viasna on patreon

Жыхары Якімавай Слабады накіроўваюць калектыўную скаргу ў абласны суд

2019 2019-12-16T07:25:45+0300 2019-12-16T07:25:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zavod1_svetlagorsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Завод беленай цэлюлозы ў Светлагорску. Фота з сайта greenbelarus.info

Завод беленай цэлюлозы ў Светлагорску. Фота з сайта greenbelarus.info

Актывісты з вёскі пад Светлагорскам, якая найбольш церпіць ад шкодных выкідаў метылмеркаптану з пабудаванага кітайскай карпарацыяй САМСЕ ў 2017 годзе завода беленай цэлюлозы, пачалі збор подпісаў пад скаргай ў абласны суд на перашкоду ў ажыццяўленні права на правасудзе па справе супраць Светлагорскага ЦКК і кітайскай карпарацыі САМСЕ.

Па інфармацыі “Палескай вясны”, жыхары Якімавай Слабады вылучаюць патрабаванне аб выплаце маральнай кампенсацыі з нагоды таго, што на ЗБЦ з лістапада 2017 года пачаліся пуска-наладачныя работы, пры гэтым наваколле пачало накрываць моцным смуродам смярдзючага газу – метылмеркаптану, які належыць да другога класу небяспекі.  

Да гэтага часу ЗБЦ афіцыйна не ўведзены ў эксплуатацыю. Працуе без прыродаахоўнага дазволу. Завод не мае станоўчага экалагічнага заключэння на дзейнасць крыніцы з павышанай ступенню небяспекі. Нягледзячы на запэўніванні ўладаў, дасюль не вядуцца і самастойныя вымярэнні небяспечных выкідаў (метылмеркаптана) структурамі Мінздароўя і Мінпрыроды.

Будаўніцтва завода беленай цэлюлозы. Фота: greenbelarus.info

Як нядаўна стала вядома, пры ўсім гэтым, ЗБЦ нарошчвае вытворчыя магутнасці. Пра гэта, паводле інфармацыі сайта канцэрна «Беллеспаперапрам», кіраўнікі канцэрна і СЦКК заявілі на міжнароднай канферэнцыі вытворцаў цэлюлозы і паперы, якая праходзіла ў пачатку снежня ў Вене.

«Завод выйшаў на ўстойлівы рэжым працы і паступова нарошчвае аб'ёмы выпуску прадукцыі. За 11 месяцаў гэтага года выпушчана больш за 125 тыс. тон цэлюлозы. У цэлым у 2019 годзе плануецца вырабіць каля 150 тыс. тон цэлюлозы», – паведамляе ведамаснае СМІ.

Пры гэтым кіраўнікі ведамства і камбіната не паведамілі сваім еўрапейскім калегам пра тое, што завод ні дня яшчэ не працаваў законна. Жыхары Светлагорска і Якімавай Слабады ўпэўненыя, што ў гэтым выпадку праца завода і  выпуск прадукцыі з парушэннем экалагічных законаў і міжнародных пагадненняў не павінны заставацца беспакаранымі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства