго. Маці Кісляка Розе не паведамлялі, дзе знаходзіцца яе сын. Само затрыманне Раман Кісляк лічыць гвалтоўным знікненнем, а таксама падкрэслівае яго прэвентыўны характар — бо менавіта з-за яго Кісляк не змог падаць дакументы на рэгістрацыю прэтэндэнтам у кандыдаты ў прэзідэнты. Праваабаронца патрабуе высвятлення, хто яго затрымліваў і па якой прычыне.

Скарга судом прынятая і разглядаецца разам з пратаколамі аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Таксама праваабаронца яшчэ раз падкрэсліў, што не ўдзельнічаў у шэсці 8 траўня, а ажыццяўляў маніторынг:

“Мая задача — фіксаванне затрыманняў падчас масавых мерапрыемстваў. Удзельнічаць у мерапрыемствах я не магу паводле правілаў праваабаронцаў”.

Рухаўся Раман Кісляк паралельна з калонай, а не ўнутры яе. Міліцыя пры гэтым не ўмешвалася і не папярэджвала аб адказнасці ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Таму Кісляк лічыць, што сутнасць складзенага на яго пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні не адпавядае сутнасці яго дзеянняў у тыя дні. 

"Пратакол я атрымаў 12 траўня пасля  майго затрымання 10 траўня, — успамінае праваабаронца. —  Прычыну затрымання не называлі. Адзінага, каго я пазнаў з тых, хто мяне затрымліваў, гэта Бажко, калі ён знаёміўся з рапартамі амапаўцаў. Першы раз я пратакол пабачыў толькі 12 траўня, а ён быў складзены 11 траўня. Тады ж, 12 траўня, мяне нарэшце  азнаёмілі з правамі...

Дата складання пратакола і яго дэманстрацыі мне не супадаюць. Тых, хто складаў дакументы, я не бачыў, акрамя Клімашэвіча, які прадаставіў мне дакументы. У пратаколах ёсць выпраўленні трэціх ліц".

Сярод шматлікіх сведак першым выступіў міліцыянт Андрэй Валасюк. Ён быў таксама сведкам і на судзе ў праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна.

Сведка Андрэй Валасюк
Сведка Андрэй Валасюк

Ён распавёў, што падчас "кармлення галубоў" нёс службу і быў апрануты ў цывільнае: 

"Людзі выказваліся супраць дзеючай улады, Кісляк быў сярод грамадзян, здымаў на камэру мабільнага тэлефона. [Выкрыкваліся лозунгі] "Лукашэнка павінен зысці", дакладна не памятаю..."

"Вы таксама ішлі ў натоўпе, былі апранутыя у цывільнае. Рамана Кісляка прыцягваюць, а вас не. Чаму?" — запытаўся адвакат Рамана Кісляка.

"Гэта некарэктнае пытанне", — папярэдзіў суддзя.

Наступным сведкам выступіў Сяргей Токун з Ленінскага РАУС, які таксама "нёс службу" падчас "кармлення галубоў". 

"Грамадзяне выкрыквалі "Не заводу АКБ", "Лукашэнка сыходзь", — распавёў Сяргей Токун. —  Кісляк быў сярод грамадзян, здымаў, ішоў часамі разам з калонай. Я быў апрануты па-цывільнаму". 

Адвакат удакладніў, як сведка пазнаў Кісляка.

"Пратэст цягнецца каля двух гадоў, шмат каго ўжо ведаеш, пазнаеш", — адказаў той.

"Калі былі правапарушэнні, чаму вы іх не папярэдзілі?" — пытаецца адвакат.

"Маімі абавязкамі былі назіранне і ахова грамадзкага парадку".

"Чаму вы не пресеклі? Гэта ваш абавязак", — настойвае адвакат.

Але суддзя здымае гэтае пытанне: 

"Дзеянні міліцыянта абскарджвайце ў іншым месцы".

Таксама Токун адзначыў, што рапарт аб адміністрацыйным правапарушэнні на Кісляка ў той дзень ён не складаў, а даў тлумачэнні тыднем пазней.

Наступны сведка Шэпілаў на судовае паседжанне не з'явіўся, але яшчэ адзін сведка — участковы Ленінскага РАУС Яўген Клімашэвіч даў свае паказанні. Ён пацвердзіў, што ў дачыненні да Кісляка 12 траўня ён склаў пратакол (гаворка ідзе пра затрыманне праваабаронцы ў будынку суда 12 траўня, адразу пасля судовага паседжання). А з правамі Рамана Кісляка азнаёміў Уладзімір Клышко. 

