Слуцкага блогера будуць судзіць за несанкцыянаваны мітынг
Як паведамляе "Новы Час", супрацоўнікі міліцыі горада Слуцк распачалі адміністрацыйную справу супраць блогера, удзельніка праекту «Страна для жизни» Уладзіміра Няронскага за арганізацыю 15 сакавіка несанкцыянаванай сустрэчы з людзьмі каля рэчкі Случ.
"17 сакавіка я быў выкліканы ў аддзел Слуцкага РАУС для азнаямлення з матэрыяламі справы па факту правядзення несанкцыянаванага мітынгу. Першапачаткова суд нада мною планаваўся адбыцца ў гэты ж дзень, пасля быў перанесены на 25 сакавіка, — распавёў Уладзімір Няронскі.
Па словах Уладзіміра, у размове з прадстаўнікамі міліцыі ён спрабаваў спасылацца на канстытуцыйнае права грамадзян на сходы для абмеркавання сваіх праблем, аднак паразумення з міліцыянтамі не адбылося. Уладзімір запрасіў усіх неабыякавых людзей папрысутнічаць на судзе, каб сваёй прысутнасцю выказаць сваю незадаволенасць парадкамі ў Слуцку і падтрымаць чалавека, які змагаецца за справядлівасць.
Таксама блогер лічыць, што "супраць яго запланаваны ўсебаковы ціск, каб закрыць яму рот". Лічыць, што арганізацыя гэтага ціску будзе сыходзіць ад дзейснага мэра ў Слуцку Андрэя Янчэўскага, якога ён у адным з сваіх матэрыялаў на YouTube абвінаваціў у тым, што той не звяртае ўвагі на несправядлівасці ў рэгіёне.
Блогер Уладзімір Няронскі далучыўся да ініцыятывы «Страна для жизни» у другой палове лютага гэтага года.