Палітычны пераслед у траўні: прамежкавыя вынікі і расклад новых судоў
Па дадзеных Праваабарончага цэнтру “Вясна” на 22 траўня, у Беларусі ў перыяд з 6 траўня зафіксавана каля 150 выпадкаў адвольных затрыманняў па палітычных матывах. Пад пераслед трапілі людзі, якія прыходзілі на сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім у розных гарадах краіны, выходзілі на акцыі ў яго падтрымку пасля затрымання блогера, “кармілі галубоў” на плошчах сваіх гарадоў ці ўдзельнічалі ў іншых акцыях пратэсту. Пад пераслед трапілі таксама праваабаронцы і журналісты, якія назіралі ці асвятлялі акцыі.
За гэты час 61 чалавек былі асуджаныя на арышты тэрмінам ад 2 да 45 сутак. Некалькі чалавек (у прыватнасці блогераў Сяргея Ціханоўскага і Уладзіміра Няронскага) судзілі некалькі разоў і кожны раз давалі арышты. Агульная колькасць атрыманых сутак з 6 па 22 траўня – 622.
Таксама за гэты перыяд па артыкулах за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП) і за непадпарадкаванне міліцыі падчас гэтых акцый (арт. 23.4 КаАП) 47 чалавек атрымалі штрафы, агульная сума якіх перавышае 47 тысяч рублёў (каля 20000 долараў).
Адміністрацыйныя суды прайшлі ў 20 гарадах краіны: у Мінску, Віцебску, Гомелі, Бабруйску, Магілёве, Оршы, Паставах, Полацку, Наваполацку, Глыбокім, Вілейцы, Гродне, Лідзе, Брэсце, Мазыры, Жлобіне, Мар’інай Горцы, Слуцку (верагодна), Маладзечне, Пінску. Горадамі-“рэкардсменамі” па колькасці палітычна матываваных адміністрацыйных спраў сталі Мінск (больш за 22 суды), Магілёў (21) і Брэст (19).
Але гэтыя лічбы неканчатковыя. Як мінімум да першага чэрвеня будуць працягвацца суды над паплечнікамі Сяргея Ціханоўскага і іншымі актывістамі.
Каго будуць судзіць у бліжэйшы час?
25 траўня
Віцебск (суд Чыгуначнага раёна): Дар’я К (арт. 23.34 КаАП) - за ўдзел у сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім 30 красавіка.
Верагодна ў гэты дзень у Віцебску будуць судзіць затрыманага 22 траўня Аляксея Прохарава.
Маладзечна (раённы суд): 09.30. Дзмітрый Булкоўскі (арт. 23.34 КаАП) – за ўдзел у акцыі ў Маладзечна.
Наваполацк (раённы суд): 10.00. Артур Сіні (арт. 23.34 КаАП).
26 траўня
Мінск (суд Першамайскага раёна): Вольга Нікалайчык (арт. 23.34 КаАП) – за ўдзел у стрыме Сяргея Ціханоўскага каля Нацыянальнай бібліятэкі.
27 траўня
Мінск (суд Савецкага раёна): 11.30. Валянцін Троцкі (арт. 23.34 КаАП).
Маладзечна (раённы суд): 09.30. Андрэй Смаляк (арт. 23.34 КаАП) – за ўдзел у сустрэчы з сяргеем Ціханоўскім у Маладзечна і за акцыію па “кармленні галубоў”.
29 траўня
Віцебск (суд Кастрычніцкага раёна): 10.00. Юлія Барсукова (арт. 23.34 КаАП) – за заклікі да “несанкцыянаванага мерапрыемства” ў інтэрнэце.
Магілёў (суд Кастрычніцкага раёна): Ігар Шчамялёў (арт. 23.34 КаАП) – за ўдзел у сустрэчы падпісчыкаў “Краіны для жыцця” ў Магілёве 5 траўня. Ігар сцвярджае, што ў сустрэчы не ўдзельнічаў.
1 чэрвеня
Наваполацк (раённы суд):
- Наталля Карэліна (арт. 23.34 КаАП) – за ўдзел у акцыі па “кармленні галубоў” 3 траўня і ў стрыме Сяргея Ціханоўскага 29 красавіка.
- 10.00. Юлія Шэлепень (арт. 23.34 КаАП) – за ўдзел у стрыме Сяргея Ціханоўскага 29 красавіка.
- 10.30. Аляксандр Шэлепень (арт. 23.34 КаАП) - за ўдзел у стрыме Сяргея Ціханоўскага 29 красавіка.
- 10.30. Алена Гурчонак (арт. 23.34 КаАП) - за ўдзел у акцыі па “кармленні галубоў” 3 траўня.
Інфармацыя па судовых працэсах будзе ўдакладняцца. Калі вас ці вашых знаёмых выклікаюць у суд ці ў міліцыю за ўдзел у мірных акцыях ці сустрэчах, просім звяртацца да праваабаронцаў: pierasled@spring96.org (грамадская прыёмная), маб.: (029) 841 39 81 Signal, WhatsApp, Telegram.