viasna on patreon

ПЭН-цэнтр заклікае ўлады спыніць пераслед удзельнікаў пратэстаў

2019 2019-12-28T20:44:14+0300 2019-12-28T20:44:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/intrgracija-2019-12-07-30.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява была прынятая ў сувязі са шматлікімі прысудамі ўдзельнікам акцый у абарону незалежнасці за апошнія некалькі дзён.

Акцыя ў Мінску 7 снежня 2019 года.

Заява Рады Беларускага ПЭНа ў сувязі з пераследам удзельнікаў акцый у абарону незалежнасці Беларусі

Рада Беларускага ПЭН-цэнтра выказвае глыбокую занепакоенасць у сувязі з адміністрацыйным пераследам (арышты і штрафы) удзельнікаў мірных акцый у абарону Незалежнасці Беларусі.

7-8 і 20-21 снежня 2019 года ў Беларусі адбыліся масавыя акцыі ў абарону суверэнітэту Беларусі.

На працягу апошніх двух тыдняў мы з’яўляліся сведкамі разгорнутай кампаніі па прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці ўдзельнікаў мірных сходаў.

26-27 снежня ў Беларусі пракацілася хваля затрыманняў удзельнікаў мірных акцый.

Затрыманых судзілі паводле артыкула 23.34 КаАП – удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, суды выносілі рашэнні - штрафы і адміністрацыйныя арышты (ад 5 да 10 сутак).

Павел Севярынец, грамадскі дзеяч і пісьменнік, асуджаны на 15 сутак і аштрафаваны на 50 базавых велічынь (1275 рублёў).

На 30 снежня прызначаныя суды над сябрамі Беларускага ПЭН-цэнтра – пісьменнікамі Уладзімірам Някляевым і Уладзімірам Арловым.

Складзены пратакол на ганаровага старшыню Беларускага ПЭН-цэнтра, перакладчыка, рэдактара, мовазнаўцу Лявона Баршчэўскага.   Рада Беларускага ПЭН-цэнтра выступае супраць парушэння права на свабоду выказвання, бо суды адбываюцца ў тым ліку і за інфармаванне грамадскасці пра акцыі ў сацыяльных сетках.   Так, у адносінах да Аляксея Прохарава (Віцебск), складзены пратакол па частцы 1 артыкула 23.34 КаАП (за заклікі ў інтэрнэце да ўдзелу ў “жывым ланцугу”). Суд Віцебскага раёна вынес рашэнне – 5 базавых велічынь штрафу (127,5 рублёў). У Гомелі блогера Сяргея Ціханоўскага (Youtube-канал «Страна для жизни») арыштавалі на 15 сутак за ўдзел у несанкцыяванай акцыі па артыкулу 23.34 КаАП.​ У Мінску затрымалі блогера Уладзіміра Цыгановіча (MozgON).   Рада Беларускага ПЭН-цэнтра нагадвае, што суверэнітэт Беларусі з’яўляецца канстытуцыйным падмуркам Рэспублікі Беларусь, выказвае падтрымку ўдзельнікам мірных акцый, а таксама заклікае ўлады Беларусі ўстрымацца ад неправавых рашэнняў і прывесці практыку правапрымянення ў адносінах мірных сходаў і свабоды выказвання меркаванняў у адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства