viasna on patreon

Музыка паскардзіўся на беларускія ўлады ў ААН

2020 2020-03-12T10:59:09+0300 2020-03-12T11:00:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kancert_k.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Вакаліст мінскай музычнай групы з дапамогай юрыста "Вясны" Аляксея Лойкі звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН з індывідуальным паведамленнем аб умяшальніцтве дзяржавы ў свабоду творчага выказвання меркавання.

kancert_k.jpg
Ілюстрацыйнае фота з канцэрту "Рок за жыццё-2019". Фота: spring96.org

Што адбылося?

Музыка Дзмітрый чатыры гады з'яўляўся вакалістам мінскай музычнай групы, якая рэгулярна выступала ў розных гарадах Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Чэхіі і Германіі. Гэтай групай зацікавіўся ГУБАЗіК МУС. Прычынамі такой павышанай цікавасці сталі пяць песень гэтай групы, якія, на думку ўладаў, нібыта ўтрымлівалі заклікі да звяржэння ўлады неканстытуцыйным шляхам.

«Мы хацелі сваімі песнямі данесці да аўдыторыі ідэі роўнасці і братэрства. Паказаць людзям, што не мае значэння якога колеру скура чалавека, яго пол і паходжанне. Мы адмаўляем гвалт ва ўсіх яго формах. Праз свае песні я, у тым ліку, выказваю свае погляды на падзеі, якія адбываюцца ў грамадстве, пераважна ў грамадска-палітычнай сферы», — распавядае музыка ў індывідуальным паведамленні ў Камітэт па правах чалавека.

Юрыст "Вясны" Аляксей Лойка, працуючы з гэтай справай, адзначае, што ў адносінах да вакаліста гэтай музычнай групы супрацоўнікі ГУБАЗіК, здаецца, выпрабавалі ўсе метады ціску: вярбоўка, пагроза ЛПП і пазбаўленнем волі па артыкуле 130 Крымінальнага кодэкса.

У выніку Дзмітрыю вынеслі афіцыйнае папярэджанне "аб недапушчальнасці здзяйснення дзеянняў, якія могуць ўгледжваць прыкметы экстрэмізму". Пры гэтым яму ніякага дакумента на рукі выдадзена не было, хоць ён потым яшчэ раз звяртаўся ва ўпраўленне. Музыканту паведамлялі, што ён выклікаўся ў ГУБАЗіК для размовы без працэсуальнага статусу. І толькі пасля звароту ў Генеральную пракуратуру са скаргай на дзеянні супрацоўніка ўпраўлення, ён убачыў у іх адказе, што яму сапраўды было вынесена афіцыйнае папярэджанне.

Якія правы парушаюцца на думку музыкі?

Самае цікавае ў гэтай справе тое, што ў афіцыйным папярэджанні ГУБАЗіКа і іншых дакументах не было адзначана, якія менавіта фразы ў тэксце песен расцэньваюцца імі як праява экстрэмізму. Не тлумачылася гэтага і ў пастановах судоў, уключаючы Вярхоўны суд, у якія скардзіўся музыка на дзеянні супрацоўнікаў ГУБАЗіК. Таму музычны гурт не разумеў, што правамерна, а што не, якія песні можна выконваць, а якія не. Таму музычная група вымушаная была прыпыніць выкананне сваіх песен. Акрамя таго, двое ўдзельнікаў калектыва пакінулі групу. Асноўнай прычынай гэтага была рэальная пагроза пакарання за выкананне песен.

"У сукупнасці названыя абставіны аказалі астуджальны эфект на далейшы працяг творчай дзейнасці мною і іншымі ўдзельнікамі гурта", — адзначае музыкант.

На думку Дзмітрыя, аб'яву афіцыйнага папярэджання за выкананне і распаўсюджванне ў сетцы Інтэрнэт песен гурта, пацверджанне яго законнасці нацыянальнымі судамі з'яўляецца абмежаваннем права на свабоднае выказванне меркавання, паколькі гэтыя дзеянні дзяржаўных органаў азначаюць фактычную забарону на выкананне гэтых песен пад рэальнай пагрозай прымянення пакарання. Таксама абгрунтаванне афіцыйнага папярэджання супрацоўнікамі ГУБАЗіКа Законам «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» яшчэ раз пацвярджае практыку прымянення антыэкстрэмісцкага заканадаўства для барацьбы з іншадумствам.

Супрацьдзеянне экстрэмізму і правы чалавека

СУМЕСНЫ АНАЛІТЫЧНЫ ДАКЛАД ПРАВААБАРОНЧЫХ АРГАНІЗАЦЫЙ БЕЛАРУСІ.

А што думае праваабаронца па гэтай справе?

Згодна з міжнароднай практыкай, тыя, хто ствараюць, выконваюць, распаўсюджваюць або выстаўляюць творы мастацтва, спрыяюць абмену ідэямі і думкамі, мае важнае значэнне для дэмакратычнага грамадства. Выказванне меркавання шляхам стварэння і выканання песень як мастацкіх твораў падпадае пад абарону артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Спецыяльны дакладчык па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне ў сваім дакладзе адзначаў, што «міжнароднае права забараняе некаторыя формы выступу з-за іх наступстваў, а не з-за іх зместу як такога» і «мастацкі выраз варта разглядаць са спасылкай на яго мастацкую каштоўнасць і кантэкст, улічваючы, што мастацтва можа быць выкарыстана, каб выклікаць моцныя пачуцці без намеру падбухторвання да гвалту, дыскрымінацыі або варожасці».

Юрыст "Вясны" Аляксей Лойка адзначае, што гэтая справа выдзялялася з шэрагу экстрэмісцкіх справаў, якія ўспыхнулі восенню 2018 года, брутальнасцю і нявызначанасцю дзеянняў органаў дзяржавы.

«Чалавеку ў дадзенай сітуацыі нават не выдалі ніякага дакумента, не растлумачылі парадак абскарджвання. Толькі з адказу на скаргу ў Генпракуратуру стала вядома, што гэта за мера. І толькі тады з калегамі мы ўжо змаглі пачаць праваабарончую працу над гэтым кейсам.

Працуючы з гэтай справай, мы яшчэ раз пераканаліся, што беларускія ўлады выкарыстоўваюць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для падаўлення свабоды выказвання меркавання. Відавочна, што ў дадзеным выпадку ГУБАЗіК выпрабоўваў новыя формы ціску на чалавека.

Праваабаронцы не раз звярталі ўвагу на нізкую якасць беларускага заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму. Ёсць праблема з невыразнымі фармулёўкамі Закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму», якія па сутнасці надзяляюць дзяржорганы неабмежаванымі магчымасцямі. Гэта стварае небяспеку для самавольства пры абмежаванні правоў чалавека. І справа дадзенай музычнай групы таму яркае пацвярджэнне».

У індывідуальным звароце музыка просіць Камітэт ААН не толькі прызнаць факт парушэння дзяржавай яго правоў, абавязаць Беларусь прадаставіць яму эфектыўны сродак прававой абароны, уключаючы выплату належнай кампенсацыі, але і рэкамендаваць дзяржаве перагледзець антыэкстрэмісцкае заканадаўства, каб не надзяляць законам неабмежаванымі паўнамоцтвамі дзяржаўныя органы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства