Віцяблянін атрымаў рашэнне КПЧ і паспрабаваў спагнаць з Мінфіну 2300 рублёў
Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў, што дзяржава парушыла правы віцябляніна Міхаіла Жураўлёва на свабоду выказвання свайго меркавання, калі ў 2012 годзе актывіста аштрафавалі за распаўсюд газэты «Віцебскі Кур’ер». Абапіраючыся на рашэнне КПЧ ААН, Жураўлёў паспрабаваў праз суд спагнаць з Мінфіну РБ 2300 рублёў маральнай шкоды. Пра гэта паведамляе "Віцебская Вясна".
Што адбылося сем гадоў таму?
У 2012 годзе, Міхаіл Жураўлёў быў затрыманы міліцыянтамі, калі раскладваў асобнікі газеты «Віцебскі кур'ер» у паштовыя скрыні аднаго з дамоў на праспекце Перамогі. У актывіста канфіскавалі 241 газету.
22 кастрычніка суддзя суду Першамайскага раёну Віцебску Наталля Карабліна прызнала пенсіянера вінаватым у парушэнні заканадаўства аб СМІ (ч.2 арт. 22.9 КаАП) і пакарала штрафам у памеры 2,5 млн. рублёў (на той момант – каля 300 даляраў).
Міхаіл Жураўлёў абскардзіў рашэнне ў Віцебскім абласным і Вярхоўным судах, але безвынікова. Выкарыстаўшы ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны, звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН.
Камітэт стаў на бок заяўніка і палічыў, што яго правы былі сапраўды парушаныя дзяржавай у частцы артыкула 19 (Права на свабоду выказвання) Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Паводле высноваў КПЧ, «дзяржава абавязаная зрабіць адпаведныя крокі да таго, каб пакрыць цяперашні памер штрафу і любыя судовыя выдаткі, панесеныя ў сувязі з разглядамі». Падкрэслівалася, што «дзяржава мае абавязак зрабіць усе неабходныя крокі для таго, каб не дапускаць паўтору такіх парушэнняў у будучыні».
Чаму вырашыў цяпер звярнуцца ў суд?
Маючы падставай рашэнне Камітэту па правах чалавека, Жураўлёў звярнуўся з пазоўнай заявай у суд Першамайскага раёну Віцебску з просьбай спагнаць з Міністэрства фінансаў 2301 рубель 50 капеек у якасці кампэнсацыі матэрыяльнай і маральнай шкоды. Адказчыкамі выступілі Мінфін, Вярхоўны і Віцебскі абласны суды, пракуратура вобласці, а таксама суд Першамайскага раёну.
У заяве віцебскі пенсіянер звяртаў увагу на тое, што «правапарушэнняў не ўчыняў, толькі рэалізоўваў сваё права, гарантаванае арт. 19 Пакту».
13 лістапада 2019 году суд Кастрычніцкага раёну Віцебску, куды заяву перанакіравалі з Першамайскага суду (бо быў адказчыкам), вынес сваё вызначэнне. Суддзя Лешчанка прыняла рашэнне спыніць справаводства па пазове – «з прычыны яго непадведамнасці».
Пасля гэтага Міхаіл Жураўлёў падаў прыватную скаргу на такое рашэнне ў Віцебскі абласны суд. Судовы разгляд адбыўся 23 снежня. У якасці прадстаўніка грамадскасці на паседжанні выступіў праваабаронца БХК Павал Левінаў. Ён звярнуў увагу, што абласны суд, з'яўляючыся адным з адказчыкаў, сам разглядае скаргу.
«Ці не лепш было б, каб яе разглядаў суд іншай вобласці? А так атрымліваецца, што Віцебскі абласны суд разглядае скаргу на самога сябе. Якое рашэнне ён можа ў такім разе вынесці?..» – задаў рытарычнае пытанне праваабаронца.
Суддзя Віцебскага абласнога суду Марына Вострыкава выслухала довады Міхаіла Жураўлёва і пастанавіла пакінуць вызначэнне суду Кастрычніцкага раёна Віцебску ў сіле, а скаргу – без задавальнення.