Прыгоды Дар’і Рублеўскай, якая выпадкова патрапіла ў вір эпідэміі каранавіруса. Частка 2 Фота
Працягваем змяшчаць на сайце блог 20-ці гадовай Дар’і Рублеўскай, асістэнткі каардынатара адукацыйна-асветніцкіх праграм Беларускай праваабарончай школы, якая адчула сябе прыхварэлай і звярнулася ў “хуткую”. Нечакана для сябе яна стала кантактам другога ўзроўню, а затым і першага. Даша апісвае ў сваіх пастах у сацыяльных сетках аб тым, што яна перажыла і з чым сутыкнулася ў сценах мінскіх лякарняў.
Папярэдняя гісторыя скончылася тым, што а 3 начы 4 красавіка да нас у палату (дзе ўсё яшчэ ніхто нічога не прадэзінфікаваў, не прыбраў бялізну з ложка Валянціны) прыйшла медсястра і сказала збіраць рэчы. Куды, навошта, наколькі - не адказала.
Нас, траіх, пераводзілі разам з суседкамі па блоку, якія агулам нават не бачылі Валянціну, але праз тое, што мы карысталіся аднымі прыбіральняй і душавой, іх таксама ўключылі ў кантакт першага ўзроўню.
Мы былі моцна напалоханыя, нават панікавалі. Самым цяжкім і нервуючым было тое, што з намі ніхто не размаўляў. Адчувалі сябе як у лепшыя гады Савецкага Саюза, з бясконцымі забаронамі на агучванне хаця б нейкай рэчаіснасці, хаця б чагосьці. У мяне нават паднялася тэмпература, але агулам я намагалася трываць: не плакала, не гістэрыла. Толькі маці не давала заснуць, бясконца ёй напісывала. Мне падавалася вельмі важным знайсці чалавека, якому адразу і падрабязна ўсё распавядаць. Але апынулася, што я яе суцяшала болей, чым яна мяне.
Дар’я Рублеўская пра каранавірус, людзей Йеці і свае трывогі. Частка 1
Цікавы факт: калі мы ішлі рабіць рэнтген на першы паверх, то ўсім выдавалі бахілы, новую маску, халат і шапачку. Калі нас вялі на іншы паверх, то сказалі толькі нацягнуць маскі. Цяпер нам, дарэчы, маскі зусім не выдаюць. Кажуць, што для нас у іх нічога няма, але пры гэтым пры любым кантакце з медперсаналам мы мусім быць у масках.
Мы ішлі на працэдуру сваёй палатай і яшчэ з трыма хлопчыкамі, якія апынуліся ў такой жа сітуацыі - праляжалі двое сутак з дзядуляй, якому прыйшоў станоўчы вынік тэста. Трыма днямі пазней да іх ізноў падселяць мужчыну, у якога потым знойдзецца вірус. І гэтых рабят ізноў перавядуць у іншы пакой і вымусяць прачакаць новыя 7 дзён да паўторнага тэставання.
Па прыходзе на паверх ніжэй нас раздзялілі: хлопчыкі пайшлі ў правае крыло аддзялення, мы ў левае. Мая суседка так хвалявалася апынуцца з кімсьці незнаёмым ў пакоі, што абрала самы маленькі пакойчык блока. Цяпер мы адплочваемся за гэты выбар, бо праз вялізнае акно ў шырыню пакоя цэлы дзень пячэ сонца. Мы, канешне, ужо звыкліся выходзіць на сіесту з 11 да 17 гадзін, але +25 у невялічкім пакоі, утраіх пераносіць усё ж такі даволі цяжка. У нашым пакоі няма стала, як і шафы - уся верхняя вопратка вісіць на вешалцы ля дзвярэй. Ёсць толькі ложкі і невялічкія тумбы, ды яшчэ ракавіна.
Упершыню з намі пра тое, што адбываецца, пагутарылі толькі падчас абыходу лекара наступнай раніцай. Павіншавалі з пераходам у статус першакантактных і сказалі, што паўторнае тэставанне будзе адбывацца праз 7 дзён пасля кантакту з хворай. А пакуль будуць працягваць лекаваць сімптомы і назіраць за намі. Агулам, медперсанал нас спярша цураўся, але зараз інакш - размаўляюць, упэўніваюць, што ўсё будзе добра і нават часам жартуюць, калі прыносяць нам нашыя перадачкі. Дарэчы, без кантакту: у галоўны ўваход прыносяць пакет з паперкай "імя і прозвішча, паверх і пакой".
Самымі ветлівымі і нашымі “любіміцамі” стаў як раз той склад медперсанала, які прымаў нас уначы.
Дзень вымяраецца зараз пункцірамі: “замер тэмпературы і раздача лекаў - сняданак - прыборка пакоя - абыход лекаркі - абед - вячэра - замер тэмпературы”. Больш нас ніхто не турбуе. Сёння, на шосты дзень нашага прыбывання, нам прынеслі антысептык для дэзынфекцыі агульна карыстаемых паверхняў. Мяркуем, гэта зрабілі праз тое, што ў суседкі па блоку абвастрылася хвароба.
Лекі: лекуюць сімптаматычна + антыбіётыкі і супрацьвіруснае. Ніякіх працэдур, вядома, не робяць.
Ежа: цярпімая, часам нават смачная. Усё падаецца порцыямі ў індывідуальных пластыкавых пакунках. Моцна хочацца спадзявацца, што гэта неяк потым дэзінфікуецца і перапрацоўваецца, але мы ж усё разумеем...
Самае цяжкае зараз - гэта чаканне. Чаканне ва ўмовах, калі мы бачым лічбы і чуем размовы персанала аб запоўненых лякарнях, аб бясконцых зменах і несуразнасці агульнай сістэмы. Чаканне ва ўмовах, калі не можаш не ўзгадваць, колькі разоў былі вымытыя рукі падчас прыбывання ў адной палаце з Валянцінай, калі намагаешся ацаніць “на вока” адлегласць паміж ложкамі і ціхенька спадзяешся, што твой імунітэт мацнейшы ўсяго гэтага і вытрывае. Больш за ўсё хвалюецца суседка, якая ляжала бліжэй за астатніх да Валянціны, і па волі лёсу апынулася самай старэйшай з нас.
Паўторнае тэставанне зробяць заўтра, вынік абяцаюць ужо ў пятніцу. Калі - адмоўны, то выпісваюць на хатні карантын і назіранне паліклінікі на 7 дзён, а потым яшчэ адзін тэст. Калі станоўчы, то тут жа мусяць перавезці ў інфекцыёнку. Але мы пра такі расклад намагаемся нават не думаць, хоць бы часам і любы, нават самы алергічны насмарк і галаўны боль праз духату падаюцца сімптомамі Таго Самага. Але спамзы ў страўніку зараз перацягваюць увесь балявы фон і вяртаюць да рэчаіснасці.
Я зараз складаю спіс таго, што з’ем у першую чаргу, калі апынуся дома: тушаную гародніну ў таматным соку, вішнёвае марозіва, “грынвіч” з Манкі Фуд. Сёння снілася віно і ранейшыя пасядзелкі з калегамі ды каляжанкамі. Хочацца хутчэй, як мага хутчэй вярнуцца хаця б у сваю кватэру (хоць бы і боязна, бо забылася выкінуць смецце, калі забірала хуткая).
Ад рэдакцыі: Дар'я, вернешся і мы цябе вельмі чакаем!