Берасцейскіх актывістаў вінавацяць у паклёпе на супрацоўнікаў міліцыі
Экаактывіста Алега Вялава выклікаюць у міліцыю. Напярэдадні, ў чацвер, супрацоўнік міліцыі, які прадставіўся Тарасюком, па тэлефоне прапанаваў сустрэцца, каб уручыць позву. Пазней прапанаваў з'явіцца без позвы, паведамляе "Берасцейская Вясна".
“Я фізічна не мог ні таго, ні іншага, а па-другое, разумею, што з’явіцца давядзецца ў Ленінскі РАУС, пра які асабіста ведаю як пра месца у якім законы РБ часам не выконваюцца, і вырашыў перанесці сустрэчу на больш прымальны час. Таму сёння, 15 сакавіка, сам патэлефанаваў Тарасюку і прапанаваў перадаць мне позву з 12-00 да 13-00 на плошчы Леніна”, - паведаміў Вялаў.
Позву ў пазначаны час Вялаву ўручыў іншы супрацоўнік. Экаактывіст не стаў марнаваць час і сам патэлефанаваў Тарасюку і прапанаваў сустрэцца адразу.
“Як апынулася, заяву аб "паклёпе" напісаў на мяне супрацоўнік Ленінскага РАУС Яцэнка", - кажа экаактывіст.
А 14 сакавіка ў дачыненні да берасцейца Уладзіміра Мароза былі складзеныя адразу два пратаколы за паклёп на супрацоўнікаў міліцыі, паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк.
Па словах праваабаронцы, пратаколы па арт. 9.2 КаАП склалі на Мароза ў апорным пункце аховы правапарадку Ленінскага РАУС Брэста, куды яго выклікалі ў якасці асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс.
На актывіста напісалі заявы два супрацоўнікі Ленінскага РАУС. Яны палічылі паклёпам выказванні Мароза ў інтэрв'ю брэсцкаму блогеру Сяргею Пятрухіну, што гэтыя міліцыянты сведчылі ілжыва ў судзе і райаддзеле міліцыі.
У пачатку сакавіка Пятрухін ў сваім ютуб-праекце «Народны рэпарцёр» размясціў відэаролік «Віншуем з Днём міліцыі. Хлопцам з Ленінскага РАУС прысвячаецца» з гэтымі словамі Мароза.
Кісляк удакладніў, што Мароз меў на ўвазе суд Ленінскага раёна Брэста, які ў кастрычніку 2018 года на падставе паказанняў дадзеных міліцыянтаў прызнаў яго вінаватым па арт. 23.34 КаАП і аштрафаваў на 10 базавых велічыняў (245 рублёў) за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Праваабаронца нагадаў, што 13 сакавіка складзены пратаколы таксама па арт. 9.2 КаАП у дачыненні да праціўнікаў акумулятарнага завода Людмілы Карчэўскай і Аляксандра Марачэўскага.
Кісляк паведаміў таксама, што 24 сакавіка будуць судзіць Марачэўскага, 26 сакавіка - Карчэўскую, а 31 сакавіка - Мароза.