viasna on patreon

Што не ўлічыў суд, калі прызнаў гітару безгаспадарнай, хоць яе ўладальнік быў вядомы?

2020 2020-04-17T18:04:53+0300 2020-04-17T18:04:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bas-gitara.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Бас-гітара ESP Horison BASS. Ілюстрацыйнае фота

Бас-гітара ESP Horison BASS. Ілюстрацыйнае фота

У пачатку красавіка ў судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска пачаўся працэс па грамадзянскаму іску Вячаслава Ч. да Мінскага райвыканкаму з патрабаваннем прызнаць рашэнне аб перадачы яго музычнага інструмента – бас-гітары ESP Horison BASS – Сянніцкаму Цэнтру культуры незаконным, істотным чынам ушчамляючым яго права ўласнасці на інструмент, а таксама парушаючым яго права на свабоду творчага самавыяўлення.

Канфіскаваная міліцыяй гітара была прызнаная безгаспадарнай яшчэ ў 2017 годзе. Але высветлілася гэта толькі ў судзе

Гісторыя з вяртаннем гітары музыкі Вячаслава Ч. атрымала працяг падчас разгляду грамадзянскага пазову ў судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска 1 красавіка.

У судовым пасяджэнні высветлілася, што яшчэ 25 траўня 2017 года суд Мінскага раёна па заяве Мінрайвыканкама прызнаў адабраную пры разгоне нефармальнага канцэрту гітару безгаспадарнай і перадаў у ліку іншых інструментаў ва ўласнасць заяўніка.

З рашэння суда стала вядома, што на тэрыторыі Мінскага раёна ў лясным масіве чыгуначнай станцыі "Зялёнае" пры правядзенні агляду мясцовасці былі канфіскаваныя супрацоўнікам ААПП Ждановіцкага АМ Мінскага РУУС музычныя інструменты і акустычнае абсталяванне:

  • калонкі шэрыя 2 шт.,
  • жалезныя чорныя стойкі для калонак 2 шт.,
  • узмацняльнік Biema W330,
  • мікшэрны пульт Eurorack 1622FX Behringer,
  • гітарны комба VOX ў бэжавым чахле,
  • мікрафон 3 шт.,
  • мікрафонная стойка чорная 2 шт.,
  • падаўжальнік 3 шт.,
  • пакет з камутацыйнымі правадамі,
  • барабаны Brahner 4 шт.,
  • стойкі для барабанных талерак 3 шт.,
  • стойка для хайхета,
  • стойка для малога барабана,
  • камплект талерак барабанных Paiste 5 шт. у чорным чахле,
  • бас гітарны комба Invasion,
  • гітарны полустэк (ўзмацняльнік і кабінет) Torquel,
  • калонкі майстравыя бэжавыя ў кожнай па два дынаміка 2 шт.,
  • узмацняльнік ЛОМО,
  • генератар Honda EM 4500S,
  • электрагітара Samick ў чорным чахле,
  • гітарны працэсар ZOOM,
  • бас-гітара Sqier JBASS ў чорным чахле,
  • бас-гітара ESP ў чахле.
reshenie_sud.jpg
З рашэння суда Мінскага раёна ад 25 траўня 2017 года

Пасля была праведзеная праверка, апытаная грамадзянка РФ Вольга Рошчына, якая заявіла, што канфіскаваныя інструменты з'яўляюцца яе ўласнасцю. Аднак яна не змагла прадаставіць дакументаў, якія гэта пацвярджаюць, і ўсе інструменты былі перададзеныя ў АТА Мінскага РУУС "на адказнае захоўванне да ўстанаўлення законнага ўладальніка дадзенай маёмасці". Так як ніхто з патрабаваннем аб вяртанні музычных інструментаў і акустычнага абсталявання не звяртаўся, то Мінскі райвыканкам падаў заяву ў суд аб прызнанні канфіскаванай маёмасці безгаспадарнай.

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Аляксей Лойка азнаёміўся з рашэннем Мінскага раённага суда і адзначае:

"Дадзенае рашэнне вынесена насуперак усім законам цывілістыкі. Усё гэта прывяло да грубага парушэння не толькі права ўласнасці Вячаслава на канфіскаваныя рэчы, але і істотным чынам абмежавала права на свабоду творчага самавыяўлення актывістаў".

Праваабаронца дапамог падрыхтаваць Вячаславу Ч. наглядную скаргу ў пракуратуру Мінскай вобласці на рашэнне суда Мінскага раёна аб прызнанні яго гітары безгаспадарнай. У ёй Аляксей Лойка прыводзіць наступныя аргументы, чаму бас-гітара павінна быць вернутая музыканту, а пастанова суда Мінскага раёна ад 25 траўня 2017 года скасаваная.

1. Суд у сваім рашэнні не ўказаў, у сілу якой нормы права Мінскі райвыканкам набыў права ўласнасці на дадзеную рэч.

