viasna on patreon

Ад Аліневіча да Яроменка. Колькі палітвязьняў было ў Беларусі за 10 гадоў

2020 2020-01-09T14:17:37+0300 2020-01-09T14:17:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kraty_s.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Новы 2020 год сустрэлі за кратамі палітычны вязень Павал Севярынец ды іншыя актывісты, якія ўдзельнічалі ў акцыях супраць інтэграцыі з Расеяй. За мінулыя дзесяць гадоў сотні беларусаў правялі за кратамі дні, гады і месяцы. У сьпісе, складзеным беларускімі праваабаронцамі на сайце «Свабоду палітвязьням», названыя каля 200 беларускіх палітычных вязьняў за часы кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі.

kraty_s.jpg
Ілюстрацыйнае фота

"Радыё Свабода" нагадвае пра найбольш гучныя справы палітычных вязьняў з 2010 па 2020 год. У гэтым сьпісе людзі, якіх прызнала палітвязьнямі «Міжнародная амністыя», а таксама тыя, каго палічылі такімі беларускія праваабаронцы ды чые справы прызнала палітычна матываванымі беларуская праваабарончая супольнасьць. У сьпісе ня ўлічаны палітычна матываваныя адміністрацыйныя арышты, празь якія прайшлі тысячы людзей у Беларусі за апошнія 10 гадоў.

Аліневіч Ігар, анархіст (увязьнены 28.11.2010–22.08.2015)

У 2010 годзе затрыманы прадстаўнікамі беларускіх спэцслужбаў у Маскве і зьмешчаны ў СІЗА КДБ у Менску. У траўні 2011 году суд Заводзкога раёну Менску пакараў яго 8 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Абвінавачаны ў злосным хуліганстве ў эпізодах нападу на расейскую амбасаду, а таксама за ўдзел у акцыі каля Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі, нападах на казіно, офіс банку «Масква-Менск» і турму на завулку Акрэсьціна. Адбываў пакараньне ў наваполацкай калёніі і калёніі «Віцьба-3». Вызвалены праз памілаваньне.

Аляксандар Арастовіч, палітычны актывіст (увязьнены 19.12.2010–15.02.2011)

На прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году быў даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча. Затрыманы ўвечары 19 сьнежня разам з Міколам Статкевічам(таксоўку, на якой яны ехалі з вакзалу пасьля разгону Плошчы, заблякавала міліцыя). Знаходзіўся ў СІЗА КДБ. 15 лютага 2011 году быў вызвалены пад падпіску аб нявыезьдзе. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 25 жніўня 2011 году даведаўся пра тое, што крымінальная справа супраць яго спыненая, абвінавачаньне зьнятае. 

Асіпенка Ўладзімер, прадпрымальнік (увязьнены 8.02.2009–5.10.2010)

Асіпенка быў зьняволены разам з прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам і Юр’ем Лявонавым. Абвінавачаны ў наўмысным зьнішчэньні альбо пашкоджаньні маёмасьці, а пазьней і ў рыхтаваньні тэрарыстычнага акту. У траўні 2010 году Вярхоўны суд асудзіў Асіпенку на 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму за захаваньне і перавоз зброі і выбуховых рэчываў. Адбываў пакараньне ў івацэвіцкай калёніі № 22. Вызвалены праз амністыю.

Атрошчанкаў Аляксандар, грамадзкі актывіст (увязьнены 20.12.2010–14.09.2011)

На прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году быў прэс-сакратаром штабу Андрэя Саньнікава. Затрыманы 20 сьнежня 2010 году ў сябе дома пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў. Зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 2 сакавіка 2011 году судзьдзя Фрунзэнскага раённага суду Менску Тацяна Чаркас асудзіла яго на 4 гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакараньне ў калёніі «Віцьба-3». Вызвалены праз памілаваньне.

Аўтуховіч Мікалай, прадпрымальнік, грамадзкі актывіст (увязьнены 8.02.2009–8.04.2014)

Адзін з арганізатараў Руху вэтэранаў баявых дзеяньняў «Абаронцы Айчыны» і Камітэту падтрымкі прадпрымальніцтва «Салідарнасьць». У лютым 2009 году быў зьняволены разам зь Юр’ем Лявонавым і Ўладзімерам Асіпенкам. Асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы калёніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за незаконнае захоўваньне і перавоз пяці патронаў і паляўнічай стрэльбы. Гэта другое зьняволеньне (першы тэрмін — 2005–2008). Адбываў пакараньне ў івацэвіцкай калёніі № 5 і турме Горадні. Вызвалены па адбыцьці пакараньня.

Бандарэнка Зьміцер, палітычны актывіст (увязьнены 20.12.2010–15.04.2012)

Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году быў актывістам штабу Андрэя Саньнікава. Затрыманы 20 сьнежня 2010 году ў сябе дома пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў. Зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх, пазьней выстаўлена мякчэйшае абвінавачаньне — рыхтаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ўдзел у іх. 27 красавіка 2011 году судзьдзя Партызанскага раённага суду Менску Тацяна Равінская асудзіла яго на 2 гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму. За кратамі яму зрабілі складаную апэрацыю на хрыбетніку. Бандарэнка адбываў пакараньне ў магілёўскай калёніі № 15. Вызвалены праз памілаваньне.

Барановіч Сьвятаслаў, прадпрымальнік (увязьнены 15.06.2011–29.08.2011)

Удзельнік акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 году. Затрыманы ў межах крымінальнай справы аб «масавых беспарадках» толькі 15 чэрвеня 2011 году, калі фактычна справа была ўжо закрытая і прайшлі дзясяткі судоў. Барановіча зьмясьцілі пад варту ў СІЗА № 1, 21 чэрвеня абвінавацілі ўва ўдзеле ў масавых беспарадках. 29 жніўня, у першы дзень судовага працэсу, меру стрыманьня зьмянілі на падпіску аб нявыезьдзе. 12 кастрычніка 2011 году суд Маскоўскага раёну Менску пад старшынствам судзьдзі Алены Рудніцкай прыгаварыў Барановіча да 3 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу.

Буланаў Зьміцер, студэнт (увязьнены 19.12.2010–14.09.2011)

Падчас разгону акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня затрыманы і зьбіты. Асуджаны на 10 дзён арышту. Пасьля вызваленьня затрыманы паўторна 12 студзеня 2011 году. Да суду знаходзіўся ў сьледчым ізалятары на вул. Валадарскага. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 26 траўня 2011 году судзьдзя Ленінскага раённага суду Менску Людміла Грачова асудзіла яго на 3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакараньне ў магілёўскай калёніі № 15. Вызвалены праз амністыю.

Бяляцкі Алесь, праваабаронца (увязьнены 4.08.2011–21.06.2014)

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека. Узнагароджаны прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава ды іншымі міжнароднымі праваабарончымі прэміямі. Быў вылучаны на Нобэлеўскую прэмію міру ў 2006, 2007 і 2012 гадах. 4 жніўня 2011 году арыштаваны пасьля таго, як Літва і Польшча перадалі ўладам Беларусі зьвесткі пра банкаўскія рахункі на сваёй тэрыторыі. Бяляцкага абвінавацілі ва ўтойваньні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. 24 лістапада 2011 году асуджаны Першамайскім раённым судом Менску на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Сваёй віны не прызнаў, заявіўшы, што ўсе грошы з рахункаў ішлі на праваабарончую дзейнасьць. Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязьнем, а прысуд — палітычна матываваным. Адбываў пакараньне ў жодзінскай турме і бабруйскай калёніі. Вызвалены праз амністыю.

Вазьняк Сяргей, палітык (увязьнены 20.12.2010–29.01.2011)

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году працаваў у штабе кандыдата Ўладзімера Някляева. Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. 29 студзеня 2011 году мера стрыманьня зьмененая на падпіску аб нявыезьдзе. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх, пазьней — у падрыхтоўцы групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо удзеле у іх. 20 траўня 2011 году судзьдзя Фрунзэнскага раённага суду Менску Жанна Жукоўская асудзіла яго на 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна.

Васілевіч Ільля, студэнт (увязьнены 19.12.2010–13.08.2011)

За ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 году адседзеў 10 содняў арышту. 5 студзеня 2011 году быў запрошаны ў адміністрацыю політэхнічнага каледжу, дзе яго арыштавалі супрацоўнікі КДБ. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 13 траўня судзьдзя Партызанскага раённага суду Менску Натальля Чацьвярткова асудзіла Васілевіча на 3 гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакараньне ў магілёўскай калёніі № 19. Вызвалены праз памілаваньне.

Васьковіч Яўген, грамадзкі актывіст (увязьнены 17.01.2011–22.08.2015)

Удзельнік Плошчы-2010, за якую быў пакараны — адседзеў 12 содняў на Акрэсьціна. Затрымалі 17 студзеня ў Магілёве на наступны дзень пасьля яго ўдзелу ў акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі. У траўні 2011 году быў асуджаны разам з Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамалотавым на 7 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за спробу падпаліць у ноч на 17 кастрычніка 2010 году будынак Бабруйскага КДБ, у які былі кінутыя бутэлькі з запальнай сумесьсю. Адбываў пакараньне ў магілёўскай калёніі № 15, у «крытай турме» Магілёва. Вызвалены праз амністыю.

Вінаградаў Павал, грамадзкі актывіст (увязьнены 5.01.2011–14.09.2011)

У 2008 годзе быў фігурантам «Справы чатырнаццаці», заведзенай за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў, асуджаны на 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчыя ўстановы. З 2010 году — актывіст кампаніі «Гавары праўду». Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў арыштаваны 5 студзеня 2011 году. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх, а таксама ў зьнявазе дзяржаўных сымбаляў. 5 траўня судзьдзя Кастрычніцкага раённага суду Менску Ала Булаш асудзіла яго на 4 гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакараньне ў івацэвіцкай калёніі № 22 «Ваўчыныя норы». Вызвалены праз памілаваньне.

Вус Дзьмітры, экс-кандыдат на прэзыдэнта (увязьнены 26.05.2011–1.10.2011)

Кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010 году. Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 году абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў. 26 траўня 2011 году судзьдзя Ленінскага раённага суду Менску Людміла Грачова асудзіла яго на 5 гадоў і 6 месяцаў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакараньне ў магілёўскай калёніі № 19. Вызвалены праз памілаваньне.

Гайдукоў Андрэй, грамадзкі актывіст (увязьнены 8.11.2012–8.05.2014)

Лідэр незарэгістраванага грамадзкага аб’яднаньня «Саюз маладых інтэлектуалаў». Затрыманы ў Віцебску, паводле афіцыйнай інфармацыі, нібыта «падчас закладкі схованкі са зьвесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спэцслужбы». Цягам амаль 9 месяцаў трымалі то ў менскім сьледчым ізалятары КДБ, то ў СІЗА КДБ у Віцебску. Родныя і сябры тлумачылі арышт ціскам спэцслужбаў з прычыны апазыцыйных поглядаў хлопца. Судовыя слуханьні справы Гайдукова праходзілі ў Віцебскім абласным судзе за зачыненымі дзьвярыма. 1 ліпеня 2013 году Гайдукова прызналі вінаватым у спробе завязаньня кантактаў з супрацоўнікам замежнай спэцслужбы без прыкметаў здрады дзяржаве і асудзілі на паўтара года калёніі агульнага рэжыму. Адбываў пакараньне ў калёніі № 19 Магілёва і калёніі «Віцьба-3». Вызвалены пасьля адбыцьця тэрміну пакараньня.

Алег Гнедчык, грамадзкі актывіст (увязьнены 6.01.2011–1.09.2011)

Браў удзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 году. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 14 траўня 2011 году судзьдзя Партызанскага раённага суду Менску Натальля Чацьвярткова асудзіла яго на 3,5 года зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакараньне ў шклоўскай калёніі № 17. Вызвалены праз памілаваньне.

Грыбкоў Арцём, рабочы (увязьнены 19.12.2010–13.08.2011)

Затрыманы 19 сьнежня 2010 году на акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў. У СІЗА ў Жодзіне адбыў 10 содняў. 12 студзеня зь месца працы Грыбкова забралі ў менскі СІЗА на вуліцы Валадарскага. Потым вызвалілі і затрымалі другі раз, трымалі ў СІЗА КДБ. Абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 26 траўня 2011 году судзьдзя Ленінскага раённага суду Менску Людміла Грачова асудзіла яго на 4 гады пазбаўленьня волі з прымусовым лячэньнем ад алькагалізму. Адбываў пакараньне ў бабруйскай калёніі № 2. Вызвалены праз памілаваньне.

Даронін Дзьмітры, рабочы (увязьнены 14.03.2011–1.09.2011)

Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 году затрыманы на тры гадзіны і адпушчаны. Арыштаваны 14 сакавіка 2011 году на працы. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 12 траўня 2011 году судзьдзя Маскоўскага раённага суду Менску Алена Шылько асудзіла яго на 3,5 года зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму. Адбываў пакараньне ў віцебскай калёніі «Віцьба-3». Вызвалены праз памілаваньне.

Дашкевіч Зьміцер, палітык (увязьнены 18.12.2010–28.08.2013)

Актыўны ўдзельнік і арганізатар шматлікіх масавых акцыяў і кампаніяў дэмакратычных сілаў Беларусі. Яго шматкроць прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці, каралі арыштамі й штрафамі. У 2006 годзе абвінавачаны ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі, асуджаны на паўтара года зьняволеньня. 24 сакавіка 2011 году судзьдзя Маскоўскага раённага суду Менску Алена Шылько асудзіла яго на 2 гады зьняволеньня нібыта за хуліганства. Суд прызнаў, што 18 сьнежня 2010 году Дашкевіч і актывіст «Маладога фронту» Лобаў зьбілі ў Менску мінакоў. Дашкевіч і Лобаў назвалі гэта правакацыяй спэцслужбаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Дашкевіч адбываў пакараньне ў горацкай калёніі № 9, глыбоцкай калёніі № 13, мазырскай калёніі № 20, «крытай турме» Горадні. 28 жніўня 2012 году ў глыбоцкай калёніі асуджаны зноў — за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі». Суд у закрытым рэжыме дадаў да тэрміну яшчэ адзін год. Вызвалены па адбыцьці тэрміну пакараньня.

Дашкевіч Наста, грамадзкая актывістка (увязьненая 20.12.2010–7.02.2011)

Дзясяткі радоў затрыманая, арыштаваная і аштрафаваная за ўдзел у акцыях і кампаніях «Маладога фронту». Жонка Зьмітра Дашкевіча. Арыштавалі яе 20 сьнежня 2010 году пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў, зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар КДБ. Абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх, а пазьней — у арганізацыі дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзеле ў іх. 17 лютага 2011 году адпусьцілі з падпіскай аб нявыезьдзе. 8 сакавіка 2011 году Наста Дашкевіч стала першай беларускай, якая атрымала Міжнародную жаночую прэмію за мужнасьць. Узнагароду завочна ўручыла дзяржаўны сакратар ЗША Гілары Клінтан. 20 траўня 2011 году судзьдзя Фрунзэнскага раённага суду Менску Жанна Жукоўская асудзіла Насту Дашкевіч на 1 год пазбаўленьня волі з адкладам пакараньня на 1 год.

Дзьмітрыеў Андрэй, палітык (увязьнены 19.12.2010–3.01.2011)

З 2010 году — адзін з стваральнікаў і кіраўнікоў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». Начальнік выбарчага штабу Ўладзімера Някляева на прэзыдэнцкіх выбарах. Затрыманы 19 сьнежня і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. 3 студзеня 2011 году вызвалены з падпіскай аб нявыезьдзе. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў, пазьней у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзеле у іх. 20 траўня 2011 году судзьдзя Фрунзэнскага раённага суду Менску Жанна Жукоўская асудзіла яго на 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам 2 гады.

Дзядок Мікалай, анархіст (увязьнены 3.09.2010–22.08.2015)

Затрыманы ў справе аб «нападзе на амбасаду Расейскай Фэдэрацыі». Абвінавачаны таксама ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі каля Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі. 27 траўня 2011 году ў Заводзкім судзе Менску судзьдзя Жанна Хвайніцкая вынесла прысуд — 4,5 года пазбаўленьня волі. Адбываў пакараньне ў магілёўскай турме № 4, шклоўскай і бабруйскай калёніях. У лістападзе 2014 году, за 3 месяцы да сканчэньня тэрміну, на яго завялі новую крымінальную справу за «парушэньне рэжыму адбыцьця пакараньня». 26 лютага 2015 году суд працягнуў зьняволеньне на 1 год і 3 дні. Перавялі ў папраўчую калёнію № 9 у Горках. Вызвалены праз памілаваньне.

Дрозд Зьміцер, гісторык (увязьнены 19.12.2010–13.08.2011)

У часе выбарчай кампаніі 2010 году быў сябрам ініцыятыўнай групы Андрэя Саньнікава. За ўдзел у Плошчы-2010 адбыў 10-дзённы арышт. 1 лютага 2011 году арыштаваны і абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 5 траўня судзьдзя Кастрычніцкага раённага суду Менску Ала Булаш асудзіла яго на 3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакараньне ў бабруйскай калёніі № 2. Вызвалены праз памілаваньне.

