Беларускі ПЭН-Цэнтр выказаўся адносна пераследу актывістаў за ўдзел у мірных сходах
Сёння Рада Беларускага ПЭН-Цэнтра выступіла з заявай, у якой выказалася адносна падзей у падтрымку Незалежнасці Беларусі і пераследу за ўдзел у мірных сходах.
27 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёну г. Мінска завершыўся судовы разгляд па справе Лявона Баршчэўскага, ч. 1 арт. 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў). Згодна прысуду Лявон Баршчэўскі павінен сплаціць штраф у памеры 30 базавых велічыняў (810 BYN).
У снежні 2019 года ў Беларусі адбыліся масавыя акцыі ў абарону суверэнітэту Беларусі, пасля якіх разгарнулася кампанія па прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці ўдзельнікаў мірных сходаў. Сярод асуджаных – пісьменнікі, блогеры і журналісты.
Асуджаны, арыштаваны сумарна на 30 сутак і аштрафаваны грамадскі дзеяч і пісьменнік Павел Севярынец. Асуджаныя і аштрафаваныя літаратары: Уладзімір Някляеў – пісьменнік, сябра і ганаровы старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра; Уладзімір Арлоў – адзін з заснавальнікаў Беларускага ПЭН-Цэнтра, пісьменнік; Лявон Баршчэўскі – перакладчык, рэдактар, мовазнаўца, ганаровы старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра; Алесь Марачкін – мастак і пісьменнік; Пётра Садоўскі – перакладчык, эсэіст, дыпламат; паэты Ян Грыб і Мікола Трафімчук.
Асуджаныя і трапілі за краты паводле рашэння суда блогеры: Сяргей Ціханоўскі (Гомель, Youtube-канал «Страна для жизни») – 15 сутак, Дзмітры Казлоў (відэаблогер «Шэры кот») – сумарна 120 сутак арышту па арт. 23.34 КаАП (за ўдзел у акцыях і за распаўсюд заклікаў да ўдзелу ў іх).
Асуджаныя і аштрафаваныя журналісты і блогеры: Вольга Быкоўская (Мінск), Дзіяна Серадзюк (Мінск), Эдуард Пальчыс (Мінск), Алена Янушкоўская (заснавальніца групы “Настоящая Беларусь”, Віцебск).
У сувязі з гэтымі падзеямі ПЭН-Цэнтр яшчэ раз звяртае ўвагу грамадскасці на Супольную заяву праваабарончых ды іншых арганізацый грамадзянскай супольнасці ад 21 студзеня 2020 года.
"Мы канстатуем, што ў перыяд важных электаральных падзеяў і ў сітуацыі пагрозы Незалежнасці краіны 2020 год можа стаць годам, калі для людзей асабліва важным будзе выяўленне сваёй пазіцыі і выказванне меркаванняў.
Мы заклікаем улады Беларусі ўстрымацца ад практыкі пераследу ўдзельнікаў мірных сходаў, прывесці ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі заканадаўства і практыку правапрымянення ў адносінах мірных сходаў і распаўсюду інфармацыі, гарантаваных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека – Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах", – гаворыцца ў заяве.
Рада Беларускага ПЭН-Цэнтра нагадвае, што суверэнітэт Беларусі з’яўляецца канстытуцыйным падмуркам Рэспублікі Беларусь, і выказвае падтрымку ўдзельнікам мірных акцый.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96