Пачаўся пераслед удзельнікаў акцыі за незалежнасьць у Лідзе
На аднаго з удзельнікаў акцыі ў падтрымку незалежнасці, якая на выходных прайшла ў Лідзе, склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэння. Таксама шукаюць іншых удзельнікаў, у школьных чатах рассылаюць папярэджванні, піша "Радыё Свабода".
Як расказаў адзін з удзельнікаў акцыі Ілля Шаблінскі, 24 снежня яму пазванілі з міліцыі і запрасілі на гутарку. У РАУС на яго склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (артыкул 23.34 КаАП). Пыталіся імёны арганізатараў і іншых мітынгоўцаў за незалежнасць.
Ілля патлумачыў, што нікога больш не ведае. Тады ў яго забралі тэлефон на праверку. Неўзабаве над ім маецца адбыцца суд.
У сеціве з'явілася інфармацыя, што ў выходныя 28-29 снежня ў Лідзе можа зноў прайсці мітынг супраць інтэграцыі з Расіяй. Актывістка руху «За свабоду» Вольга Быкоўская расказала, што навучэнцаў лідскай гімназіі пачалі папярэджваць у школьным чаце, што ў іх могуць быць праблемы, калі тыя пойдуць на недазволеную акцыю.
«Ёсць звесткі ад уладаў, што навучэнцы гімназіі восьмых класаў і старэйшыя абмяркоўваюць пытанні інтэграцыі з Расіяй (у апазыцыйным плане) і нехта з нашых быў на несанкцыянаваным мітынгу 22 снежня. Сёння [25 снежня] а 18.00 зноў плануецца мітынг каля елкі. Калі дзеці там будуць, сапсуюць сабе біяграфію 100%», — гаворыцца ў паведамленні настаўніцы да дзяцей.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96