Жамчужны Міхаіл, праваабаронца (увязьнены ў жніўні 2014 — дагэтуль у зьняволеньні)

Заснавальнік цяпер закрытай установы «Платформ інавэйшн», якая займалася пытаньнямі парушэньня правоў чалавека ў месцах пазбаўленьня волі. Жамчужнага арыштавалі праз тыдзень пасьля абвяшчэньня прысуду кіраўніку «Платформ інавэйшн» Андрэю Бандарэнку ў 2014 годзе. 10 ліпеня 2015 году Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у наўмысным выдаваньні зьвестак, што складаюць службовую таямніцу, даваньні хабару, і прыгаварыў да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. Пазьней судовая калегія крымінальных справаў Вярхоўнага суду Беларусі прызначыла стражэйшую кару — шэсьць з паловай гадоў пазбаўленьня волі. Адбывае пакараньне ў калёніі № 9 у Горках.

Каваленка Сяргей, палітычны актывіст (увязьнены 7.01.2010–26.09.2012)

7 студзеня 2010 году вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на сьвяточнай ялінцы ў цэнтры Віцебску. Пасьля інцыдэнту арыштаваны і засуджаны на тры гады ўмоўнага пакараньня. У канцы сьнежня 2011 году зноў арыштаваны і абвінавачаны ў парушэньні рэжыму адбываньня пакараньня. Трымаў сухое галадаваньне за кратамі, яго гвалтоўна кармілі. Прысудзілі 2 гады і 1 месяц калёніі. Пасьля прысуду зноў пачаў галадаваць. Перад пераводам у магілёўскую калёнію зьмясьцілі у Рэспубліканскі турэмны шпіталь і псыхіятрычную лякарню ў Навінках. Галадаваньні Каваленкі агулам доўжыліся каля 3 месяцаў, за іх час ён схуднеў на 40 кіляграмаў. Вызвалены праз памілаваньне.

Сяргей Казакоў, грамадзкі актывіст (увязьнены 27.01.2011–13.08.2011)

Браў удзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 году. Арыштаваны 27 студзеня 2011 году. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 12 траўня судзьдзя Маскоўскага раённага суду Менску Алена Шылько асудзіла яго на 3 гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакараньне ў бабруйскай калёніі № 2. Вызвалены праз памілаваньне.

Квяткевіч Аляксандар, рабочы (увязьнены 19.12.2010–13.08.2011)

Адбыў 12-дзённы арышт за ўдзел у акцыі 19 сьнежня 2010 году. 4 студзеня затрыманы як падазраваны. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Знаходзіўся пад вартай у СІЗА КДБ. 26 траўня судзьдзя Ленінскага раённага суду Менску Людміла Грачова прысудзіла яму тры з паловай гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакараньне ў Івацэвіцкай калёніі № 22 «Ваўчыныя норы». Вызвалены праз памілаваньне.

Кіркевіч Алесь, палітычны актывіст (увязьнены 28.01.2011–1.09.2011)

Былы намесьнік старшыні «Маладога Фронту». Браў удзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 году. Арыштаваны 28 студзеня 2011 году пасьля ператрусу ў ягонай кватэры і допыту ў горадзенскім КДБ. Зьмешчаны ў СІЗА КДБ ў Менску. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 5 траўня судзьдзя Кастрычніцкага раённага суду Менску Ала Булаш асудзіла яго на 4 гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакараньне ў наваполацкай калёніі № 10. Вызвалены праз памілаваньне.

Класкоўскі Аляксандар, былы міліцыянт (увязьнены 21.12.2010–14.09.2011)

Апрануўшыся ў міліцэйскую форму, браў удзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 году. Затрыманы ў ноч на 21 сьнежня ў сябе дома. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх. 26 траўня 2011 году судзьдзя Ленінскага раённага суду Менску Людміла Грачова асудзіла яго на 5 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакараньне ў шклоўскай калёніі № 17. Вызвалены праз памілаваньне.

Ігар Комлік, галоўны бухгалтар прафсаюзу РЭП (увязьнены 2.08.2017–2.10.2017)

Супрацоўнікі дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі 2 жніўня 2017 году правялі ператрус і канфіскацыю кампутараў і фінансавых дакумэнтаў у офісе прафсаюзу РЭП і цэнтральным офісе БНП. Ігар Комлік быў затрыманы і два месяцы ўвязьнены ў СІЗА № 1. 24 жніўня 2018 году суд Савецкага раёну Менску прызнаў яго вінаватымі ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў і прыгаварыў да чатырох гадоў абмежавання волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу зь пяцігадоваю забаронаю займаць кіроўныя пасады. Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванаю».

Уладзімер Кондрусь, жыхар Рудзенску (увязьнены 14.06.2016–26.12.2016)

Затрымалі празь пяць з паловай гадоў пасьля Плошчы-2010 і абвінавацілі ў межах справы аб масавых беспарадках 19 сьнежня 2010 году. У СІЗА трымаў доўгатэрміновае галадаваньне, пратэстуючы супраць зьняволеньня, што рэзка пагоршыла яго стан здароўя. Кондруся прызналі вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках і прысудзілі да паўтара года «хатняй хіміі» з прымусовым лячэньнем і наглядам. Вызвалены ў залі суду.

Ліхавід Мікіта, грамадзкі актывіст (увязьнены 19.12.2010–14.09.2011)

Затрыманы 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці падчас акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў. Асудзілі на 15-дзённы арышт, пазьней перавялі ў статус абвінавачанага ў справе аб удзеле ў масавых беспарадках. 29 сакавіка 2011 году судзьдзя Партызанскага раённага суду Менску Натальля Пыкіна асудзіла яго на 3,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакараньне ў наваполацкай калёніі № 10. Абвяшчаў галадаваньне супраць несправядлівага прысуду. У калёніі называў сябе «незаконна асуджаны Мікіта Ліхавід». За гэта ня раз трапляў у штрафны ізалятар, яго зьмяшчалі на 3 месяцы ў памяшканьне камэрнага тыпу. Вызвалены праз памілаваньне.

