viasna on patreon

Яшчэ 1485 рублёў штрафаў. У Віцебску працягваюцца суды над абаронцамі незалежнасці

2020 2020-01-24T19:13:36+0300 2020-01-28T14:41:10+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vitebsk_akcii.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Віцебскі пікет 29 снежня

Віцебскі пікет 29 снежня

24 студзеня ў Віцебску адбыліся два адміністрацыйныя працэсы над удзельнікамі акцый у падтрымку незалежнасці Беларусі. Суд Чыгуначнага раёну на 25 базавых велічынь аштрафаваў віцябляніна Аляксандра Якушкова, а Віцебскі раённы суд пакараў штрафам у памеры 30 базавых Алену Янушкоўскую.

Як піша "Віцебская Вясна", Актывістаў пакаралі паводле аднаго і таго ж адміністрацыйнага артыкулу – 23.34 ч.1 (Парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў), але за ўдзел у розных акцыях.

Новы штраф Янушкоўскай

Алену Янушкоўскую судзілі за ўдзел у мінскай акцыі пратэсту 21 снежня. Справу разглядала суддзя Наталля Трацьякова. Паводле пратаколу, Янушкоўская «21 снежня з мэтай публічнага выказвання свайго меркавання ўзяла актыўны ўдзел у мітынгу супраць інтэграцыі Расіі і Беларусі».

Паводле звестак міліцыі, якія складалі рапарты, у той акцыі ўдзельнічала каля 120 чалавек, прамоўцамі былі Таццяна і Павел Севярынцы, Алена Таўстая, Вячаслаў Сіўчык, Уладзімір Някляеў ды іншыя. Як вынікае з рапарту, Янушкоўская публічна не прамаўляла, але выкрыквала лозунг «Жыве Беларусь!». Паводле дадзеных міліцыі, на мітынгу было 20 сцягоў,  у тым ліку 14 бел-чырвона-белых, 1 сцяг Еўрасаюза, 1 – партыі БХД ды іншыя.

Справа разглядалася без самой абвінавачанай, якая знаходзіцца зараз у лякарні. Суддзя Трацьякова прызнала яе вінаватаў і пастанавіла аштрафаваць на 30 базавых велічынь (810 рублёў).

Нагадаем, днём раней Алена Янушкоўская была аштрафаваная тым жа судом на 25 б.в за ўдзел у мінскай акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй 20 снежня.

Якушкова аштрафавалі на 25 базавых

Справу актывіста партыі «Народная Грамада» Аляксандра Якушкова разглядала ў судзе Чыгуначнага раёну Віцбску судзьдзя Ала Бардзюкова. Пратакол на актывіста склалі за ўдзел у віцебскай акцыі ў падтрымку незалежнасьці, якая прайшла 29 снежня на плошчы Перамогі.

«Актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным пікетаванні з мэтай публічнага выказвання свайго стаўлення да інтэграцыі Расіі і Беларусі», – напісаў у пратаколе супрацоўнік віцебскай міліцыі. Падобныя фармулёўкі, нібы пад капірку, былі запісаныя і ў пратаколах іншых удзельнікаў акцыі, над якімі ўжо прайшлі суды.

Справа таксама разглядалася без абвінавачанага – Якушкоў на паседжанне не прыйшоў. Суддзя прызнала яго вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і пакарала штрафам у памеры 25 базавых велічынь (675 рублёў).


  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства