Тры суды – тры штрафы. Прыхільнікаў незалежнасці аштрафавалі на 2160 рублёў
23 студзеня ў судзе Першамайскага раёну Віцебску суддзя Міхаіл Юрчанка аштрафаваў грамадзкіх актывістак Наталлю Спірыдонаву на 25 базавых велічынь, а Таццяну Севярынец – на 30. У той жа час у судзе Віцебскага раёну Міхаіл Зубеня прысудзіў Алене Янушкоўскай 25 б.в. Усіх трох звінавацілі паводле ч.1, арт. 23.34 КаАП, піша "Віцебская Вясна".
25 базавых – за заклік у абарону незалежнасці
Наталля Спірыдонава ў суд не з'явілася. Разгляд адбыўся без яе ўдзелу і ў хуткім рэжыме. Летась 26 снежня яна праз свой акаўнт у «Фэйсбуку» заклікала да ўдзелу ў пікеце, запланаваным на 29 снежня. Як палічылі праваахоўнікі, сваімі дзеяннямі яна парушыла «Закон аб парадку арганізацыі і правядзеньні масавых мерапрыемстваў».
У якасці доказу ў матэрыялах справы ўтрымліваецца рапарт участковага і скрыншот старонкі акаўнту.
Пасля агучвання матэрыялаў справы суддзя Міхаіл Юрчанка аштрафаваў Наталлю Спірыдонаву на 25 базавых велічынь (675 рублёў).
25 базавых за заклік і 5 за недавер суду?
Як паведаміў суддзя Юрчанка, Таццяна Севярынец загадзя папярэдзіла, што на судовае пасяджэнне не з'явіцца. Яна перадала заяву, у якой выказала недавер суду, які назвала «рэпрэсіўным органам». Падставаў для адводу суддзі ў заяве Севярынец не ўбачыў і працягнуў вывучаць матэрыялы адміністрацыйнай справы без яе ўдзелу.
Паводле пратаколу, 24 снежня мінулага году на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» Севярынец размясціла тэкст, у якім заклікала віцяблян да ўдзелу ў мірным пратэсце «супраць інкарпарацыі краіны ў склад Расіі».
Як вынікае з заявы, Таццяна Севярынец прызналася, што заклікала грамадзянаў паўдзельнічаць 29 снежня ў мірным сходзе для выказваньня свайго меркавання наконт захавання незалежнасьці Беларусі. Але заявіла, што ў яе дзеяннях адсутнічае склад правапарушэння. Суддзя Юрчанка аштрафаваў Таццяну Севярынец на 30 базавых велічынь (810 рублёў).
675 рублёў – за ўдзел у мінскай акцыі пратэсту
У судзе Віцебскага раёну адміністрацыйную справу Алены Янушкоўскай разглядаў суддзя Міхаіл Зубеня.
Актывістку судзілі за ўдзел у мінскай акцыі пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі. Разбор адбыўся без прысутнасці «правапарушальніцы» і прайшоў па накатанай каляіне: ч.1, арт. 23.34 КаАП – штраф 25 базавых велічынь (675 рублёў).
24 студзеня ў Алены Янушкоўскай адбудзецца чарговы суд (суд Віцебскага раёну, 15.00). У гэты ж дзень судом Чыгуначнага раёну Віцебску будзе разгледжаная адміністрацыйная справа, заведзеная на віцябляніна Аляксандра Якушкова – за ўдзел у снежаньскім пікеце ў Віцебску (пачатак суду – 10.00).