viasna on patreon

Пакуты Алеся Чахольскага: 15 сутак арышту, пнеўманія і няўцямныя адказы на скаргі Дакумент

2020 2020-04-06T12:42:25+0300 2020-04-14T11:13:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/chaholski_.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Чахольскі. Фота Радыё Рацыя

Алесь Чахольскі. Фота Радыё Рацыя

Яшчэ 27 снежня 2019 года судом Цэнтральнага раёна сакратар КХП БНФ 61-гадовы Алесь Чахольскі быў асуджаны на 15 сутак арышту за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту супраць паглыбленай інтэграцыі з Расіяй.

Знаходзячыся ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў пад арыштам, ён скардзіўся на ўмовы ўтрымання там. А пасля вызвалення ў яго быў моцны кашаль. Алесь Чахольскі сам з'яўляецца медыкам па прафесіі і таму не стаў адкладаць візіт да ўрача. У паліклініцы №31 мужчыне зрабілі здымак грудной клеткі, пасля чаго паставілі дыягназ – "пазабальнічная пнеўманія левага лёгкага". Алесю Чахольскаму было прызначанае лячэнне, якое ён праходзіў у "Мінскім клінічным цэнтры фізіяпульманалогіі".

Разам з тым, мужчына з дапамогай праваабаронцаў "Вясны" падрыхтаваў і накіраваў у ГУУС Мінгарвыканкама скаргу на ўмовы яго ўтрымання ў ЦІП. У ёй ён указаў, што на працягу ўсяго тэрміну ўтрымання ў ізалятары быў пазбаўлены элементарных бытавых прыладаў: туалетная папера і брытвавы станок не выдаваліся, ва ўсіх камерах, дзе знаходзіўся, адсутнічалі дэзінфікуючыя сродкі для мыцця посуду і санітарнага вузла.

"За 15 сутак утрымання ў ізалятары я змяніў чатыры камеры. Адпаведна кожны раз я спаў на розных матрацах, падушках і коўдрах, якія мелі спецыфічны непрыемны пах, што сведчыць аб тым, што яны не праходзілі пражарку. На працягу ўсяго тэрміну я адчуваў сябе дрэнна з-за неэфектыўнай сістэмы выцяжной вентыляцыі, што дадавала больш пакутаў з-за майго сталага ўзросту", – падкрэсліваў у скарзе Алесь Чахольскі.

На яго думку, усе названыя факты з'яўляюцца парушэннем абзаца 12 часткі 2 артыкула 18.7 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях – "у месцах адбыцця адміністрацыйнага арышту дзейнічаюць Правілы ўнутранага распарадку, якія ўстанаўліваюць парадак забеспячэння санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту".

Акрамя таго Алесь Чахольскі звяртае ўвагу і на тое, што за ўвесь час у ЦІП яго выводзілі на штодзённыя прагулкі цягам не больш за 20 хвілін, замест належнай гадзіны (ч.7 арт. 18.7 ПВКаАП).

"Адсутнасць дастатковай колькасці свежага паветра наносіла мне цяжкія пакуты як чалавеку сталага ўзросту і які мае хранічныя захворванні: ішэмічная хвароба сэрца, стэнакардыя, язва страўніка і 12-перстнай кішкі", – указваў у скарзе мужчына.

Ён прасіў ГУУС Мінгарвыканкама правесці службовую праверку па выкладзеных ім фактах аб парушэнні яго правоў падчас адбыцця адміністрацыйнага арышту.

Аднак адказу на сваю скаргу ён так і не дачакаўся. Праз месяц Алесь Чахольскі быў вымушаны звярнуцца ў МУС са скаргай на непрадастаўленне адказу на зварот ГУУС. У ёй актывіст указваў, што цягам месяца не атрымліваў ніякай карэспандэнцыі, у тым ліку паведамлення аб пакіданні ягонай скаргі без разгляду. Хаця, згодна з раздзелам па сачэнні за паштовымі адпраўленнямі на сайце РУП «Белпошта», яму вядома, што скарга была ўручаная супрацоўнікам ГУУС 17 студзеня 2020 года.

Алесь Чахольскі прасіў МУС правесці праверку неправамернасці дзеянняў ГУУС, прызнаць факт парушэння яго права на атрыманне адказу на зварот, прадугледжанага Законам "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў", а таксама прыцягнуць кіраўніка ГУУС да адказнасці за неналежную працу са зваротамі.

Начальнік упраўлення наглядна-выканаўчай дзейнасці МУС Сяргей Нікель даў адказ актывісту праз тры дні. У ім ён адзначыў, што зварот Алеся Чахольскага ўважліва вывучаны, парушэнняў не ўстаноўлена.

Акрамя таго, у адказе падкрэсліваецца:

"Усе факты, указаныя ў звароце, аб'ектыўна даследаваныя, аб чым вам быў накіраваны ва ўстаноўлены законам тэрмін вычарпальны адказ".

Аднак у копіі "вычарпальнага адказу", дададзенай да адказу з МУС і падпісанай намеснікам начальніка ГУУС Мінгарвыканкама Ігарам Падвойскім, указваецца толькі тое, што падчас праведзенай праверкі парушэнняў нормаў дзеючага заканадаўства, у тым ліку Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і правілаў унутранага распарадку месцаў адбыцця адміністрацыйнага арышту, з боку супрацоўнікаў ЦІП не выяўлена.

Пры гэтым ч. 1 арт. 18 Закона "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў" выразна рэгламентуе: 

"Пісьмовыя адказы павінны быць абгрунтаванымі і матываванымі (пры неабходнасці – са спасылкамі на нормы актаў заканадаўства), утрымліваць канкрэтныя фармулёўкі, якія аспрэчваюць або пацвярджаюць довады заяўнікаў.

У пісьмовых адказах на скаргі ў дачыненні да дзеянняў (бяздзейнасці) арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў і іх работнікаў павінны ўтрымлівацца аналіз і ацэнка названых дзеянняў (бяздзейнасці), інфармацыя аб прынятых мерах у выпадку прызнання скаргаў абгрунтаванымі".

Праваабаронца "Вясны" Аляксей Лойка, які аказваў юрыдычную дапамогу Алесю Чахольскаму, вельмі занепакоены нежаданнем кіраўніцтва ГУУС Мінгарвыканкама праводзіць належную ацэнку довадаў скаргі на ўмовы ўтрымання ў ЦІП.

"Цяпер людзі, якія змяшчаюцца ў месцах несвабоды, знаходзяцца ў яшчэ больш уразлівым становішчы перад пандэміяй, а значыць маюць патрэбу ў прадастаўленні дадатковых гарантый у частцы паляпшэння ўмоў утрымання, каб іх здароўю нічога не пагражала. І тут на дзяржаве ляжыць пазітыўны абавязак распачаць усе меры, каб здароўе людзей, якія знаходзяцца ў месцах несвабоды, не падвяргалася пагрозе", – падкрэсліў юрыст.

Праваабаронцы занепакоеныя становішчам зняволеных у сувязі з COVID-19

У сітуацыі, якая склалася ў сувязі з распаўсюдам каранавіруса, занепакоенасць праваабаронцаў выклікае становішча асобаў у месцах пазбаўлення волі, інфармацыя з якіх фактычна застаецца недаступнай для грамадскасці.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства