viasna on patreon

Улады Беларусі адрэагавалі на скаргу апазіцыянера ў ААН

2020 2020-04-16T14:26:12+0300 2020-04-16T14:26:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/tolchyn.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Урад Беларусі пракаментаваў скаргу Гомельскага апазіцыйнага палітыка Андрэя Толчына, зарэгістраваную ў Камітэце ААН па правах чалавека (№3241/2018). На міжнародным узроўні чыноўнікі заявілі аб непрымальнасці справы, бо заяўнік не абскардзіў 8-мі сутачны арышт у наглядных інстанцыях, піша "Гомельская вясна".

Журналіст Андрэй Толчын. Фота з сайта baj.by

Беларускія ўлады паведамілі, што "А. Толчын быў прыцягнуты да 8 сутак арышту за заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным вулічным шэсці, які меў месца 25 сакавіка 2017 года ў Гомелі". А так, як палітык са скаргамі ў Вярхоўны суд і да Генеральнага пракурора не звяртаўся, чыноўнікі заяўляюць аб непрымальнасці ягонай справы для разгляду ў Жэневе.

Акрамя таго, беларускі ўрад прыводзіць статыстыку за 2017 год, згодна з якой пракуратура вынесла 3766 наглядных пратэстаў па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях і 3665 былі задаволеныя (97%), у той час як А. Толчын са скаргамі ў пракуратуру не звяртаўся. 

"Я сапраўды на асабістай старонцы "Фэйсбук" у сетцы Інтэрнэт заклікаў грамадзян сабрацца а 12:00 гадзіне 25 сакавіка 2017 года на плошчы Паўстання ў Гомелі. Улада адрэагавала жорстка, кінуўшы мяне за краты на 8 сутак. А цяпер на міжнародным узроўні спрабуе схавацца за непрымальнасцю. Не пракаціць, вам там не тут!" – каментуе адказ уладаў актывіст.     

Праваабаронца Леанід Судаленка, які вядзе справу Гомельскага палітыка ў КПЧ ААН, адзначае, што беларускі ўрад не паведамляе, да якога менавіта намесніку трэба звярнуцца для таго, каб пасля скарга была разгледжаная непасрэдна галоўным суддзёй або генеральным пракурорам. Пры гэтым, што ў старшыні Вярхоўнага суда пяць намеснікаў, а ў Генеральнага пракурора – чатыры.

Леанід Судаленка. Фота: ПЦ

"З прыведзенай статыстыкі прынесеных пракуратурай наглядных пратэстаў немагчыма ўстанавіць, колькі напрыклад, было адменена адміністрацыйных спраў, звязаных з грамадзянскімі і палітычнымі правамі. Мы можам выказаць здагадку, што дадзеная статыстыка мае дачыненне выключна да спраў, звязаных з парушэннем, напрыклад, правілаў дарожнага руху", – пракаментаваў камунікацыю па справе праваабаронца.

Нагадаем, раней Камітэт ААН па правах чалавека ўжо разглядаў справу гомельскага апазіцыянера Андрэя Толчына. У 2009 годзе ён распаўсюджваў у райцэнтры Нароўля запрашэння на Чарнобыльскую сустрэчу мясцовых жыхароў з лідарам апазіцыі Аляксандрам Мілінкевічам. Яго тут жа затрымалі і арыштавалі на 5 сутак. У гэтай справе (№1919/2009) Камітэт па правах чалавека абвінаваціў беларускі ўрад у парушэнні права Андрэя Толчына на свабоду распаўсюджвання інфармацыі.

Акрамя таго, у цяперашні час у КПЧ ААН разглядаецца яшчэ адна скарга Андрэя Толчына па факце сістэматычных пераследаў і буйных штрафаў за фрылансерскую працу на польскі спадарожнікавы тэлеканал "Белсат".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства