Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 21:05 (паўтор у суботу ў 8:05) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” — праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека.
Прэм'ера анлайн — па любых са спасылак тут.
Хроніка: Вядомых брэсцкіх актывістаў, якія выступаюць супраць завода АКБ (Дзмітрыя Бекалюка, Аляксандра Кабанава і Дзмітрыя Андрасюка), перад чарговай нядзеляй кармлення галубоў затрымалі, а потым судзілі. А ў Баранавічах нарэшце пасля месяца падрыхтоўкі асудзілі праваабаронцу Аляксандра Вайцешыка.
Падзея: Праваабарончая супольнасць прызнала Піліпа Шаўрова палітычным зняволеным. Ён вядомы больш за ўсё тым, што пафарбаваў у чырвоны колер рукі помніку Аляксандру Пушкіну. Чаму выстаўленае яму абвінавачанне не можа лічыцца хуліганствам—у аналізе праваабаронцы “Вясны” Валянціна Стэфановіча.
Каментар: Пасля чарговага стрыма міністр аховы здароўя Ўладзімір Каранік заявіў, што статыстыка захварэўшых на каронавірус не будзе давацца па кожнаму рэгіёну краіны, бо гэта можа выклікаць у некаторых грамадзян “нездаровы інтарэс” прыехаць ва ўказаныя населеныя пункты, каб “умяшацца ў асабістае жыццё пацыентаў”. На што праваабаронца з Барысава Алег Мацкевіч накіраваў заяву у Генеральную пракуратуру РБ. Што ў лагічным ланцужку Караніка не так?
Асоба: Марыя Аліева — яскравая прадстаўніца жаночага руху 90-х гадоў. Яна вяла мітынг за кусок каўбасы ды ўзначальвала шэсце пустых каструль. І нават дайшла да Адміністрацыі прэзідэнта, праўда сам прэзідэнт быў у Раўбічах. Яна выіграла суд у Шклове, сядзела на сутках, а таксама дамагала жанчынам — Марыя на працягу васьмі гадоў была лідаркай Беларускай арганізацыі працуючых жанчын.
У музычных паўзах — кампазіцыі ў выкананні BosaeSonca.