"Я вас затрымаў у аўтазаке, я быў канвоем. Вас затрымалі за адміністрацыйныя правапарушэнні", — распавёў Яўген Клімашэвіч.

"Хто загадаў затрымаць?"

"У мяне было даручэнне, у вуснай форме, але матэрыялы былі..."

Сам Уладзімір Клышко, участковы Ленінскага РАУС, таксама выступіў на паседжанні.

"Я лічу, што вашае затрыманне з'яўляецца законным",— адзначыў ён.

Суддзя ўдакладнівае ў яго, якой падставай было затрыманне Кісляка.

"Я не памятаю, ці даваў указанне сказаць падставы затрымання.  Кісляка затрымалі ў судзе, я не аб`яўляў аб затрыманні і чаму, хто аб`яўляў ня ведаю".

Калі Рамана Кісляка затрымалі ў будынку суда, то адрасам месца затрымання пазначылі месца складання пратакола, Ленінскі РАУС.

"Я уручаў Кісляку пратакол, складальніка не было. Кіраўнік паведаміў прычыну затрымання — за артыкул 23.34., — распавёў Клышко. — Што было напісана ў пратаколе, не памятаю. Мне даручыў Андрэй Дземянчук (намеснік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Ленінскага РАУС Брэста). Гэта было вуснае ўказанне".

"Пратакол вы не складалі і не затрымлівалі, толькі абвесцілі аб затрыманні?"

"Так".

Яшчэ адзін сведка — Анатоль Бажко, начальнік ППС Ленінскага РАУС. Ён распавёў, што выпадкова пабачыў Кісляка ў Кобрыне, калі перавозіў іншых затрыманых:

"Рапарт аб вашым затрыманні не фатаграфаваў, не цікавіўся вамі. Там быў АМАП пры УУС Брэсцкага аблвыканкама", — распавёў той. 

Пасля яго выступлення суддзя зрабіў перапынак у судовым працэсе ў сувязі з адсутнасцю аднаго са сведак. Наступнае паседжанне адбудзецца 27 траўня ў 10.00.

Раман Кісляк каля будынка суда. Фота: Уладзімір Вялічкін Раман Кісляк каля будынка суда. Фота: Уладзімір Вялічкін

Ліда

У той жа дзень, 26 траўня, у Лідзе распачаўся суд над Вітольдам Ашуркам, актывістам з Бярозаўкі. Судзяць яго  па частцы 3 артыкула 23.34 КаАП  за адзіночны пікет, які адбыўся ў Бярозаўцы яшчэ 26 красавіка і быў прымеркаваны да 34-й гадавіны аварыі на ЧАЭС. 

Судовае паседжанне перанеслі на 11.00 на першага чэрвеня, для больш дэталёвага вывучэння матэрыялаў адміністрацыйнай справы. Суддзя падазрае нейкія нестыкоўкі ў сведчаннях міліцыянтаў.

vitold_ashurak-racyja.jpg
Вітольд Ашурак. Фота: Беларускае Радыё Рацыя

Вітольд Ашурак паведаміў Беларускаму Радыё Рацыя, што не выключае таго, што суд вынесе яму ў якасці пакарання адміністрацыйны арышт:

"Цалкам магчыма да мяне падышла чарга, судзілі хлопцаў, якія прыходзілі на сустрэчы з блогерамі, дайшла чарга да мяне. Судовы канвеер, нічога добрага ад гэтага не чакаю. Малаверагодна, што мне дадуць суткі, але „трывожны чамаданчык” я ўжо сабраў", — адзначыў актывіст.

Мінск

На 26 траўня быў запланаваны разгляд па адміністрацыйнай справе па арт. 23.34 у дачыненні Вольгі Нікалайчык. Прычына — удзел актывісткі ў стрыме з Сяргеем Ціханоўскім яшчэ 27 сакавіка. Справу разглядалі ў РАУС Першамайскагара раёна. Рашэнне суда — пакараць Вольгу Нікалайчык арыштам на 13 сутак. Сама актывіста на сваё паседжанне не з'явілася. Яна распавяла, што прымае зараз антыбіётыкі, а ў выпадку арышту ёй бы хутчэй за ўсё не далі б працягнуць прыём лекаў у ЦІПе.

Віцебск

Як паведамляе тэлеграм-чат "Витебск для жизни", Аляксей Саламаненка паспеў паведаміць, што знаходзіцца у пастарунку на вуліцы Дзімітрава, 7 і што ў дачыненні да яго склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Судовае паседжанне над ім  адбудзецца заўтра, 27 траўня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства