«Бобруйский курьер» будуць судзіць за матэрыял з выбарчага ўчастку
Як піша "Беларуская асацыяцыя журналістаў", позву ў суд падала сакратарка Бабруйскай участковай выбарчай камісіі № 22 Бабруйска-Ленінскай выбарчай акругі № 78 Юлія Фурман. Яна сцвярджае, што газета схлусіла пра тое, што адбывалася ў адзін з дзён датэрміновага галасавання на выбарчым участку № 22 Бабруйска. Судовае пасяджэнне прызначана на 27 снежня ў 9.30 у судзе Бабруйскага раёна і Бабруйска.
«Дастаткова было дакрануцца да іх, і яны адчыняліся»
15 лістапада на сайце «Бобруйского курьера» з’явіўся матэрыял «Сакратар участковай выбарчай камісіі зачынілася ад назіральнікаў са скрыняй для галасавання ў сваім кабінеце». (Паводле назіральнікаў, у скрыні была шчыліна памерам у 2-3 см, і гэта бачна на фота.) Падзеі, якія апісваліся ў матэрыяле, адбываліся напярэдадні, 14 лістапада.
«Скрыня нікуды не выносіцца. Яна застаецца ў працоўным кабінеце сакратара. Яна зачынілася ў гэтым памяшканні і не хоча адчыняць яго. Сакратарка катэгарычна адмаўлялася адтуль выходзіць», — прыводзяцца ў матэрыяле словы відавочцы пра тое, што адбывалася на ўчастку.
Сакратарка Бабруйскай участковай выбарчай камісіі № 22 Юлія Фурман, пра якую ішла гаворка ў матэрыяле, накіравала на адрас «Бобруйского курьера» зварот, у якім указала, што «матэрыял не адпавядае рэчаіснасці». І запатрабавала сабе 5000 рублёў за маральную шкоду.
«Дадзены артыкул апублікаваны толькі на падставе інфармацыі, прадстаўленай даверанай асобай Комара А. І. Смірновай Г. Іншых доказаў, якія б пацвярджалі дакладнасць дадзенай інфармацыі, выдавецтва газеты не прадставіла. Апублікаваўшы гэтую інфармацыю, рэдактар газеты нават не паспрабаваў праверыць яе на адпаведнасць рэчаіснасці», — напісала ў сваім лісце спадарыня Фурман.
Аляксандр Комар балатаваўся ў дэпутаты якраз па 78-й акрузе. (Нагадаем, ягоную выбарчую праграму адмовілася друкаваць дзяржаўная газета “Бабруйскае жыццё”, а ўлёткі — бабруйская друкарня.) Галіна Смірнова — ягоная давераная асоба. На наступны дзень пасля публікацыі, 16 лістапада, Комар быў зняты з выбараў нібыта за парушэнне выбарчага заканадаўства. Смірнову пазбавалі акрэдытацыі як даверанай асобы Комара.
Спадарыня Фурман у сваім лісце ў рэдакцыю сцвярджала, што дзверы ў кабінет, дзе яна знаходзілася адна разам са скрыняй для датэрміновага галасавання падчас двухгадзіннага перапынку на абед, яна не зачыняла: «Дзверы ў кабінет, як указана ў артыкуле, мной не зачыняліся, дастаткова было дакрануцца да іх, і яны адчыняліся».
Каб зафіксаваць факт парушэння ў той дзень, назіральнікі адразу паклікалі дзяжурнага супрацоўніка міліцыі, які адмовіўся разбірацца з парушэннем выбарчага заканадаўства, прапанаваўшы назіральнікам і давераным асобам кандыдата звярнуцца ў камісію. Ён толькі пацвердзіў, што менавіта грамадскі парадак тут не парушаецца. На гэтай падставе сакратарка цяпер сцвярджае, што міліцыянт не меў да яе ніякіх прэтэнзій.
«Расцэньваю позву як спробу ціску на незалежных журналістаў»
Сакратарка камісіі патрабавала ў сваім звароце, каб «Бобруйский курьер» апублікаваў абвяржэнне матэрыялу альбо прадставіў доказы «ўсяго таго, што апісана ў артыкуле».
Галіна Смірнова і назіральнікі настойваюць на тым, што падчас перапынку, з 14.00 да 16.00, сакратарка Юлія Фурман засталася ў кабінеце адна са скрыняй для галасавання, а ў нейкі момант увогуле зачыніла дзверы. (Тое, што дзверы былі зачыненыя, фактычна пацвярджае ў сваім лісце ў «Бобруйский курьер» і сама ісціца). Назіральніца Ала Шпакава падала скаргу на дзеянні сакратаркі ў акруговую камісію. У якасці сведкаў, якія могуць пацвердзіць факты, выкладзеныя ў скарзе, падпісаліся яшчэ адзін назіральнік і дзве давераныя асобы кандыдата ў дэпутаты Аляксандра Комара.
Галоўны рэдактар «Бобруйского курьера» Анатоль Санаценка сцвярджае, што газета не парушыла заканадаўства. Артыкул быў заснаваны на паказаннях сведкаў, відавочцаў, якім не верыць няма падставы, тым больш, што яны зафіксавалі факт правапарушэння ў прысутнасці супрацоўніка міліцыі адразу на выбарчым участку.
«У матэрыяле, пра які вядзецца, апісваліся толькі падзеі і выкладаліся толькі факты, сведкамі якіх былі назіральнікі і давераныя асобы кандыдата ў дэпутаты. Дзелавыя, прафесійныя якасці спадарыні Фурман не абмяркоўваліся і не аспрэчваліся, яе гонар як грамадзянкі — не прымяншаўся. Ніякіх публічных зняваг не было, — распавядае пра сітуацыію Анатоль Санаценка. — Таму прававая падстава для пазоўных патрабаванняў адсутнічае. Сцвярджэнне, што інфармацыя нібыта сфабрыкаваная, не пацвярджаецца аб’ектыўнымі звесткамі».
«Ні Выбарчы кодэкс, ні метадычны дапаможнік для ўчастковых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання, распрацаваны Цэнтрвыбаркамам, не прадугледжваюць якіх-небудзь самастойных дзеянняў ці аховы скрыні для датэрміновага галасавання сакратаром участковай камісіі па выбарах. Гэта не ўваходзіць у яго функцыі, — зазначае Анатоль Санаценка. — Расцэньваю гэтую позву як спробу ціску на незалежных журналістаў, як прымус да цэнзуры, у тым ліку на будучых прэзідэнцкіх выбарах».