Камітэт па абароне журналістаў заклікае падпісаць петыцыю, каб вызваліць усіх зняволеных журналістаў
У разгар пандэміі COVID-19 Камітэт па абароне журналістаў (CPJ) заклікае ўсе ўрады вызваліць усіх журналістаў з турмаў, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.
"Ад імя больш за 250 журналістаў за кратамі мы заклікаем улады неадкладна і безумоўна вызваліць гэтых палітычных зняволеных".
Паводле звестак CPJ, цяпер у свеце 250 журналістаў знаходзяцца ў зняволенні.
Для журналістаў, зняволеных у турмах у краінах, закранутых вірусам, свабода стала пытаннем жыцця і смерці. Зняволеныя журналісты не маюць магчымасці кантраляваць сітуацыю вакол іх, не могуць ізалявацца, і ім часта адмаўляюць у неабходнай медыцынскай дапамозе.
Паводле заявы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя "людзі, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі - роўна як і людзі, якія жывуць або працуюць у закрытым асяроддзі, у непасрэднай блізкасці адзін да аднаго, больш уразлівыя перад COVID-19, чым насельніцтва ў цэлым".
Глабальныя арганізацыі па свабодзе прэсы і правоў чалавека заклікаюць сусветных лідэраў неадкладна вызваліць усіх зняволеных журналістаў.
Дадайце свой голас і падпішыце петыцыю сёння!
#FreeThePress