Лобан Уладзімер, інжынэр (увязьнены 19.12.2010–14.09.2011)

Арыштаваны пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 году. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 12 траўня 2011 году судзьдзя Маскоўскага раённага суду Менску Алена Шылько асудзіла яго на 3 гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму. Адбываў пакараньне ў калёніі № 17 у Шклоўскім раёне. Вызвалены праз памілаваньне.

Лобаў Эдуард, грамадзкі актывіст (увязьнены 18.12.2010–18.12.2014)

Затрыманы 18 сьнежня 2010 году разам зь лідэрам «Маладога фронту» Зьмітром Дашкевічам. Іх абвінавацілі ў хуліганстве — нібыта яны зьбілі мінакоў. Віны не прызналі і заявілі, што гэта была правакацыя спэцслужбаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. 24 сакавіка 2011 году судзьдзя Маскоўскага раённага суду Менску Алена Шылько асудзіла Лобава паводле артыкулу «асабліва злоснае хуліганства» на 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакараньне ў калёніі № 22 «Ваўчыныя норы» ў Івацэвіцкім раёне. На волю выйшаў, цалкам адбыўшы тэрмін пакараньня.

Лябедзька Анатоль, палітык (увязьнены 20.12.2010–6.04.2011)

Былы старшыня АГП. За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці. Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 году ў Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх. 6 красавіка 2011 году вызвалілі зь СІЗА КДБ з падпіскай аб нявыезьдзе. 23 жніўня крымінальная справа супраць яго спыненая.

Малчанаў Аляксандар, грамадзкі актывіст (увязьнены 6.01.2011–14.09.2011)

Браў удзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 году. Затрыманы 6 студзеня 2011 году ў сябе дома ў Барысаве. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ў зьнявазе дзяржаўнага сьцяга, які ён сарваў з будынку КДБ. 2 сакавіка судзьдзя Фрунзэнскага раённага суду Менску Тацяна Чаркас асудзіла яго на 3 гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакараньне ў калёніі № 15 Магілёва. Вызвалены праз памілаваньне.

Марцалеў Сяргей, палітычны актывіст (увязьнены 23.12.2010–16.05.2011)

На прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году кіраваў выбарчым штабам Міколы Статкевіча. Уначы 23 сьнежня зьняты зь цягніка, якім ехаў у Варшаву. Арыштаваны, зьмешчаны ў СІЗА КДБ, абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў. 4 красавіка абвінавачаньне зьмянілі на мякчэйшае — арганізацыя і рыхтаваньне дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. Да суду знаходзіўся ў сьледчым ізалятары КДБ. 16 траўня 2011 году судзьдзя Заводзкага раённага суду Менску Жанна Брысіна асудзіла яго на 2 гады пазбаўленьня волі з выпрабавальным тэрмінам 2 гады.

Мацукевіч Віталь, актывіст (увязьнены 21.03.2011–13.08. 2011)

Незадоўга да абароны дыплёму, 21 сакавіка 2011 году, арыштаваны за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 12 траўня судзьдзя Маскоўскага раённага суду Менску Алена Шылько асудзіла яго на 3 гады зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму. Адбываў пакараньне ў наваполацкай калёніі № 10. Вызвалены праз памілаваньне.

Мірзаянаў Фёдар, грамадзкі актывіст (увязьнены 19.12.2010–14.09.2011)

Падчас выбарчай кампаніі быў у камандзе кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука. Пасьля акцыі пратэсту 19 сьнежня 2010 году адбыў 15 дзён адміністрацыйнага арышту ў сьледчым ізалятары ў Жодзіне. 25 студзеня зноў арыштавалі і абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 13 траўня 2011 году судзьдзя Партызанскага раённага суду Менску Натальля Чацьвярткова асудзіла яго на 3 гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакараньне ў івацэвіцкай калёніі № 22. Вызвалены праз памілаваньне.

Міхалевіч Алесь, палітык, экс-кандыдат на прэзыдэнта (увязьнены 20.12.2010–19.02.2011)

Кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году. 20 сьнежня арыштаваны, абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў. 19 лютага 2011 году адпушчаны зь СІЗА КДБ з падпіскай аб нявыезьдзе і неразгалошваньні таямніцы сьледзтва. Зрабіў заяву пра катаваньні ў сьледчым ізалятары КДБ, а таксама пра тое, што ён разарваў дамову аб супрацоўніцтве з КДБ, якую вымушана падпісаў, каб выйсьці з турмы. Уцёк зь Беларусі, атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі. У 2015 годзе вярнуўся ў Беларусь.

Някляеў Уладзімер, паэт, палітык (увязьнены 19.12.2010–20.05.2011)

Кандыдат на прэзыдэнта ў выбарах 2010 году. 19 сьнежня зьбіты да непрытомнасьці ў цэнтры Менску. З чэрапна-мазгавой траўмай трапіў у шпіталь хуткай дапамогі. Празь некалькі гадзінаў яго адтуль выкралі супрацоўнікі спэцслужбаў. Апынуўся ў СІЗА КДБ, абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў. З моманту зьбіцьця 19 сьнежня да пераводу пад хатні арышт 29 студзеня перанёс чатыры гіпэртанічныя крызы і ня меў магчымасьці сустрэцца з адвакатам. 30 сакавіка 2011 году абвінавачаньне замянілі на мякчэйшае — арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх. 20 траўня 2011 году судзьдзя Фрунзэнскага раённага суду Менску Жанна Жукоўская асудзіла яго на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай пакараньня на 2 гады.

Пазьняк Андрэй, рабочы (увязьнены 19.10.2010–26.05.2011)

Затрыманы 19 сьнежня 2010 году на плошчы Незалежнасьці пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў. Пакараны штрафам, а потым арыштаваны. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Трымалі пад вартай у сьледчым ізалятары на вул. Валадарскага ў Менску. 26 траўня 2011 году судзьдзя Ленінскага раённага суду Менску Людміла Грачова асудзіла яго на 2 гады «хіміі» без накіраваньня ў папраўчыя ўстановы.

Паліенка Зьміцер, анархіст (увязьнены 20.03.2019–25.10.2019)

Актывіста анархісцкага руху Зьмітра Паліенку затрымалі 20 сакавіка 2019 году за тое, што ён распыліў газ з балёнчыка ў твар мужчыну, які нібыта зрабіў яму заўвагу за курэньне на лесьвічнай пляцоўцы (сам Паліенка казаў, што скарыстаў балёнчык для самаабароны, калі на яго напаў п’яны мужчына). На знак пратэсту супраць закрытага працэсу анархіст спрабаваў перарэзаць сабе жылы ў судзе, у выніку працэс зрабілі адкрытым. Пазьней сьледчыя выставілі яму яшчэ некалькі крымінальных абвінавачаньняў. 25 кастрычніка 2019 году судзьдзя Пётра Арлоў зь Менскага гарадзкога суду прызнаў Паліенку вінаватым у асабліва злосным хуліганстве і асудзіў на тры гады «хатняй хіміі», мінус адзін год па амністыі. Пра першае зьняволеньне Зьмітра Паліенкі — падрабязная інфармацыя на сайце «Свабоду палітвязьням».

Пальчыс Эдуард, блогер (увязьнены з студзеня 2016 па 28.10.2016)

Блогер і публіцыст, спачатку вядомы пад псэўданімам Jhon Silver. Раскрыў сваё імя ў 2015-м, калі яго затрымалі спачатку беларускі КДБ, а пасьля расейскія спэцслужбы — за ананімную антыкрамлёўскую публіцыстыку на ягоным сайце 1863x.com. Зазнаў тры месяцы зьняволеньня ў турмах Бранску і Смаленску, экстрадыцыю ў Беларусь і суд. У жніўні 2016 году суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў экстрэмісцкімі 9 матэрыялаў сайту 1863x.com. Пракурор патрабаваў для Пальчыса 3,5 года турмы. У выніку ён быў засуджаны да аднаго году дзевяці месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову і вызвалены ў залі суду.

Парфянкоў Васіль, грамадзкі актывіст (увязьнены 4.01.2011–13.08.2011)

Удзельнік абароны Курапатаў у 2001–2002 гадах. Яго неаднакроць затрымлівалі і адміністрацыйна каралі за грамадзкую актыўнасьць. Браў удзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 году. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Да суду знаходзіўся ў сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. 17 лютага 2011 году судзьдзя Фрунзэнскага раённага суду Менску Вольга Комар асудзіла яго на 4 гады зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму. Таксама ён мусіў кампэнсаваць страты — 14 мільёнаў 700 тысяч рублёў за нібыта пашкоджаны будынак. Грошы на штраф сабралі салідарныя людзі. Адбываў пакараньне ў аршанскай калёніі № 8. Вызвалены праз памілаваньне.

Пачобут Андрэй, журналіст (увязьнены 6.04.2011–5.07.2011)

За грамадзка-палітычную і журналісцкую дзейнасьць быў неаднаразова караны штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі. Горадзенская абласная пракуратура пачала супраць яго крымінальную справу за абразу і паклёп на прэзыдэнта Беларусі. Судовы працэс быў закрытым. 5 ліпеня 2011 году судзьдзя Ленінскага раённага суду Горадні Віталь Ляцко прысудзіў яму тры гады пазбаўленьня волі за паклёп на прэзыдэнта з адтэрміноўкай на два гады. Паводле артыкулу, які датычыў абразы прэзыдэнта, журналіст быў апраўданы. Вызвалілі ў залі суду.

Пракапенка Арцём, актывіст (увязьнены 17.01.2011–22.08.2015)

Арыштаваны паводле падазрэньня ў спробе падпаліць будынак КДБ у Бабруйску. У справе праходзіў разам зь Яўгенам Васьковічам і Паўлам Сырамалотавым. Суд прызнаў яго вінаватым у злосным хуліганстве і пашкоджаньні маёмасьці ў асабліва буйным памеры і асудзіў на 7 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Адбываў пакараньне ў магілёўскай папраўчай калёніі № 15. Вызвалены праз амністыю.

Пратасеня Андрэй, праграміст (увязьнены 9.02.2011–1.09.2011)

Быў валянтэрам у выбарчай камандзе кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука. 19 сьнежня 2010 году браў удзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў. Затрыманы і абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 5 траўня 2011 году судзьдзя Кастрычніцкага раённага суду Менску Ала Булаш пакарала яго 3 гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакараньне ў бабруйскай калёніі № 2. Вызвалены праз памілаваньне.

Радзіна Натальля, журналістка, палітычная актывістка (увязьненая 20.12.2010–28.01.2011)

Яе неаднаразова арыштоўвалі і зьбівалі падчас асьвятленьня апазыцыйных акцыяў. Затрымалі ў ноч з 19 на 20 сьнежня 2010 году пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў. Трымалі ў сьледчым ізалятары КДБ. Абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх. 28 студзеня 2011 году вызвалілі з падпіскай аб нявыезьдзе і накіравалі ў Кобрынь, на месца яе рэгістрацыі. 30 сакавіка выехала з Кобрыні, каб зьявіцца на допыт у Менск, але замест гэтага ўцякла зь Беларусі. Чатыры месяцы правяла ў Расеі, пасьля чаго ў жніўні зьехала ў Літву, дзе атрымала палітычны прытулак, потым пераехала ў Польшчу. 23 жніўня 2011 году крымінальную справу супраць яе спынілі ў сувязі з адсутнасьцю складу злачынства.

Рубцоў Юры, грамадзкі актывіст (увязьнены 6.10.2014–23.08.2015)

Асуджаны на два гады пазбаўленьня волі ў калёніі за «ўхіленьне ад пакараньня». Раней яго каралі абмежаваньнем волі на паўтара года нібыта за абразу менскага судзьдзі Кірыла Палулеха. На «хіміі» ў Купліне Пружанскага раёну Рубцоў згаджаўся працаваць толькі пры ўмове атрыманьня абвешчанага сярэдняга заробку ў краіне ў памеры 500 даляраў. Перасьлед гомельскага актывіста пачаўся яшчэ ў 2013 годзе, калі ён прыяжджаў у Менск на акцыі апазыцыі ў майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь». Некалькі разоў Рубцова саджалі ў ізалятар. Актывіст абвяшчаў галадаваньні і абскарджваў судовыя рашэньні. Адбываў пакараньне ў бабруйскай папраўчай калёніі. Вызвалены праз памілаваньне. Папрасіў палітычнага прытулку ў Нямеччыне.

Віталь Рымашэўскі, палітык (увязьнены 19.01.2010–1.01.2011)

Кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010 году. 19 сьнежня падчас акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў зьбіты спэцназам. Затрыманы падчас разгону акцыі, зьмешчаны ў СІЗА КДБ, абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх. Выпушчаны ў ноч на 1 студзеня 2011 году з падпіскай аб нявыезьдзе, пасьля таго як напісаў тлумачальную запіску на імя А. Лукашэнкі. 30 сакавіка абвінавачаньне перафармулявалі на арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх. 20 траўня судзьдзя Фрунзэнскага раёну Менску Жанна Жукоўская прысудзіла яму 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна.

Сакрэт Яўген, грамадзкі актывіст (увязьнены 19.12.2010–13.08.2011)

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году быў сябрам ініцыятыўнай групы Андрэя Саньнікава. Затрыманы 19 сьнежня пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў, адбыў 10-дзённы арышт. Паўторна затрымалі яго 18 студзеня 2011 году. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 12 траўня судзьдзя Маскоўскага раённага суду Менску Алена Шылько асудзіла яго на 3 гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму. Адбываў пакараньне ў магілёўскай калёніі № 15. Вызвалены праз памілаваньне.

Саньнікаў Андрэй, дыплямат, палітык (увязьнены 19.12.2010–14.04.2012)

Кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году. Арыштаваны 19 сьнежня 2010 году пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і зьмешчаны ў сьледчы ізалятар КДБ. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў. 13 траўня 2011 году судзьдзя Партызанскага раённага суду Менску Натальля Чацьвярткова асудзіла Саньнікава на 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакараньне ў наваполацкай калёніі № 10, бабруйскай калёніі № 2, калёніі «Віцьба-3». Вызвалены праз памілаваньне пад ціскам санкцыяў ЭЗ і ЗША.

Севярынец Павал, палітык, пісьменьнік (увязьнены 20.12.2010–19.10.2013)

Шмат разоў быў затрыманы, арыштаваны, штрафаваны за актыўны ўдзел і арганізацыю акцый пратэсту. У 2005 годзе абвінавачаны ў арганізацыі акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 году і асуджаны на тры гады абмежаваньня волі, з улікам амністыі тэрмін быў скарочаны да двух гадоў. Адбываў пакараньне ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёну. У 2007 годзе суд прыняў рашэньне пра ўмоўна-датэрміновае вызваленьне Севярынца. У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году быў у штабе кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага. Арыштаваны пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 20 сьнежня 2010 году і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх, пазьней справу перакваліфікавалі: арганізацыя і рыхтаваньне дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. 16 траўня 2011 году судзьдзя Заводзкага раённага суду Менску Жанна Брысіна асудзіла яго на 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу — гэтак званай «хіміі». Адбываў пакараньне ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну. Цалкам адбыў тэрмін пакараньня.

Статкевіч Мікола, палітык (увязьнены 19.12.2010–22.08.2015)

У 2005 годзе быў асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю ў 2004 годзе вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін быў скарочаны на год. Кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году. Затрыманы 19 сьнежня 2010 году пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх. 26 траўня 2011 году судзьдзя Ленінскага раённага суду Менску Людміла Грачова асудзіла яго на шэсьць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакараньне ў магілёўскай «крытай турме» і шклоўскай калёніі № 17. Вызвалены праз памілаваньне.

Сырамалотаў Павал, актывіст (увязьнены 17.01.2011–27.09.2012)

Арыштаваны па падазрэньні ў спробе падпаліць будынак КДБ у Бабруйску. У справе праходзіў разам зь Яўгенам Васьковічам і Арцёмам Пракапенкам. Суд прызнаў яго вінаватым у злосным хуліганстве і пашкоджаньні маёмасьці ў асабліва буйным памеры і асудзіў на 7 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Адбываў пакараньне ў калёніі № 19 у Магілёве. Вызвалены праз памілаваньне.

Федаркевіч Алег, грамадзкі актывіст (увязьнены 19.12.2010–14.09.2011)

У сярэдзіне 90-х стаў сябрам Партыі БНФ, браў удзел у выбарчых кампаніях, мітынгах, масавых акцыях. Арыштаваны пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 году. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 12 траўня 2011 году судзьдзя Маскоўскага раённага суду Менску Алена Шылько асудзіла яго на 3,5 года зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму. Адбываў пакараньне ў магілёўскай калёніі № 19. Вызвалены праз памілаваньне.

Францкевіч Аляксандар, грамадзкі актывіст (увязьнены 3.09.2010–3.09.2013)

24 траўня 2011 году асуджаны Заводзкім судом Менску на 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі ў тым, што здымаў на відэа напад на апорны пункт міліцыі ў Салігорску. Гэта была акцыя пратэсту супраць дзеяньняў, якія давялі да самагубства праваабаронцу Яну Палякову. Таксама яго вінавацілі ў нападах на будынкі прафсаюзаў і Генэральнага штабу ў Менску. Адбываў прысуд у івацэвіцкай калёніі «Ваўчыныя норы». Цалкам адбыў тэрмін пакраньня.

Фядута Аляксандар, палітоляг, літаратуразнаўца (увязьнены 20.12.2010–8.04.2011)

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году працаваў у штабе кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Быў арыштаваны 20 сьнежня 2010 году ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, пазьней — у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзеле ў іх. 8 красавіка 2011 году адпушчаны з падпіскай аб нявыезьдзе. 20 траўня судзьдзя Фрунзэнскага раённага суду Менску Жанна Жукоўская асудзіла яго на 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам 2 гады.

Халіп Ірына, журналістка (19.12.2010–16.05.2011)

У дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году яе затрымалі па дарозе з плошчы Незалежнасьці і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Абвінавацілі ва ўдзеле і арганізацыі масавых беспарадкаў, пазьней — у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзеле ў іх. Жонка экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава; падчас яе ўвязьненьня ў СІЗА КДБ улады спрабавалі забраць зь сям’і трохгадовага сына. 29 студзеня 2011 году меру стрыманьня зьмянілі на падпіску аб нявыезьдзе з хатнім арыштам. 16 траўня 2011 году судзьдзя Заводзкага раённага суду Менску Жанна Брысіна асудзіла яе на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай пакараньня на 2 гады.

Хамічэнка Ўладзімер (увязьнены 19.12.2010–11.08.2011)

Арыштаваны пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 году. Асуджаны на 15 содняў арышту. Пасьля яго адбыцьця пераведзены пад варту ў СІЗА на вул. Валадарскага ў Менску і абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. 5 траўня 2011 году судзьдзя Кастрычніцкага раёну Менску Ала Булаш асудзіла яго на 3 гады зьняволеньня. Тэрмін адбываў у калёніі № 19 каля Магілёву. Вызвалены праз памілаваньне.

Яроменак Уладзімер, палітычны актывіст (увязьнены 20.12.2010–13.08.2011)

Асуджаны на адміністрацыйны арышт пасьля акцыі салідарнасьці з затрыманымі 19 сьнежня, што праходзіла на другі дзень пасьля разгону Плошчы, 20 сьнежня 2010 году. Адседзеў у турме ў Жодзіне 15 дзён. Пасьля допыту ў КДБ зьмешчаны ў турму на завулку Акрэсьціна для адбыцьця 7-дзённага арышту ўжо за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх. 13 траўня 2011 году судзьдзя Партызанскага раённага суду Менску Натальля Чацьвярткова асудзіла Яроменка на 3 гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакараньне ў віцебскай калёніі «Віцьба-3». Вызвалены праз памілаваньне.

«Справа патрыётаў» ці «Белага легіёну»

Крымінальная справа аб стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня была распачатая пасьля таго, як 21 сакавіка 2017 году Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў», якія «трэнаваліся ў лягерах са зброяй». Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 31 затрыманага. Гэта былыя актывісты спартова-патрыятычнага клюбу «Белы легіён» (арганізацыя спыніла дзейнасьць больш за 15 гадоў таму), афіцыйна зарэгістраванага клюбу «Патрыёт» і «Маладога фронту», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада). 30 лістапада 2017 году ўлады паведамілі пра спыненьне справы. Беларускія праваабаронцы прызналі затрыманьне і перасьлед палітычна матываванымі. У справе праходзілі:

  • Абрамаў Аляксей— 101 дзень за кратамі
  • Бяляўскі Андрэй — 67 дзён за кратамі
  • Борстак Сяргей — 10 дзён за кратамі
  • Васільеў Раман — 10 дзён за кратамі
  • Громаў Сяргей
  • Грэк Ільля — 11 дзён за кратамі
  • Гурын Юры — 10 дзён за кратамі
  • Дашкевіч Зьміцер — 11 дзён за кратамі
  • Данілаў Віктар — 100 дзён за кратамі
  • Дукшт Вячаслаў — 11 дзён за кратамі
  • Дундукоў Андрэй — 101 дзень за кратамі
  • Зімніцкі Аляксандар — 99 дзён за кратамі
  • Кавальчук Іван — 101 дзень за кратамі
  • Комлік-Ямацін Андрэй — 101 дзень за кратамі
  • Крамянецкі Дзьмітры — 10 дзён за кратамі
  • Кулініч Сяргей — 41 дзень за кратамі
  • Кунцэвіч Сяргей — 90 дзён за кратамі
  • Лазоўскі Міраслаў — 102 дні за кратамі
  • Леўчанка Арцём — 11 дзён за кратамі
  • Мароз Віктар — 90 дзён за кратамі
  • Міхалькоў Мікалай — 56 дзён за кратамі
  • Міхалькоў Ян — 39 дзён за кратамі
  • Новік Дзьмітры — 101 дзень за кратамі
  • Паўтаржыцкі Яўген — 62 дні за кратамі
  • Пальчэўскі Сяргей — 20 дзён за кратамі
  • Пашкевіч Цімур — 11 дзён за кратамі
  • Румянцаў Уладзімер — 100 дзён за кратамі
  • Саскевіч Аляксей
  • Стрыбульскі Сяргей — 99 дзён за кратамі
  • Сьцяпанаў Максім — 10 дзён за кратамі
  • Фёдараў Уладзімер — 99 дзён за кратамі
  • Яроменак Уладзімер — 11 дзён за кратамі
  • Яўдаха Аляксандар — 100 дзён за кратамі

Падрабязная інфармацыя пра ўсіх фігурантаў – у спэцпраекце Свабоды Справа «Белага легіёну» — ад затрыманьняў да вызваленьняў


Пры складаньні сьпісу мы абапіраліся на кнігу з сэрыі «Бібліятэка Свабоды» «Адзін дзень палітвязьня: 2009–2011», на зьвесткі сайту беларускіх праваабаронцаў palitviazni.info, а таксама кансультаваліся з кіраўніком праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесем Бяляцкім.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства