viasna on patreon

"Вярхоўны суд прыняў вельмі небяспечнае рашэнне". Мараторыя на судовыя пасяджэння не будзе

2020 2020-04-24T13:28:04+0300 2020-04-24T13:28:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viarhouny-sud-01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Вярхоўны суд адмовіўся ўводзіць мараторый на судовыя паседжанні з-за COVID-19. Ведамства спаслалася на рэалізуемы «план мерапрыемстваў па прафілактыцы і мінімізацыі рызыкі распаўсюджвання інфекцыі COVID-19», піша praca-by.info.

Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь.

"Пытанні, звязаныя з адкладаннем і прыпыненнем судовых разглядаў, вырашаюцца судамі ў кожным канкрэтным выпадку індывідуальна, у адпаведнасці з законам – з улікам пазіцыі бакоў і фактычных абставінаў справы", – паведаміў першы намеснік старшыні ВС В. Калінковіч.

Такі адказ атрымаў прафсаюз РЭП на прапанову на адрас старшыні Вярхоўнага суда Алега Сукалы ўвесці мараторый на разгляд спраў у судах на перыяд эпідэміі COVID-19:

"Рэкамендаваць суддзям па хадайніцтвах зацікаўленых бакоў пераносіць або прыпыняць разгляд крымінальных, грамадзянскіх і адміністрацыйных спраў. Дадзеныя меры ўжо прынятыя ў суседніх краінах, напрыклад, у Польшчы і Украіне. Станоўчае рашэнне па гэтым звароце будзе пацвярджэннем, што суддзі клапоцяцца і абараняюць правы і інтарэсы грамадзян Беларусі".

COVID-19 у Беларусі: прафсаюз РЭП заклікаў увесці мараторый на разгляд справаў у судах

Незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) прапанаваў старшыні Вярхоўнага суда Алегу Сукалу ўвесці мараторый на разгляд справаў у судах, паведамляецца на praca-by.info. На думку прадстаўнікоў прафсаюза, гэта дазволіць узмацніць меры па прафілактыцы распаўсюджвання COVID-19 сярод наведвальнікаў судоў, суддзяў і супрацоўнікаў судовых структур.

"Рэкамендую пісаць хадайніцтвы”

Прававы інспектар РЭП Юрый Белякоў раіць усім, хто звяртаецца за судовай абаронай, хадайнічаць аб пераносе судовых пасяджэнняў з-за эпідэміі COVID-19:

"Я рэкамендую ўсім, хто звяртаецца за судовай абаронай пісаць хадайніцтвы: у сувязі з пандэміяй каранавіруса прашу адкласці судовае паседжанне па маёй справе. Гэта трэба для таго, каб не заразіцца. Усе суддзі, сакратары і іншыя работнікі судоў – людзі, якія лёгка могуць стаць носьбітамі каранавіруса, а такім чынам - і распаўсюджвальнікамі. Вярхоўны суд, на мой погляд, прыняў вельмі небяспечнае рашэнне".

“Казка пра новую сукенку караля”

Прававы інспектар РЭП Ігар Комлік менавіта так ахарактарызаваў прынятую пастанову:

"На сённяшнім судовым пасяджэнні ўсе суддзі сядзелі ў масках; каб прайсці ў будынак суда, у мяне памералі тэмпературу, прапанавалі прадэзінфікаваць, усе ў масках. Наколькі гэтыя меры эфектыўныя – ужо іншае пытанне. Адмова Вярхоўнага суда з'яўляецца лагічным працягам дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да эпідэміі каранавіруса: Міністэрства аховы здароўя не дае рэальных звестак аб тых, хто захварэў, калі верыць дадзеным ведамства, колькасць хворых нават зменшылася; наведваем царквы без масак. Курс вызначыў адзін чалавек, які "не бачыць" віруса, усе астатнія – падыгрываюць яму. Усё як у казцы "Голы кароль": кароль-та голы, а ўсе захапляліся цудоўнай сукенкай. Казка стала нашым жыццём: адзін вірусаў не бачыць, а іншыя яму падыгрываюць. Вярхоўны суд не мог увесці мараторый – гэта дзяржаўныя служачыя, якія выконваюць волю свайго кіраўніка".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства