Гарадзенскія праваабаронцы паскардзіліся ў ЦВК на ЦВК з-за дыскрымінацыі беларускай мовы
Гарадзенскія назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Віктар Сазонаў, Раман Юргель, Андрэй Коця, Святлана Рудкоўская і журналіст Уладзімір Хільмановіч даслалі ліст у Цэнтральную выбарчую камісію, у якім указалі на недапушчальнасць дыскрымінацыі беларускай мовы, а таксама беларускамоўнага выбаршчыка па моўнай прыкмеце на сайце ЦВК.
У чым справа?
Беларускамоўная версія сайту Цэнтрвыбаркама не ўтрымлівае раздзелу "Выбары і рэферэндумы". Менавіта ў такім раздзеле на рускамоўнай версіі сайта знаходзіцца ўся неабходная і бягучая інфармацыя пра выбарчыя кампаніі ў Беларусі: гэта і заказадаўчыя акты, пастановы, каленарныя планы, асноўныя навіны кампаніі і шмат іншага. Фактычна карыстальнікам беларускамоўнай версіі сайта немагчыма даведацца пра ход цяперашняй кампаніі. Сярод "галоўных падзей" на беларускамоўнай старонцы сайта - Выбары дэпутатаў ніжняй палаты Рэспублікі Таджыкістан,выбары ў Мілі Мэджліс Азербайджанскай Рэспублікі і г. д.
У сваім лісце ў ЦВК назіральнікі звяртаюць увагу на гэты факт. Яны адзначаюць, што беларуская мова ёсць адной з найпершых адметнасцяў нашай краіны. Мова тытульнай нацыі не можа быць дыскрымінаваная ні ў якім разе, тым больш, што яна з’яўляецца дзяржаўнай і гістарычна першай атрымала такі статус. Беларуская мова ў публічнай камунікацыі дэманструе ўсім незалежнасць нашай дзяржавы, прэзентуе адметнасць яе культуры і традыцый.
Паводле гарадзенскіх назіральнікаў, беларускамоўны выбаршчык - гэта таксама выбаршчык, і дыскрымінацыя яго па моўнай ці нацыянальнай прыкмеце недапушчальная.
Абапіраючыся на вышэйсказанае, праваабаронцы прапануюць стварыць і мець на афіцыйным сайце, на яго беларускамоўнай версіі банер “Выбары 2020” па-беларуску і напаўняць яго інфармацыяй менавіта на беларускай мове.