БНТУ напісаў заяву ў міліцыю на заснавальніка Telegram-канала «Отчислено»
Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт падаў заяву ў міліцыю на заснавальніка папулярнага Telegram-канала «Отчислено» (66 тыс. падпісантаў).
Некалькі дзён таму Ігар Кабушкоў, які з’яўляецца заснавальнікам Telegram-канала «Отчислено», даведаўся, што БНТУ напісаў на яго заяву ў міліцыю.
Паводле БНТУ, маладзён здзейсніў крымінальнае злачынства і «парушыў парадак арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў» (ч.3 арт. 363 КК) ды публічна заклікаў да правядзення такога мерапрыемства.
Ігар Кабушкоў паведаміў Belsat.eu, што сапраўдная прычына – паведамленне ў чаце БНТУ. Студэнт цвердзіць, што БНТУ не спадабалася слова «бунт» у гэтым паведамленні, а таксама петыцыя з заклікам адправіць рэктара БНТУ ў адстаўку.
У петыцыі кіраўніцтва ВНУ абвінавачваецца ў «патуранні і адсутнасці наладжанага ўпраўлення рэктаратам БНТУ» на фоне амаль трох дзясяткаў выпадкаў інфікавання каронавірусам.
Праваабаронцы лічаць, што магчыма размова вядзецца пра артыкул 369-3 Крымінальнага кодэксу (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
Пры гэтым адказнасць за арганізацыю масасавых мерапрыемстваў наступае калі "іх правядзенне пацягнула па неасцярожнасці гібель людзей, прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання аднаму або некалькім асобам або прычыненне шкоды ў буйным памеры".