Рэктарка МДЛУ Баранава не лічыць адлічэнне студэнткі Пракопчык “палітычна матываваным”
Рэктарка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Наталля Баранава адказала праваабаронцам “Вясны” на зварот у сувязі з адлічэннем студэнткі 4 курса гэтай навучальнай установы Елізаветы Пракопчык. Нагодай для адлічэння стала некалькі накладзеных на дзяўчыну спагнанняў, у тым ліку апошняе – за пропускі заняткаў (яна прытрымлівалася двухтыднёвага карантыну). Адміністрацыя ўніверсітэта не лічыць гэта адлічэнне палітычна матываваным, аднак сама cтудэнтка з гэтым не згодная.
Па словах Пракопчык, пад час пандэміі COVID-19 яна перастала наведваць заняткі ў сувязі з парушэннем, на яе думку, права на ахову жыцця і здароўя падчас адукацыйнага працэсу, гарантуемага любому студэнту згодна дзеючага Кодэкса аб адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама Правілаў унутранага распарадку МДЛУ. Пропускі заняткаў сталі падставай для вынясення ёй спагнання, а затым і адлічэння з МДЛУ.
Як адрэагавала на ліст праваабаронцаў рэктарка МДЛУ Наталля Баранава?
У адказе, адрасаваным старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесю Бяляцкаму рэктарка кажа аб тым, што “адлічэнне [Лізаветы Пракопчык] ніякім чынам не звязанае, як зазначана ў вашым звароце, “з прычыны яе актыўнай грамадскай пазіцыі, накіраванай на ўвядзенне ва ўніверсітэце дыстанцыйнага навучання з-за распаўсджвання каранавірускай інфекцыі”
Далей рэктарка паслядоўна пералічвае спагнанні, накладзеныя на студэнтку за апошні навучальны год.
У пераліку спагнанняў студэнтцы Пракопчык, якія прыводзіць Баранава, варта адзначыць вымову за неяўку без уважлівых прычын на вучэбныя заняткі ў сакавіку 2020 года, а таксама неатэстацыю па дысцыплінах першай замежна мовы ў сакавіку 2020 года. Сапраўды, у гэты час яна перастала наведваць заняткі ў сувязі з распаўсюдам пандэміі каранавіруса і клопатам пра сваё здароўе.
Ці мае рацыю рэктарка ўніверсітэта Баранава?
У юрыста Праваабарончага цэнтра "Вясны" Аляксея Лойкі гэты адказ выклікаў шэраг пярэчанняў. Прыводзім іх цалкам:
Вось высокашаноўная рэктарка МДЛУ Наталля Баранава піша ў адказе праваабаронцам, што «Лізавета Пракопчык ўжо даўно мае адрозны ад дзяржаўнага погляд на падзеі».
Далей у адказе рэктарка сцвярджае, што «Лізавета Пракопчык не скардзілася на сваё здароўе». І нічога не кажа пра тое, што гаворка ішла першапачаткова аб тым, што заклік байкатаваць заняткі і перайсці на дыстанцыйнае навучанне былі абумоўленыя клопатам пра здароўе ва ўмовах імклівага развіцця пандэміі COVID-19, а не скаргамі на стан здароўя. Для адэкватнага чалавека абсалютна нармальнай рэакцыяй з'яўляецца папярэджанне неспрыяльных наступстваў, чым іх выкараненне.
І нават афіцыйныя лічбы сёння пра захварэлых і памёрлых нас пераконваюць у тым, што чалавецтва, а асабліва наша дзяржава, бяссільна перад тварам пандэміі каранавіруса. Тэндэнцыя ў еўрапейскіх краінах сведчыць аб тым, што наступствы пандэміі ўдасца мінімізаваць толькі дзякуючы ўвядзенню абмежавальных мер, якія стасуюцца да дадзенай сітуацыі - гэта каранцін у навучальных установах і, адпаведна – дыстанцыйнае навучанне, накіраванае на памяншэнне сацыяльных кантактаў.
Калі звярнуцца да адказу, то адразу ж кідаецца ў вочы з пераліку спагнанняў, накладзеных на студэнтку, пункт аб «неатэстацыі па дысцыплінах першай замежнай мовы ў сакавіку 2020 г.», спагнанне, якое мы крытыкавалі да гэтага і наша пазіцыя застаецца нязменнай. Падкрэслю, што ў адрозненне ад астатніх пунктаў аб спагнаннях, тут не пазначаныя ні даты, ні нумары дакументаў.
Узнікае пытанне да Наталлі Баранавай: Ці нармальна, што ва ўмовах, калі ўсе еўрапейскія краіны яшчэ са студзеня пачалі рыхтавацца да пандэміі, вы, спадарыня рэктар, у сярэдзіне сакавіка замест пераводу навучання на дыстанцыйную форму, наладжваеце пераатэстацыю? Напэўна, гэта толькі агаляе тое, што прымяненне меры дысцыплінарнага спагнання, якое пацягнула адлічэнне Лізаветы, як раз-такі і было выклікана яе пратэстам супраць адсутнасці выразных мер рэагавання з боку кіраўніцтва універсітэта ў сувязі з надыходзячай неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкай. І ўсё гэта суправаджалася вельмі нядобрым кантэкстам, калі беларускія ўлады стварылі атмасферу утойвання і скажэння рэальнай сітуацыі з распаўсюджваннем захворвання.
Тым часам петыцыю за аднаўленне на вучобе ў МДЛУ Лізаветы Пракопчык падпісала болей 1 700 чалавек.
Патрабуюць аднавіць на вучобе мінскую студэнтку Елізавету Пракопчык. І вось чаму