Блогеру Ціханоўскаму дадалі яшчэ 15 сутак арышту. Наперадзе новыя суды Дапоўнена
Блогера Сяргея Ціханоўскага, які адбывае 15-суткавы арышт у ІЧУ, зноў выклікалі ў суд Савецкага раёна Гомеля, піша TUT.BY. Як распавёў перад пачаткам пасяджэння сам Ціханоўскі, напярэдадні яго судзілі не па адным, як распавялі ў судзе, а па двух пратаколах - за сустрэчы з людзьмі ў Оршы і Брэсце. Сёння таксама будуць судзіць паводле двух пратаколаў.
Як распавёў перад пасяджэннем суда 19 траўня Ціханоўскі, на яго складзена яшчэ сем пратаколаў. Наперадзе - суды за сустрэчы з людзьмі ў Бараўлянах, Маладзечне і іншых гарадах.
19 траўня, паводле інфармацыі "Радыё Свабода", блогера судзілі па двух пратаколаў па арт 23.34 КаАП - за сустрэчы з падпісчыкамі ў Салігорску і Міёрах. Суддзя Аляксандр Мохараў прыняў рашэнне вынесці яшчэ адзін 15-суткавы арышт.
Такім чынам, Ціханоўсікй агулам атрымаў 45 сутак арышту.
Сяргея Ціханоўскага затрымалі шостага траўня пад Магілёвам. Ён змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання Гомеля. Падставай для затрымання блогера стала пастанова суда Савецкага раёна горада Гомеля аб адміністрацыйным арышце, вынесеная яшчэ ў студзені. А менавіта пастанова аб 15 сутках арышту за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй 20 снежня. Блогер быў асуджаны па ч. 1 арт. 23. 34 Каап (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Будучы ў ІЧУ, Ціханоўскі заявіў, што мае намер прыняць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Яго давераная асоба - жонка Святлана - падала ў ЦВК дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, але ЦВК адмовіўся рэгістраваць групу Сяргея Ціханоўскага. Пасля адмовы Святлана Ціханоўская падала ў ЦВК дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэнні яе ў якасці кандыдата ў прэзідэнты.