viasna on patreon

Праваабаронцы просяць Працоўную групу па адвольных затрыманнях не дапусціць далейшых арыштаў актывістаў

2020 2020-03-12T15:30:07+0300 2020-03-12T16:21:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/aan1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Юрысты Праваабарончага цэнтру "Вясна" накіравалі Працоўнай групе па адвольных затрыманнях ААН* паведамленне аб пераследзе блогераў і актывістаў за іх удзел у мірных акцыях пратэсту супраць “паглыбленай інтэграцыі” з Расіяй.

Акцыі праходзілі 7, 8, 20, 21 і 29 снежня 2019 года ў Мінску і абласных гарадах Беларусі, у іх прымалі ўдзел ад 500 да 1600 чалавек. З канца снежня 2019 года па люты 2020 года прайшлі суды над удзельнікамі гэтых і наступных пратэстаў, у выніку якіх актывісты і блогеры былі пакараныя за распаўсюд інфармацыі і за ўдзел у несанкцыянаваных сходах у выглядзе вялікіх штафаў і арыштаў (арт. 23.34 КаАП). Пастановы аб арыштах былі вынесеныя ў дачыненні да 14 чалавек і сумарна склалі 405 сутак.

Адзін з тых, хто быў арыштаваны, полацкі відэаблогер Алесь Круткін у дадзены момант адбывае чарговы арышт у Ізалятары часовага ўтрымання Віцебска. Сумарна ён павінен адбыць 45 сутак арышту.

Варта адзначыць, што ІЧУ прадугледжаныя для кароткачасовага знаходжання там затрыманых і арыштаваных на тэрмін да 25 сутак, яны не прадугледжаныя для адбыцця вялікіх тэрмінаў пакарання. Так як пасля адбыцця арышту Алесь Круткін  не вызваляўся, а ўжо двойчы падвяргаўся новаму арышту, выклікае насцярогу, што пасля адбыцця 45 сутак арышту ён можа атрымаць новыя 15 сутак арышту за ўдзел у снежаньскіх акцыях пратэсту ці заклікі да іх.

Падчас снежаньскіх пратэстаў былі рэпрэсаваныя і іншыя відэаблогеры. Так, Дзмітрыю Казлову з Барані, больш вядомаму як “Шэры кот”, пастановамі судоў быў прызначаны арышт на агульны тэрмін у 120 сутак (восем судовых рашэнняў, кожнае з каторых па 15 сутак адміністрацыйнага арышту). За кратамі ён прабыў 26 сутак, аднак ў любы момант можа быць затрыманы і кінуты ў ІЧУ для адбывання арышту да 94 сутак. Праваабарончыя арганізацыі прынялі сумесную заяву, у якой патрабуюць спыніць пераслед Дзмітрыя Казлова і прызнаюць яго палітзняволеным на час арышту.

Яшчэ адзін блогер з Гомеля Сяргей Ціханоўскі прыязжаў у Мінск, каб асвятляць мітынгі ў прамой трансляцыі, але быў затрыманы і пакараны 30 суткамі арышту, палову з якіх ужо адбыў за кратамі. Блогер можа быць затрыманы ў любы момант і адпраўлены пад арышт яшчэ на  15 сутак.

Сустаршыня незарэгістраванай партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павел Севярынец за арганізацыю і ўдзел у мірных акцыях пратэсту быў неаднаразова асуджаны да адміністрацыйнага арышту. За кратамі ён адбыў 15 сутак, але ў любы момант можа быць затрыманы і арыштаваны яшчэ 30 сутак, згодна з пастановамі суда.

Актывіст “Маладога фронту” Максім Урбановіч таксама прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за ўдел у мірных сходах і быў двойчы пакараны 15 суткамі арышту, палову з якіх ужо адбыў за кратамі. Яшчэ на 15 сутак ён можа быць змешчаны ў ІЧУ ў любы час.

Сустаршыня грамадскага руху “Рух салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык тройчы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, прадугледжанай ч. 3 арт. 23.34 КаАП. Актывіст быў вымушаны з’ехаць з краіны, і ў выпадку яго вяртання цягам аднага года пасля накладання адміністрацыйных арыштаў – будзе арыштаваны на 45 сутак.

Праваабаронцы “Вясны” лічаць, што ўсе выпадкі пазбаўлення волі з’яўляюцца адвольнымі затрыманнямі, бо абумоўленыя рэалізацыяй правоў і свабодаў, гарантаванымі Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

“Нягледзячы на тое, што ўсе ўказаныя асобы, акрамя Алеся Круткіна, у дадзены момант знаходзяцца на волі, вынясенне па ім Працоўнай групай меркаванняў з’яўляецца неабходным у адпаведнасці з пунктам 17 (а) Метадаў, так як дадзеныя выпадкі адвольных затрыманняў сведчаць пра сістэмную практыку ціску дзяржавы на выказванне грамадскага меркавання па значнаму для грамадства пытанню – палітыцы і практыцы дзяржавы адносна працэсаў інтэграцыі Беларусі і Расіі, якія фарміруюцца і здзяйсняюцца ў схаваным ад грамадскасці рэжыме”, – адзначаюць праваабаронцы “Вясны”.

Яны просяць неадкладна накіраваць дзяржаве просьбу аб вызваленні Алеся Круткіна, які ўжо правёў у зняволенні 45 сутак, а таксама не дапусціць выканання судовых рашэнняў аб арышце Дзмітрыя Казлова, Паўла Севярынца, Сяргея Ціханоўскага, Максіма Урбановіча і Вячаслава Сіўчыка. У іншым выпадку іх адвольнае пазбаўленне волі і знаходжанне пад арыштам нясе ў сабе высокую рызыку для фізічнага і псіхалагічнага здароўя, паколькі ўмовы адбывання адміністрацыйнага арышту ў ізалятарах часовага ўтрымання не прыстасаваныя для доўгатэрміновага прыбывання ў іх.

“Акрамя таго, апісаная практыка аказвае астуджальны эфект на актыўных членаў грамадства і перашкаджае рэалізацыі права на свабоднае выказванне меркавання па грамадска значным пытанням”, – падкрэсліваецца ў паведамленні.

Даведка:

*Працоўная група па адвольных затрыманнях Арганізацыі Аб'яднаных Нацый была заснаваная ў 1991 годзе. Яна прымае меры ў дачыненні да інфармацыі, якая прадастаўляецца ёй і тычыцца выпадкаў адвольнага затрымання і пазбаўленне волі, шляхам накіравання адпаведным урадам тэрміновых заклікаў або паведамленняў для высвятлення сітуацыі і/або давядзення да ведама аб сітуацыі. Працоўная група таксама разглядае індывідуальныя скаргі.

На дадзены момант Працоўная група ўключае ў сябе пяць незалежных членаў з розных краінаў: Мексікі, Аўстраліі, Латвіі, Рэспублікі Карэя, Беніна.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства