Хлопец апублікаваў у тэлеграм-чаце калаж пра міліцыянта і пракурора. На яго склалі пратакол
На жыхара Заслаўля Івана Красоўскага склалі пратакол за “дэманстрацыю нацысцкай сімволікі” (арт. 17.10 КаАП). Пра гэта ў Facebook паведаміла актывістка dissident.by Марына Касінерава.
Каб скласці адміністрацыйны пратакол, чацвёртага красавіка хлопца затрымалі і прывезлі ў РАУС Заслаўскага раёна. З дома Красоўскага забралі жорсткі дыск і камеру GoPro. Пасля складання пратакола яго адпусцілі.
Хлопца падазраюць у тым, што ён нібыта апублікаваў у адным з беларускіх адкрытых тэлеграм-чатаў карцінку-калаж, дзе ўтрымлівалася выява сцягу Трэцяга рэйху. А менавіта – фотаздымак міліцыянта і дзяржаўнага абвінаваўцы (якія выступалі на судзе Мікіты Емяльянава і Івана Комара), на адзенні якіх і былі дамаляваны сцягі.
Іван Красоўскі часта прыходзіў на суды да актывістаў, каб выказаць ім падтрымку.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96