Гомель: Барысу Анікееву прысудзілі штраф за ўдзел у акцыі ў Мінску
Гомельскага актывіста Руху “За свабоду” Барыса Анікеева пакаралі штрафам памерам 15 базавых велічыняў за ўдзел у акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі.
Паводле Беларускага Радыё Рацыя, такое рашэнне вынес 27 студзеня суддзя Чыгуначнага раённага суда Гомеля Мікалай Крупадзёраў.
Паводле аштрафаванага актывіста Барыса Анікеева, ніякай інтрыгі ў працы суддзі не было:
– За 20 снежня, за незалежнасць, за тое, што крычаў: “Лукашэнка, не сыходзь! Лукашэнка, дапамажы!” За гэта і судзяць. Але, канешне, гэта жарт. Незалежнасць наша дужа дарагая атрымліваецца. За ўсё даводзіцца сплачваць, хто сваім здароўем, каму як, хтосьці суткі атрымлівае, хтосьці штрафы.
Барыс Анікееў двойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у снежаньскіх акцыях пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй. Агульная сума штрафаў у гомельца за акцыі 7 і 20 снежня складае 1215 беларускіх рублёў.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96