Так, у судовым рашэнні ад 25 мая 2017 г. толькі пазначана, што музычныя інструменты і акустычнае абсталяванне паступілі ў Мінскі райвыканкам з Мінскага РУУС разам з дакументамі аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Судом Мінскага раёна не была праведзеная старанная ацэнка таго, што ў Мінскае РУУС музычныя інструменты і акустычнае абсталяванне, у тым ліку бас-гітара Вячаслава, паступілі ў ходзе канфіскацыі, якая праводзіцца ў межах адміністрацыйнага працэсу – разгону нефармальнага канцэрту недалёка ад чыгуначнай станцыі «Зялёнае». Гэты факт дазваляе зрабіць выснову, што ўласнік рэчы не адмаўляўся ад яе, а ў Мінскага РУУС і Мінскага райвыканкама меліся звесткі аб уласніку гітары ESP Horison BASS, паколькі падчас вядзення адміністрацыйнага працэсу ў затрыманага Вячаслава браліся анкетныя звесткі.

2. Суд не ўказаў, у сілу якой нормы права бас-гітара ESP Horison BASS стала безгаспадарнай, улічваючы, што ўласнік рэчы быў вядомы і ад яе не адмаўляўся.

"Безгаспадарнай з'яўляецца рэч, якая не мае ўласніка або ўласнік якой невядомы, альбо рэч, ад права ўласнасці на якую ўласнік адмовіўся" (п.1 арт. 226 Грамадзянскага кодэкса).

У адпаведнасці з п. 11 Пастановы Пленума Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь ад 23 снежня 2015 г. № 12 "Аб практыцы разгляду судамі грамадзянскіх спраў аб прызнанні маёмасці безгаспадарнай" неабходна:

"звярнуць увагу судоў, што па справах аб прызнанні маёмасці безгаспадарнай даказванню падлягаюць факты адсутнасці ў рэчы ўласніка, адмовы ўласніка ад права ўласнасці на рэч, [...]. Факт адсутнасці ў рэчы ўласніка можа быць пацверджаны, напрыклад, звесткамі, атрыманымі ад натарыусаў, жыллёва-эксплуатацыйных, рэгіструючых, падатковых і іншых упаўнаважаных органаў. Адмова ўласніка ад права ўласнасці на рэч можа быць устаноўленая на падставе яго пісьмовай заявы, тлумачэнняў у судзе, сведкавых паказанняў і іншых доказаў аб паводзінах ўласніка, які выразна сведчыць аб ухіленні яго ад валодання, карыстання і распараджэння рэччу без намеру захаваць права ўласнасці на яе".

Рашэнне суда Мінскага раёна ад 25 мая 2017 г. вынесена без уліку названых нормаў заканадаўства.

3. Судом не праведзеная ацэнка абставінаў, пры якіх Мінскі райвыканкам завалодаў маёмасцю, з улікам тэрміну даўнасці набыцця.

"Асоба – грамадзянін або юрыдычная асоба, у валоданні якой не знаходзіцца маёмасць, але якая добрасумленна, адкрыта і бесперапынна валодае ёй як сваёй уласнай нерухомай маёмасцю на працягу пятнаццаці гадоў ці іншай маёмасцю на працягу пяці гадоў, набывае права ўласнасці на гэтую маёмасць" (п. 1 арт. 235 ГК).

Рашэнне суда вынесенае без уліку прыведзенага артыкула ГК, так як Мінскі райвыканкам не карыстаўся бас-гітарай ESP Horison BASS, а такім чынам і права ўласнасці на музычны інструмент у дзяржоргана не ўзнікла ў сілу даўнасці набыцця тэрмінам у 5 гадоў.

4. Суд вынес сваё рашэнне, не прыцягваючы ў якасці зацікаўленага боку ўласніка рэчы, які быў вядомы заяўніку.

У матэрыялах справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, падчас якога і былі канфіскаваныя музычныя інструменты і акустычнае абсталяванне, быў указаны і ўласнік бас-гітары Вячаслаў, а таксама месца яго пражывання. Але суд не прыцягнуў яго да ўдзелу ў слуханні па справе ў якасці зацікаўленай асобы, якая да гэтага не адмаўлялася ад права ўласнасці на музычны інструмент.

Пры гэтым, суду неабходна было ўлічыць:

"заява аб прызнанні маёмасці безгаспадарнай разглядаецца судом з удзелам усіх юрыдычна зацікаўленых па справе асобаў – заяўніка, зацікаўленых грамадзянаў і юрыдычных асобаў. У якасці зацікаўленых грамадзянаў і юрыдычных асобаў варта прыцягваць уласнікаў, уладальнікаў маёмасці, іх нашчадкаў, асобаў, якія маюць права карыстання маёмасцю, а таксама іншых асобаў, на чые ахоўныя законам інтарэсы можа паўплываць рашэнне па справе" (п. 10 Пастановы Пленума Вярхоўнага суда "Аб практыцы разгляду судамі грамадзянскіх спраў аб прызнанні маёмасці безгаспадарнай").

У сілу ўсяго выкладзенага судовае рашэнне ад 25 мая 2017 года было вынесена незаконна і падлягае адмене.

У сувязі з немагчымасцю абскардзіць судовае рашэнне ў апеляцыйным парадку, Вячаслаў быў вымушаны звярнуцца ў вышэйшую пракурорскую інстанцыю для абароны сваіх правоў і законных інтарэсаў.

Вярніце гітару! Музыкант падаў у суд на Мінрайвыканкам

У Праваабарончы цэнтр "Вясна" звярнуўся музыкант Вячаслаў, у якога падчас канцэрту яшчэ ў 2015 годзе міліцыя забрала бас-гітару, але да гэтага часу яе так і не вярнула.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства