viasna on patreon

У ААН разгледзяць скаргі ўдзельнікаў акцыі салідарнасці з прафсаюзам РЭП

2020 2020-02-20T15:49:41+0300 2020-02-20T15:49:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_profsoyz-big.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як паведамляе "Гомельская Вясна", Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў і накіраваў беларускаму ўраду для каментароў індывідуальныя скаргі ўдзельнікаў акцыі салідарнасці з прафсаюзам РЭП Аляксандра Абрамовіча з Барысава, Маі Навумавай з Мінска і Паўла Мрочкі з Брэста.

sud_profsoyz-big.jpg
24 жніўня 2018. Акцыя пратэсту пасля абвяшчэння прысуду Фядынічу і Комліку. Фота: ПЦ "Вясна"

Пра гэта 20 лютага офіс Вярхоўнага камісара па правах чалавека праінфармаваў іх прадстаўніка, праваабаронца Леаніда Судаленка. Адвакат правоў чалавека нагадаў, як у жніўні 2018 году актывісты разам з іншымі пратэставалі каля Дома правасуддзя ў Мінску супраць вынясення абвінаваўчага прысуду Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку, а таксама ў падтрымку незалежнага прафсаюза РЭП. Іх затрымалі і абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Паўла Мрочку суд тады аштрафаваў на 20, Маю Навумаву на 40 і Аляксандра Абрамовіча на 50 базавых велічыняў. Абскарджанне штрафаў у Мінгарсудзе выніку не прынесла, пасля чаго актывісты сталі адразу ж шукаць абароны сваіх правоў на міжнародным узроўні.

Праваабаронца Леанід Судаленка лічыць, што іншага шляху, акрамя як падымаць гэтыя пытанні на міжнародным узроўні не існуе, а прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці павінны паказваць, што мірныя сходы, у тым ліку і стыхійныя як у дадзеным выпадку, гэта не тое, на што трэба пытаць дазвол у дзяржавы.

«У разуменні еўрапейскіх каштоўнасцяў і стандартаў правоў чалавека свабода мірных сходаў і выказвання меркаванняў, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых асоб, з'яўляюцца абсалютнымі, нашы ж чыноўнікі лічаць, што могуць ўстанаўліваць іншыя правілы. Калі на гэтыя рэчы не звяртаць увагі, заўтра ў нас могуць з'явіцца свае правілы, напрыклад дарожнага руху», — падкрэслівае эксперт.

Леанід Судаленка адзначыў, што пасля рэгістрацыі тэрмін разгляду скаргаў у Камітэце ААН па правах чалавека складае ад 3-х да 5-ці гадоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства