viasna on patreon

Блог Валянціна Стэфановіча: КАРОНА-вірус

2020 2020-04-07T12:29:26+0300 2020-04-07T14:16:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/blog_stefanovic_karona.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Удзельнік акцыі пратэсту супраць вынікаў рэферэндума на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, 19 кастрычніка 2004 г.

Удзельнік акцыі пратэсту супраць вынікаў рэферэндума на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, 19 кастрычніка 2004 г.

Эпідэмія каранавірусу, якая разбушавалася ў свеце і адцягнула ўсю ўвагу міжнароднай супольнасці і СМІ, засланіла сабой не менш драматычныя падзеі, якія разгарнуліся ў суседняй з намі Расіі. Палітычны КАРОНА-вірус аўтарытарызму падобна ўсур’ёз і надоўга ахапіў нашых суседзяў і прыняў скрайнія формы гэтага захворвання – пажыццёвае знаходжанне ва ўладзе дзеючага прэзідэнта, які пасля ўнясення адпаведных зменаў у Канстытуцыю і ўхвалення іх на агульнанацыянальным рэферэндуме (хто б сумняваўся) спакваля ператвараецца ў сапраўдную КАРАНАваную асобу.

Трэба сказаць, “захворванне” гэтае (КАРОНА-вірус) на прасторах былога СССР не новае. У той ці іншай форме ім перахварэлі шмат якія краіны Цэнтральнай Азіі і нашая з вамі родная Беларусь. Мы прайшлі сваё “абнуленне” прэзідэнцкіх тэрмінаў даўно, яшчэ ў 2004 годзе. За шаснаццаць гадоў, якія прайшлі з тых часоў, шмат вады ўцякло, выраслі новыя пакаленні, а тыя, хто нарадзіўся ў той год, сёлета будуць атрымліваць свой першы пашпарт.

Ужо ў  гэтым, 2020 годзе нас чакаюць чарговыя выбары, і хто памятае, на які тэрмін ЯГО будуць абіраць? Не кожны з ходу адкажа. Лукашэнка даўно ператварыўся ў масавай свядомасці людзей ў пэўную прыродную з’яву: у дождж і вецер, у зіму і лета. Хіба можна з гэтым нешта зрабіць?

Эпідэмія аўтарытарызму – штука складаная. І хварэюць на яе не толькі нязменныя дыктатары, што прагнуць улады, але і грамадства, якое гэтай уладай іх надзяляе, прымае, трымае і трывае. Шлях грамадства да поўнага выздараўлення цяжкі і доўгі, ён патрабуе нястрымнай прагі да аздараўлення.

Першы прэзідэнт Беларусі, абраны на першых у гісторыі незалежнай краіны прэзідэнцкіх выбарах у 1994 годзе, ужо на дзясятым годзе кіравання задумаўся аб забеспячэнні свайго вечнага знаходжання ва ўладзе. Перашкодай у дасягненні гэтай салодкай мары быў арт. 81 Канстытуцыі краіны, які ўтрымліваў абмежаванні знаходжання ва ўладзе адной і той жа асобы – не болей за два прэзідэнцкія тэрміны. Каб ліквідаваць гэтую нязначную фармальнасць на шляху да вечнасці, трэба было ўсяго толькі арганізаваць усенародны рэферэндум. Каб усё было прыгожа і, вядома ж, як водзіцца, па шматлікіх просьбах “трудзяшчыхся”. Тым больш, што паспяховы досвед правядзення рэферэндумаў на той момант ва уладаў ужо быў.

У траўні 1995 года быў праведзены першы ініцыяваны А. Лукашэнкам рэферэндум па змене нацыянальнай дзяржаўнай сімовілікі на мілую сэрцу большасці нашых савецкіх суграмадзян сімволіку БССР, а таксама аб наданні статуса дзяржаўнай рускай мове. Рэферэндум той быў важны для Лукашэнкі, бо дазваляў яшчэ болей абаперціся на савецкую кансерватыўныю большасць і, як вынік, атрымаць яшчэ большую ўсенародную падтрымку і любоў. Тое, што такім чынам першы прэзідэнт незалежнай краіны закладае міну запаволенага дзеяння пад тую самую незалежнасць, тады мала хто задумваўся і ўсведамляў. Зразумелым гэта стане значна пазней, пасля анэксіі Крыма, вайны на Данбасе і навязлівых прапановаў Крамля аб “паглубленай інтэграцыі-інкарпарацыі”. За гады кіравання А. Лукашэнкам мы ўсе дастаткова наслухаліся пра тое, што мы з рускімі адзіны народ, пра геапалітычную трагедыю развала СССР і г.д. Усе гэта ў сукупнасці з тым травеньскім рэферэндумам 1995 не спрыяла выпрацоўцы калектыўнага імунітэту нацыі супраць пагрозы рускага імперыялізму.

Другі рэферэндум 1996 года развіваўся на фоне супрацьстаяння паміж парламентам і Лукашэнкам. Гэта было драматычнае супрацьстаянне і кволая спроба часткі грамадства абараніць апошнія рэшткі дэмакратыі ў краіне. Наступствы тога рэферэндума былі не менш драматычнымі – разгон яшчэ абранага народам парламента, канцэнтрацыя ўсёй улады ў руках адной асобы і канчатковае юрыдычнае афармленне аўтарытарызму ў краіне. Некаторыя з тых, хто актыўна супрацьстаяў гэтаму, заплацілі пазней вялікі кошт: уласнай свабодай (дэпутаты А. Клімаў і У. Кудзінаў) і нават жыццём (Ю. Захаранка і В. Ганчар). Беларусь надоўга перайшла ў статус краіны-ізгоя, у замен на атрыманую неабмежаваную асабістую ўладу і два лішнія гады прэзідэнцкіх тэрмінаў Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле рэферэндума адлік прэзідэнцкіх тэрмінаў пачынаўся не ад моманту абрання Лукашэнкі ў 1994 годзе, а з моманту ўступлення ў сілу зменаў і дапаўненняў у Канстытуцыю, прынятых на рэферэндуме 1996 года.

Але час бег і наперадзе замаячыў 2006 год, выбары на другі прэзідэнцкі тэрмін. А што потым, праз пяць год? Усё, канец? Так проста змірыцца з гэтым наш Рыгорыч, вядома, не мог. Не такі ён у нас чалавек!

7 верася 2004 года сваім Указам за № 431 А. Лукашэнка прызначае чарговы рэферэндум, на які будзе вынесена наступнае пытанне:

“Ці дазваляеце Вы першаму Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Лукашэнка А.Г. удзельнічаць у якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах Прэзідэнта і ці прымаеце частку першую артыкула 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларуксь у наступнай рэдакцыі:

Прызідэнт абіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове усеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры таемным галасаванні?”

blog_stefanovic_karona2.jpg
Улётка-запрашэнне на рэферэндум 2004 года

Рэферендум быў сумешчаны з выбарамі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і прайшоў 17 кастрычніка 2004 г.

Але далёка не ўсе пагадзіліся з такой пастаноўкай пытання. Дэмакратычная палітычная апазіцыя і незалежная грамадзянская супольнасць актыўна супраціўлялась навязванню пажыццёвага прэзідэнцтва. Найперш голасна было заяўлена, што дадзенае пытанне не можа выносіцца на рэферэндум і што гэта пярэчыць нормам Канстытуцыі і Выбарчага кодэкса. Дадзеную пазіцыю прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадскасці падтрымала ў сваім заключэнні і Венецыянская камісія Рады Еўропы. Беларускі Канстытуцыйны суд свайго заключэння на гэтую тэму не даваў і абмежаваўся вуснымі каментарамі свайго тагачаснага старшыні Васілевіча, які заявіў, што арт. 81 Канстытуцыі можа быць зменены шляхам усенароднага галасавання на рэферэндуме.

Пачаліся вулічныя пратэсты, якія, адпаведна, выклікалі хвалю жорсткіх рэпрэісій уладаў у адказ.

Праглядаючы зараз старонкі  Агляду-хронікі  ПЦ “Вясна” па сітуацыі з правамі чалавека ў 2004 годзе, разумееш і адчуваеш увесь драматызм і напружнанасць тых падзей, вастрынню і жорсткасць супрацьстаяння.

У 2004 годзе ў турмах знаходзяцца шматлікія палітвязні, сярод якіх навукоўца Юрый Бандажэўскі, былы міністр знешнеэканамічных зносін, амбасадар Беларусі ў Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі, дэпутат ВС 12 і 13-га скліканняў Міхаіл Марыніч, асуджаныя за знявагу прэзідэнта актывісты прадпрымальніцкага руху з Гародні Валер Леванеўскі і Аляксандр Васільеў.

Пагроза крымінальнага пераследу, асабліва па артыкулах Крымінальнага кодэксу 367 “Паклёп на адрас прэзідэнта”, 368 “Знявага прэзідэнта” і 369 “Знявага прадстаўніка ўлады” актыўна выкарыстоўвалась у 2004 годзе супраць крытыкаў існуючага рэжыму – праваабаронцаў, журналістаў, апазіцыйных палітыкаў. Так, крымінальныя справы за знявагу альбо за паклёп на адрас прэзідэнта ў 2004 годзе былі ўзбуджаныя ў адносінах да палітыка Андрэя Клімава, лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, журналісткі Ірыны Халіп, праваабаронцы, намесніка старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйлы, грамадзкай актывісткі Аксаны Новікавай. Толькі за студзень-ліпень 2004 годзе было узбуджана 10 крымінальных справаў па палітычных матывах.

Зведалі крымінальны пераслед за сваю актыўную праваабарончую дзейнасць і прынцыповую пазіцыю адносна рэферэндума нашыя калегі, праваабронцы БХК. Так, за нібыта нясплату падаткаў па афіцыйна вызваленаму ад падактаабкладання рашэннем Урада праграмы ТАСІС была узбуджаная крымінальная справа ў дачыненні да тагачаснай старшыні БХК Таццяны Процька і бугалтаркі арганізацыі Таццяны Радкевіч. Пасля зварота БХК у Вярхоўны Суд з зыскам аб прызнанні дзеянняў Прэзідэнта па прызначэнні рэферэндума неправамоцнымі Мінюст, у сваю чаргу, звярнуўся у Вярхоўны Суд з іскам аб ліквідацыі БХК “за неаднаразовыя і грубыя парушэнні дзеючага закандаўства”. Пазней крымінальныя справы былі спыненыя, а зыск аб ліківідацыі адазваны, але з тых часоў і дагэтуль  БХК мае несплочанаю пазыку перад бюджэтам і арыштаваныя банкаўскія рахункі арганізацыі.

Пасля правядзення рэферэндума і заявы старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай аб элегантнай перамозе Лукашэнкі ў Мінску два дні праходзілі масавыя акцыі пратэсту. Тысячы грамадзян пратэставалі супраць гэтага прававога бязмежжа. Выключна мірныя сходы жорстка падаўляліся міліцыяй. Сотні людзей былі збітыя, затрыманыя і артыштаваныя, а арганізатары акцый пратэсту Павел Севярынец і Мікола Статкевіч пазней будуць асуджаныя да трох гадоў “хіміі” за арганізацыю “групавых дзеянняў, якія груба парушалі грамадскі парадак”.

А што дачычыцца “Вясны”, дык мы таксама не стаялі ў баку: праводзілі маніторынгі судоў, мірных акцый пратэсту, аказвалі дапамогу ахвярам палітычных рэрпрэсій, інфармавалі беларускае грамадства і міжнародную супольнасць аб тым, што адбываецца ў краіне, а таксама сваімі сіламі правялі манторынг парламенцкіх выбараў і рэферэндума. У заключных высновах па выніках маніторынгу, адзначыўшы што вынесенае на рэферэндум пытанне супярэчыла Канстытуцыі і Выбарчаму кодэксу, мы заявілі:

“Правабарончы цэнтр “Вясна” канстатуе, што выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і галасаванне на рэферэндуме не адпавядалі нацыянальнаму выбарчаму заканадаўству, міжнародным прынцыпам у галіне арганізацыі і правядзення выбараў, прынцыпам галоснасці, празрыстасці і дэмакратычнасці.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” на падставе правядзення маніторынгу ходу кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і рэспубліканскага рэферэндуму заяўляе пра поўную неадпаведнасць афіцыйных вынікаў выбараў і рэферэндума сапраўднаму волевыяўленню беларускага народа.”

А што было потым? Потым, пасля моцных замаразкаў, пачалася адліга 2007-2010 г. Палітычныя зняволеныя былі вызваленыя, распачаўся “дыялог” з Захадам. Працэс той адлігі скончыцца брутальным разгонам дэманстрацыі 19 снежня 2010 г. і новымі, не бывалымі дагэтуль замаразкамі. Змаразкамі, якія паспрабуюць замарозіць нават “Вясну”. Потым, у 2015 палітвязні будуць вызваленыя і пачецца новая адліга… КАРОНа-вірус – хвароба доўгая і зацяжная… Але ў выніку нашае здароўе ў нашых руках.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства