Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 21:05 (паўтор у суботу ў 8:05) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” — праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека.
Хроніка: суды над удзельнікамі акцый за незалежнасць працягваюцца. На 27 студзеня агульная сума штрафаў, атрыманых удзельнікамі акцый, склала амаль 60000$. Да гэтых дадзеных 27 студзеня дадалі і штраф, які атрымала актывістка “Моладзевага блока” Алана Гебрэмарыям. Раней яе справу адправілі на дапрацоўку, бо ў пратаколе былі пазначаныя не тыя дадзеныя. Актывістка распавядзе, як хадзіла у РУУС і як праходзіла яе судовае пасяджэнне.
А у судзе Цэнтральнага района прыцягнулі да адказнасці пісьменніка Лявона Баршчэўскага і моваазнаўца Пятра Садоўскага. “Парадоксы гісторыі – у тым , што суды адбываліся ў былым будынку Ліцэя ім. Коласа, дзе яны ў свой час працавалі выкладчыкамі”, – адзначыў Алесь Бяляцкі.
Каментар: Шэсць пратаколаў разгледзела Камісія па справах непаўналетніх у дачыненні да 17-гадовага Арсенія Дзядка. Усе пратаколы звязаныя з апошнімі мірнымі сходамі, што прайшлі напрыканцы мінулага года (пачынаючы з “сустрэчы блогераў” 8 лістапада і – да некалькіх акцый за незалежнасць у снежні). Якія ўражанні у самаго Арсенія і чым жа усё скончылася?
Асоба: 83-х гадовага Яна Грыба часта можна пабачыць на розных акцыях. “З 1988-га года я не прапусціў ні адной з іх”. А за апошнія мірныя сходы за незалежнасць актывіста ўжо пакаралі на 60 базавых велічынь (1620 рублёў). Хто ж ён — Ян Грыб? Прапануем бліжэй пазнаёміцца з гэтай цікавай асобай.
Падзея: 27 студзеня адзначаецца Міжнародны дзень ахвяраў Халакосту. Малалетні вязень гета Леанід Абрамавіч падзеліцца сваімі ўспамінамі, філосаф-метадолаг Уладзімір Мацкевіч растлумачыць розніцу паміж дзяржаўнай палітыкй і бытавым антысемітызмам, а праваабаронца “Вясны” Наталля Сацункевіч распавядзе, як тэма Халакосту паўплывала на станаўленне правоў чалавека.
У музычных паўзах — кампазіцыі ў выкананні гурта Палац.